Перайсьці да зьместу

Мужчынская зборная Славеніі па футболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зборная Славеніі па футболе»)
Славенія
Лягатып
Фэдэрацыя Футбольны зьвяз Славеніі[d]
Канфэдэрацыя УЭФА
Трэнэр
Капітан Ян Облак
Найбольш гульняў Бошцян Цэсар Edit this on Wikidata (101)
Найлепшы бамбардзір Златка Захавіч Edit this on Wikidata (35)
Першая гульня
Эстонія 1:1 Славенія
(Талін, Эстонія; 3 чэрвеня 1992)
Самая буйная перамога
Аман 0:7 Славенія
(Маскат, Аман; 8 лютага 1999)
Самая буйная параза
Францыя 5:0 Славенія
(Сэн-Дэні, Францыя; 12 кастрычніка 2002)
Чэмпіянат сьвету
Удзел 2 (упершыню: 2002)
Дасягненьні групавы этап (2002, 2010)
Чэмпіянат Эўропы
Удзел 2 (упершыню: 2000)
Дасягненьні ⅛ фіналу (2024)
Асноўная форма
Рэзэрвовая форма

Мужчы́нская збо́рная Славе́ніі па футбо́ле — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Славенію на міжнародных футбольных турнірах і ў таварыскіх матчах. Арганізацыяй, якая ажыцьцяўляе кантроль і кіраваньне зборнай, ёсьць Футбольны зьвяз Славеніі. Зборная існуе з 1991 году, калі Славенія выйшла са складу СФРЮ. Сябра ФІФА і УЭФА з 1992 году.

Да незалежнасьці Славеніі ў 1991 годзе нацыянальная футбольная зборная існавала толькі як рэгіянальная каманда, не прызнаная ФІФА. 23 чэрвеня 1921 году сталіца Славеніі Любляна прыняла матч паміж зборнай Францыі і зборнай з гульцоў славенскіх клюбаў. Зборная Францыі перамагла зь лікам 5:0, і хоць матч не лічыўся афіцыйным паводле міжнародных стандартаў, у Славеніі ён шырока прызнаецца як першы выступ нацыянальнай зборнай[1][2]. У наступныя дзесяцігодзьдзі славенская каманда згуляла некалькі неафіцыйных таварыскіх матчаў, гэтак у 1956 годзе дружына дужылася з зборнай Кітаю, у 1968 годзе з зборнай Аўстрыі, у 1990 годзе з зборнай Босьніі і Герцагавіны, а ў 1991 годзе з зборнай Харватыі[2].

Славенскія футбалісты сьвяткуюць гол Нэйца Пэчніка ў браму зборнай Расеі ў матчы плэй-оф да чэмпіянату сьвету 2010 году.

У 1992 годзе, праз год пасьля здабыцьця незалежнасьці, Футбольны зьвяз Славеніі быў прыняты ў ФІФА[3]. У тым жа годзе, 3 чэрвеня, зборная Славеніі згуляла свой першы матч, прызнаны ФІФА, якім стаў таварыскі паядынак супраць зборнай Эстоніі ў Таліне[4]. Матч скончыўся ўнічыю 1:1, а першы афіцыйны гол за зборную загнаў Ігар Бэнэдэйчыч. У 1994 годзе, пад кіраўніцтвам Здэнка Вэрдэніка, зборная дэбютавала ў афіцыйных спаборніцтвах, узяўшы ўдзел у кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы 1996 году. Славенія спаборнічала ў групе 4 і заняла пятае месца з шасьці камандаў, набраўшы адзінаццаць пунктаў[5].

Футбалісты зборнай у 2022 годзе.

