Армянская кухня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Лаваш

Армя́нская ку́хня — нацыянальная кухня армянскага народу. Для яе характэрны вастрыня і пікантнасьць страваў, ужываньне вялікай колькасьці солі і высокая канцэнтрацыя супаў. Вялікае ўжываньне солі спэцыялісты тлумачаць кліматычнымі ўмовамі.

Адна з закусак — армянская каўбаса суджук — утрымлівае часнык, перац, карыцу і іншыя вострыя прыправы, дзякуючы якім каўбаса набывае характэрны пах і густ.

Зь мясных прадуктаў перавага аддаецца ялавічыне і бараніне, сьвініна выкарыстоўваецца рэдка. Высока цэніцца рыба. Папулярная толма (галубцы) — загорнутае ў вінаграднае лісьце начыньне зь мяснога фаршу, рысу і зеляніны. Традыцыйная страва — шашлык, а найбольш любімая — кюфта, пругкія мясныя шарыкі, якія зьяўляюцца адным з кампанэнтаў у супы.

Для прыгатаваньня розных страў шырока выкарыстоўваюць муку і крупы. З мукі гатуюць своеасаблівы від локшыны — арышту, з пшанічнай мукі — кашу зь мясам курыцы — арысу. Папулярныя пловы з рысу.

На кожным стале Армэніі ганаровае месца займае нацыянальны хлеб — лаваш, які ўяўляе сабой тонкія аладкі, выпечаныя на сьценках тандыра — круглай глінянай печы. У многіх раёнах рэспублікі захаваўся старажытны звычай выпякаць восеньню лаваш пра запас на некалькі месяцаў. Яго высушваюць, складаюць стосікам і ў такім выглядзе захоўваюць. Сухі лаваш увільгатняюць вадой, хаваюць на паўгадзіны пад ручніком, і ён зноў робіцца мяккім.

У Армэніі любяць печыва: найбольш папулярныя гата — круглая салодкая аладка з падрумяненай мучной начынкай і пухлава — з арэхавай начынкай. Не застаюцца па-за ўвагай і іншыя прысмакі.

У харчаваньні часта выкарыстоўваюць фасолю, рыс, гарох.

Сярод малочна-кіслых напояў папулярны мацун, прыгатаваны з каровінага, авечага малака або малака буйваліцы. Разьведзены вадой мацун добра асьвяжае ў гарачы дзень.

У якасьці салодкай стравы шырока ўжываюць алані — высушаныя персікі, начыненыя замест выдаленай костачкі арэхавай дробкай з цукровым пяском.

Істотнае месца ў харчаваньні займаюць розная садавіна: грушы, яблыкі, вінаград, сьлівы, абрыкосы, кізіл, дыні, кавуны і інш.

Зь вінаграднага соку рыхтуюць дашаб — духмяны сіроп цёмна-вішнёвага колеру, які мае лекавыя ўласьцівасьці.

Армяне прытрымліваюцца наступнага рэжыму харчаваньня: лёгкі сьняданак, лёгкі абед і калярыйная вячэра (50—60% дзённага рацыёну).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Культура питания: Энцикл. справ. — 2-е изд. Беларус. Энцыкл.; Под ред. И. А. Чаховского; Рэдкол.: Е. В. Малашевич и др. — Мн.: БелЭн, 1993. — 541 с.: ил.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Армянская кухнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў