Перайсьці да зьместу

Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (Камаі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Камайскі касьцёл»)
Помнік сакральнай і абарончай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Краіна Беларусь
Вёска Камаі
Каардынаты 55°3′37″ пн. ш. 26°36′19″ у. д. / 55.06028° пн. ш. 26.60528° у. д. / 55.06028; 26.60528Каардынаты: 55°3′37″ пн. ш. 26°36′19″ у. д. / 55.06028° пн. ш. 26.60528° у. д. / 55.06028; 26.60528
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Віцебская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль гатычная архітэктура
Заснавальнік Ян Рудаміна-Дусяцкі
Дата заснаваньня 1606
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт catholic.by/3/kasciol/pa…
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Камаях. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Дзее. Твор архітэктуры готыкі і рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны касьцёл у Камаях збудавалі ў 1603—1606 гадох на сродкі Яна Рудаміны-Дусяцкага. Акт фундацыі касьцёла (1606 год) таксама падпісаў Ян Хаецкі, дата пабудовы (1603 год) значыцца ў інвэнтары XVIII ст.[1]

У 1643 годзе пры касьцёле П. і М. Рудаміны заснавалі шпіталь. У сярэдзіне XVII ст. у выніку пажару адбыўся абвал скляпеньняў. Па ім слупы разабралі, а асноўнае памяшканьне перакрылі драўляным люстраным скляпеньнем. Па адбудове ў 1673 годзе касьцёл асьвяціў віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) касьцёл трапіў пад гарматны абстрэл. Пазьней яго аднавілі, а ў сьцены ўмуравалі швэдзкія ядры. У 1778 годзе на сродкі Войнаў і Козелаў да касьцёла прыбудавалі вялікую прастакутную ў пляне капліцу з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Камаі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1861 годзе будынак касьцёла адрамантавалі.

У міжваенны пэрыяд у парафіі налічвалася 7156 вернікаў. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся.

У наш час працуе Хатні Касьцёл, ёсьць парафіяльны хор. У мясцовай плябаніі праходзяць рэкалекцыі аазы.

Хрыстос і сірата

Помнік абарончага дойлідзтва з рысамі готыкі, рэнэсансу і барока[2]. Сьпярша меў падоўжна-восевую кампазыцыю, быў 3-нэфавым, 4-слупавым, перакрываўся крыжовымі і зорчатымі скляпеньнямі (зьберагліся ў апсыдзе). Па перабудове мураваная 2-вежавая амаль квадратная ў пляне базыліка зь вялікай паўцыркульнай алтарнай апсыдай, закрысьціяй і хорамі над нартэксам. Дахі над асноўным аб’ёмам і капліцай 2-схільныя, над апсыдай — конусападобны. Сьцены (таўшчыня 2 м.) падзяляюцца высокімі аркавымі аконнымі праёмамі, паглыбленымі ў нішах. Партал уходу зь сьпічастым завяршэньнем. Галоўны фасад асноўнага аб’ёму завяршаецца трыкутным шчытом, падзеленым у верхняй частцы 4 роўнымі аркавымі нішамі з байніцамі. Яго вылучаюць 2 магутныя цыліндрычныя вежы (вышыня 16, дыямэтар 6 м) з байніцамі. Паўночная сьцяна праёмаў ня мае. Сьцены аздабляюцца тонкімі карнізамі, фасады капліцы — пілястрамі.

Касьцёл. Дрэварыт, 1878 г.

У інтэр’еры асноўная заля і капліца злучаюцца мураванымі сходамі, разьмешчанымі паміж пілёнаў. Апсыда адкрываецца ў асноўнае памяшканьне аркавым праёмам. Усе скляпеньні аздабляюцца размалёўкай у тэхніцы грызайль. У інтэр’еры арган канца XVIII ст., 4 разныя драўляныя алтары. Аснову цэнтральнага 2-яруснага алтара 2-й паловы XVIII ст. складаюць 4 калёны карынцкага ордэра, паміж імі ў нішах — даўляныя паліхромныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла. Апрацаваны карніз з разарваным франтонам аддзяляе 2-і ярус алтара, утвораны 2 калёнамі, што аздабляюць абраз у 8-граннай разной пазалочанай раме. Алтар завяршаецца гарэльефнай кампазыцыяй з выявай Сабаота ў воблаках. Ордэрныя элемэнты алтара маюць размалёўку пад ружовы мармур[3].

Існуе здагадка, што росьпіс касьцёла выканаў мастак Альфрэд Ромэр. Ягоная сядзіба знаходзілася за некалькі кілямэтраў ад Камаяў у вёсцы Каралінава. Незадоўга да сьмерці А. Ромэр падараваў касьцёлу свой твор «Езус Хрыстус і сірата».

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Каля касьцёла стаіць каменны крыж, высечаны ў XV—XVI стагодзьдзях з маналітнага граніту-валуна (вышыня 2,5 м, шырыня ў гарызантальнай папярочыне — 1,88 м)
  • Існуе меркаваеньне, што ад касьцёла існаваў падземны ход да плябаніі і далей дадолу да азярца і палаца Чаховічаў: паводле сьведчаньня местачкоўцаў, пры пракладцы брукаванай дарогі Камаі — Гадуцішкі каля касьцёла натрапілі на мураванае скляпеньне падземнага ходу[4]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Гагарына, 1
  1. ^ Чантурыя У. Камайскі касьцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 23.
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001.
  3. ^ Чантурыя У. Камайскі касьцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 24.
  4. ^ Драўніцкі Я. Камаі — радзіма Браніслава Руткоўскага // Куфэрак Віленшчыны. № 1 (9), 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000593