Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў (Магілёў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 21:19, 18 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя, пач. XX ст.

Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіюм езуітаў — рымска-каталіцкі кляштарны і адукацыйны комплекс у Магілёве. Дзейнічаў у 2-й палове XVII ст. — 1820 (1833) року. Займаў пляц каля Каралеўскай брамы ў Старым месьце (мясьціна вакол Тэатральнай Плошчы), абмежаваную вуліцамі Ветранай і Шклоўскай.

У склад комплексу ўваходзілі мураваныя касьцёл і калегіюм, за якімі ўздоўж Шклоўскай вуліцы разьмяшчаўся двор, абкружаны мураваным будынкам школы і гаспадарчымі збудаваньнямі[1]. У глыбіні двара знаходзіўся кляштарны сад.

Касьцёл і часткова[2] калегіюм зруйнавалі ў 1950-я рокі. У наш час замест аднаўленьня бажніцы зьявіўся праект будовы на месцы яе падмуркаў (якія захаваліся[3]) офіснага гмаху холдынгу «Сервалюкс»[4][5].

Гісторыя

Езуіцкі касьцёл (у цэнтры) на акварэлі Ю. Пешкі

У 1678[6][7][1] року (паводле іншых зьвестак — у 1673[2]) смаленскі канонік і магілёўскі пробашч Я. Здановіч заснаваў езуіцкую рэзыдэнцую, якая адкрылася ў 1680 року. З 1682 року пачала дзейнічаць найніжэйшая школа (у 17321738 для яе збудавалі мураванае памяшканьне)[2]. Каля 1684 року зьявілася музычная бурса і канвікт (інтэрнат), з канца XVII ст. дзейнічаў тэатар.

У 1684 року збудавалі мураваную капліцу Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, а ў 1686 року (паводле іншых зьвестак — у 1779[7]) пачалося ўзьвядзеньне мураванага калегіюму[6]. Імёны ягоных архітэктараў-езуітаў: Я. Алендзкі, прафэсар матэматыкі і архітэктуры В. Абранпольскі і інш.

Першы драўляны касьцёл пры рэзыдэнцыі збудавалі ў 1687 року (згарэў у 1708). У 1699 року распачалося будаваньне мураванага касьцёла Анёлаў-Ахоўнікаў, Сьвятога Тадэвуша і Сьвятога Францішка Ксавэрыя (кансэкрацыя сьвятыні адбылася ў 1725[6]). У 1720 року адкрылася аптэка[7], каля 1780 — музэй, дзе выстаўляліся выкапні, матылі, манэты, мэдалі, дзейнічалі фізычны і хімічны кабінэты. У 1799 року рэзыдэнцыю пераўтварылі ў калегіюм з 6 клясаў[2]. Станам на 1820 рок езуіцкая бібліятэка налічвала 5 тысяч кніжак[7]. Магілёўскім езуітам падпарадкоўваліся місіі ў Гомелі, Фашчаўцы, Хальчы, Чачэрску і іншыя. Калегіюму належалі маёнткі Бялянічы, Варатынічы, Галынец, Дабрасьневічы, Дубнікі, Куты, Параеўка, Паўлаўка, Турэц, Цёплае, Хронеў, Ямны і іншыя.[7]

Па скасаваньні ордэна езуітаў (1820) расейскія ўлады зачынілі калегіюм (будынак прыставалі пад вайскова-афіцэрскую школу), а па здушэньні вызвольнага паўстаньня — у 1833 року гвалтоўна перарабілі касьцёл на царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1848 року над дахам будынка ўзьвялі несапраўдны шматгранны барабан, які даволі ўдала паўтараў завершаньні вежаў і ўзбагачваў сылюэт сьвятыні[6].

Па Другой Сусьветнай вайне помнік архітэктуры зруйнавалі савецкія ўлады (існуе хібнае меркаваньне[7], што на ягоным месцы ў 1983 року збудавалі 9-павярховы жылы дом[5]).

Архітэктура

Дняпроўскі праспэкт: леваруч — касьцёл, пач. XX ст.

Касьцёл

Мураваны касьцёл зьяўляўся творам архітэктуры стылю барока і меў блізкую архітэктоніку да Менскага касьцёла езуітаў[6]. Гэта была 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсідай, да якой далучаліся трапэцападобныя ў пляне закрысьціі. Стылістыка галоўнага фасаду адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позьняга барока: ордэрная плястыка адначасова насычаная і строгая. Ён завяршаўся дзьвюма вежамі (1-ярусныя чацьверыкі[8]) з шмат’яруснымі барокавымі купаламі маляўнічага абрысу. Франтальны фасад дэкаравала ордэрная плястыка: слаёныя пілястры, выгнутыя гзымсы[7].

Меў цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі на падпружных арках[6]. Інтэр’ер упрыгожвалі карынфскія пілястры, сьцены і скляпеньні — размалёўка.

Калегіюм

Будынак калегіюму далучаўся да касьцёла тарцовай сьцяной і ўяўляў 2-павярховы прастакутны ў пляне аб’ём. Гладкія сьцены прарэзвалі прастакутныя аконныя праёмы.

У наш час на падмурках калегіюму стаіць будынак Магілёўскага музэя этнаграфіі. Унутраная сьцяна, якая выходзіць у двор музэю, зьяўляецца аўтэнтычнай сьцяной XVIII ст., колішняй часткаю езуіцкага калегіюму[5].

Крыніцы

  1. ^ а б Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 349.
  2. ^ а б в г Валерый Пазднякоў. Таццяна Чарняўская. Магілёўскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 250.
  3. ^ У Магілёве ТБМ дамагаецца аднаўлення езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя. Радыё Рацыя (13.10.2010). Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
  4. ^ На месцы касцёла Св. Францыска Ксаверыя будзе адміністрацыйны будынак?. Mahilou.org » Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў МагілёвеПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ а б в П. Левановіч, А. Дзьячкоў (15.10.2010) Няхай жыве касцёл у Магілёве!. Могилевский городской информационно-справочный порталПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ а б в г д е Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 156.
  7. ^ а б в г д е ё Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 434.
  8. ^ Тамара Габрусь. Наша «езуіцкае» барока // «Наша Вера» № 1 (15), 2001.

Літаратура