Перайсьці да зьместу

Куліч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Куліч
Кулічы з глазурай, мігдаламі, каляровай пасыпкай і цукатамі (2017 год)
Кулічы з глазурай, мігдаламі, каляровай пасыпкай і цукатамі (2017 год)
Іншыя назвывелікодны куліч
Тыпхлеб
Нацыянальная страваармянская, баўгарская, беларуская, грузінская, македонская, малдоўская, расейская, румынская, сэрбская, украінская
Паходжаньне
РэгіёнБалканы, Каўказ, Усходняя Эўропа
Дата зьяўленьняI стагодзьдзе
Час прыгатаваньня4 гадзіны
Асноўны складнікмука
Распаўсюджаныя складнікімалако, масла, яйкі, ванілін і дрожджы
Энэргетычная каштоўнасьць (у 100 г)278 ккал (1164 кДж)
Харчовая каштоўнасьць (у 100 г)
Падобныя стравывелікодная бабка, паска

Кулі́ч (грэц. κόλλιξ — кругляк) — сьвяточны акруглы хлеб, які падаюць на Вялікдзень.

Для прыгатаваньня велікоднага[2] куліча на 4 кг мукі найвышэйшага гатунку патрабуецца 10—15 яек, 2 літры малака, 800 грамаў цукру, 350 грамаў чайнага масла (невялікай тлустасьці), 10 грамаў ваніліну і 1 шклянка дражджэй[3].

Кулічы з глазурай, макам і каляровай пасыпкай (2007 год)

Муку варта двойчы прасеяць празь сіта. Затым малако саграюць амаль да кіпеньня. Памешваючы, усыпаюць у яго 2 шклянкі мукі і 1 шклянку сьвежых дражджэй. Рошчыну пакідаюць сьпець пад ручніком на гадзіну. Як рошчына падымецца, замешваюць цеста і дадаюць астатнюю муку, 10 узьбітых бялкоў, 5 цэлых яек, растопленае масла, цукар і ванілін. Таксама можна дадаць карыцу, мак, мігдалы, разынкі і цукаты. Цеста месяць каля гадзіны сухімі рукамі да тугасьці, пакуль не перастане прыліпаць да стала. Гатовае цеста раскладаюць па змазаных маслам формах. Іх дно і сьценкі пракладаюць пякарскай паперай. Формы запаўняюць цестам на 1/3, пасьля чаго пакідаюць пастаяць яшчэ гадзіну перад выпяканьнем, каб куліч вырас. Пры афармленьні кулічоў зьверху выкладаюць зь цеста кветкі, каласкі і птушак, а на галоўны куліч — крыж. Перад выпечкай кулічы змазваюць яечным бялком, каб атрымалася залацістая скарынка. Духоўку даводзяць да +220°C, пасьля чаго кулічы выпякаюць 35—40 хвілінаў. Калі залішне румяніцца ніз, на дно духоўкі ставяць міску з вадой. Калі верх — кулічы накрываюць змочанай у вадзе пякарскай паперай. Гатоўнасьць правяраюць драўлянай палачкай. Гатовы куліч зьверху прысыпаюць кменам, макам, глазурай з цукру або каляровай пасыпкай[3].