Перайсьці да зьместу

Канстантын Казімер Бжастоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстанты Казімер Бжастоўскі»)
Канстантын Казімер Бжастоўскі
Канстантын Казімер Бжастоўскі
Канстантын Казімер Бжастоўскі

Герб «Стрэмя»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1644
Памёр 24 кастрычніка 1722
Пахаваны
Род Бжастоўскія
Бацькі Цыпрыян Павал Бжастоўскі
Барбара Раецкая[d]
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Канстанты́н Казіме́р Бжастоўскі (1644 — 24 кастрычніка 1722, Дуброўна) — дзяржаўны й рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, граф Сьвятога Стальцу. Канонік віленскі (ад 1661), катэдральны прапаведнік (ад 1664), сакратар духоўны вялікі літоўскі (1671—1684), біскуп смаленскі (1684—1687) і віленскі (ад 1687).

З шляхецкага роду Бжастоўскіх гербу «Стрэмя», сын Цыпрыяна Паўла. У 1665 годзе распачаў навучаньне ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара тэалёгіі (1669 год).

У 1689 годзе на сойме ў Варшаве яго моцна зьняважыў адзін з дэпутатаў, аплачаных Сапегамі. У тым самым годзе быў адным з судзьдзяў, якія вынесьлі сьмяротны вырак за атэізм сапегаўскаму жаўнеру Казімеру Лышчынскаму.

У 1692 годзе ўцягнуўся ў новы канфлікт з Сапегамі (прычына — разьмяшчэньне гетманам вялікім літоўскім Казімерам Янам Сапегам войска на зіму ў касьцельных маёнтках). Біскупа падтрымаў кароль і вялікі князь Ян Сабескі, які імкнуўся паменшыць уплыў Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім. 18 красавіка 1694 годзе ў Віленскай катэдры пракляў гетмана, што прычынілася да ўсплёску незадаволенасьці Сапегамі сярод шляхты. Супраць абвастрэньня канфлікту, які вёў да разгортваньня грамадзянскае вайны 1697—1702 гадоў паміж шляхтай і Сапегамі, выступіў Папа Рымскі. У 1697 годзе склаў кампраміснае пагадненьне з Сапегамі.

У Вялікую Паўночную вайну 1700—1721 гадоў падтрымаў караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага, але потым далучыўся да Віленскае канфэдэрацыі. Прымаў у сваёй рэзыдэнцыі ў Верках маскоўскага гаспадара Пятра І, абараняў перад ім Грэка-Каталіцкую царкву. Гэта прывяло Пятра І ў гнеў, яго ледзь суцішыў гетман польны літоўскі Рыгор Антоні Агінскі.

У 1713 годзе запрасіў у Вільню рохітаў, у 1722 годзе — піяраў, якія адчынілі калегіюм[1]. У 1717 годзе склікаў сынод Віленскае дыяцэзіі.

  1. ^ Пазднякоў В. Бжастоўскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 326.