Перайсьці да зьместу

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 22:06, 2 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны, таксама вядомы як Фарны касьцёл — першы рымска-каталіцкі храм Менску, заснаваны ў 1390 року. Знаходзіўся на Траецкай гары, якая паводле адной з вэрсіяў атрымала сваю назву ад тытула сьвятыні.[1]

Апошні са збудаваных у розныя часы драўляных касьцёльных будынкаў згарэў у пач. XIX ст., мураваную плябанію зруйнавалі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Гісторыя

Згодна з паданьнем, касьцёл быў заснаваны ў 1390 року вялікім князем і каралём Ягайлам. Каля 1460 року касьцёлу быў перададзены ва ўладаньне фальварак Чурыловічы, які знаходзіўся на поўдзень ад места. Першы менскі каталіцкі храм згарэў разам зь местам у 1505 року, калі татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла Менск[1] (паводле іншых зьвестак касьцёл згарэў яшчэ 14 жніўня 1409 року[2]).

У 1508 року збудавалі новы касьцёл, ён быў асьвечаны пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. Сьвятыня знаходзілася на ўзгорку на левым узбярэжжы Сьвіслачы. Акрамя тытула Найсьвяцейшай Тройцы Менская фара ў архіўных дакумэнтах згадваецца і пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, а ў 1632 року — пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Міхала Арханёла.

Касьцёлу належала вялікая колькасьць пляцаў з пабудовамі, як на Траецкай гары, так і ў іншых частках места, а таксама карчма Плябанскі млын на рацэ Сьвіслач, сенажаці, лес і фальварак Чурылавічы (альбо Плябанец).

У 1709 року пры касьцёле Найсьв. Тройцы біскуп Канстанты Казімер Бжастоўскі зацьвердзіў брацтва Шчасьлівай сьмерці. У 1720 (або 1716) року ксёндз Караль Пётар Панцяжыцкі збудаваў апошні драўляны Фарны касьцёл.

14 жніўня 1809 року моцны пажар зьнішчыў будынак старажытнай Фары, аднак захаваліся плябанія і гаспадарчыя пабудовы. У 1814 року зьявіўся праект новай мураванай сьвятыні, арыентаванай галоўным фасадам на Траецкую вуліцу (Янкі Купалы). Аднак грошаў хапіла толькі на будаўніцтва плябаніі на рагу зь Вялікай Барысаўскай (Аляксандраўскай, Максіма Багдановіча) вуліцай.

З 1832 па 1840 рокі тытул Сьвята-Траецкага насіў касьцёл, які належаў да зачыненага дамініканскага кляштару і зрабіўся ў той час парафіяльным. Пасьля таго, як расейскія ўлады зачынілі і гэтую сьвятыню, набажэнствы перанесьлі ў могілкавую капліцу на Залатой Горцы, якая ў 1842 року была ўзьведзеная ў ранг парафіяльнага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы. У 1864 року новазбудаваны на месцы драўлянай капліцы мураваны нэагатычны касьцёл асьвяцілі пад старажытным тытулам.

Архітэктура

Паводле візытацыі і інвэнтароў 1632 і 1636 рокаў касьцёл быў драўляны на мураваным падмурку, крыжападобны ў пляне. Галоўны фасад сьвятыні выходзіў на Траецкі рынак.[3] Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. На хорах знаходзіўся арган.

Асобна стаяла званіца з 4 званамі. Побач разьмяшчаўся даволі вялікі будынак плябаніі, у якім месьціліся шпіталь, школа і касьцёльнае брацтва. Каля касьцёла знаходзіліся парафіяльныя могілкі. Тэрыторыю сьвятыні абкружала драўляная агароджа з брамамі.[3]

Храм, збудаваны ў пач. XVIII ст., стаяў на мураваным падмурку і меў выгляд «кавалерскага крыжа» («krzyża kawalerskiego») зь вялікім купалам у цэнтры, вакол якога разьмяшчаліся 4 невялікія капліцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзьве невялікія вежы з залачонымі жалезнымі крыжамі, аздобленымі мэталічнымі шарамі.

У цэнтры галоўнага алтара знаходзіўся абраз Сьвятой Тройцы, абапал якога стаялі залачоныя скульптуры сьвятых Пятра і Паўла. Апрача таго, інтэр’ер упрыгожвалі яшчэ чатыры драўляныя разныя алтары, два зь якіх стаялі ў капліцах. На хорах знаходзіўся арган, выраблены ў 1745 року.[4]

Побач з касьцёлам разьмяшчалася званіца з 3 званамі. На адлегласьці 50 крокаў ад касьцёла знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоваў — плябанія, парафіяльная школа, багадзельня і іншыя. Тэрыторыя плябанскага пляцу, разам з садам і парафіяльнымі могілкамі агароджваў драўляны плот з брамай.

Крыніцы

  1. ^ а б Аляксей Яроменка. Мінская Фара // «Наша вера», 2(44) / 2008
  2. ^ У. М. Дзянісаў. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 309
  3. ^ а б Уладзімір Дзянісаў. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 298
  4. ^ Уладзімір Дзянісаў. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 299

Літаратура

Вонкавыя спасылкі