У ліпені 1998 году Срэчка Катанэц быў прызначаны новым трэнэрам зборнай[6]. За ягоны час каманда скончыла кваліфікацыю да чэмпіянату Эўропы 2000 году на другім месцы, саступіўшы толькі зборнай Нарвэгіі[7]. Златка Захавіч пацэліў восем з дванаццаці галоў зборнай Славеніі ў кваліфікацыі[8]. У плэй-оф славенцы сустрэліся з зборнай Украіны. Першы матч у Любляне гаспадары выгулялі 2:1, пры гэты здолеўшы адгуляцца зь лікам 0:1. Другі матч быў згуляны ў сьнежных умовах у Кіеве. Сяргей Раброў рэалізаваў пэнальці на 68-й хвіліне і вывеў Украіну наперад, але праз восем хвілінаў зборная Славеніі адгулялася дзякуючы голу Мірана Паўліна[9]. Нічыя 1:1 азначала, што славенская дружына ўпершыню кваліфікавалася на свой першы буйны турнір[9]. На Эўра-2000 зборная Славеніі трапіла ў групу разам з зборнымі Гішпаніі, ФР Югаславіі і Нарвэгіі. У першым матчы Славенія гуляла супраць югаславаў і пасьля гадзіны гульні вяла ў ліку 3:0, дзякуючы трапным стрэлам Захавіча (двойчы) і Паўліна. Аднак футбалісты ФР Югаславіі здолела адгуляцца, усталяваўшы лік 3:3, не зважаючы на тое, што каманда заставалася ў дзесяці па выдаленьні Сінішы Міхайлавіча. Другі матч супраць зборнай Гішпаніі скончыўся мінімальнай паразай 1:2[10]. У апошнім матчы групавога этапу славенская дружына гуляла супраць зборнай Нарвэгіі, маючы яшчэ шанец прабіцца ў чвэрцьфінал. Матч скончыўся безгалявой нічыяй, у выніку чаго Славенія набрала два пункты і выбыла з турніру[11].

Гэтае ж пакаленьне гульцоў здолела кваліфікавацца на чэмпіянат сьвету 2002 году. На чэмпіянаце сьвету славенцы трапілі ў адную групу з зборнымі Гішпаніі, Парагваю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. У першым матчы зборная Славеніі зноў як і на чэмпіянаце Эўропы два гады раней саступіла гішпанцам[12]. Матч стаў вядомы праз канфлікт паміж трэнэрам Катанцам і зорным гульцом Захавічам. Пасьля інцыдэнту Катанэц абвесьціў, што пакіне пасаду пасьля турніру, а Захавіч быў выключаны з каманды і выправлены дадому[13]. Славенская дружына зазнала паразы ў двух астатніх матчах з ПАР (0:1) і Парагваем (1:3), заняўшы апошняе месца ў групе, пацярпеўшы тры паразы[14][15]. У наступныя гады вынікі зборнай крыху пагоршыліся, але каманда трапіла на чэмпіянат сьвету 2010 году. На тым сусьветным першынстве каманда зноў ня здолела прабіцца з групы, але была дасягнутая першая ў гісторыі каманды перамога на чэмпіянаце сьвету над зборнай Альжыру зь лікам 1:0 дзякуючы голу Робэрта Корана[16].

Чэмпіянаты сьвету

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1994 — ня брала ўдзелу
  • 1998 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2002 — групавы этап
  • 2006 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2010 — групавы этап
  • 2014 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2018 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2022 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2026 — не прайшла кваліфікацыю

Чэмпіянаты Эўропы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • 1996 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2000 — групавы этап
  • 2004 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2008 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2012 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2016 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2020 — не прайшла кваліфікацыю
  • 2024 — ⅛ фіналу
  1. ↑ T. D. L.. Prva tekma slovenske reprezentance // 26.08.2015 г.
  2. 1 2 Jerič, Slavko. Prva tekma slovenske nogometne reprezentance že leta 1921 // RTV Slovenija, 06.09.2013 г.
  3. ↑ Developing football in Slovenia. UEFA. Праверана 24.03.2025 г.
  4. ↑ Zgodovina. Football Association of Slovenia. Праверана 11.06.2017 г.
  5. ↑ European Championship 1996 qualifications. The Rec.Sport.Soccer Statistics Foundation. Праверана 05.07.2021 г.
  6. ↑ 2. julij: Katanec prvič sedel na klop reprezentance. RTV Slovenija (02.07.2018). Праверана 05.07.2021 г.
  7. ↑ European Championship 2000. The Rec.Sport.Soccer Statistics Foundation. Праверана 05.07.2021 г.
  8. ↑ Golob, Aleš (23.04.2020) Zahovič v Atenah spisal prvo poglavje nogometne pravljice. RTV Slovenija. Праверана 05.07.2021 г.
  9. 1 2 Plestenjak, Rok. Premraženi Slovenci kljub "svinjskemu" sojenju šokirali svet // Siol, 17.11.2019 г.
  10. ↑ History: Slovenia 1–2 Spain — UEFA Euro 2000. UEFA. Праверана 05.07.2021 г.
  11. ↑ UEFA Euro 2000 — Standings. UEFA. Праверана 05.07.2021 г. Архіўная копія ад 12.08.2020 г.
  12. ↑ Spain 3–1 Slovenia. FIFA. Праверана 07.07.2021 г.
  13. ↑ Zlatko Zahović o sporu v Južni Koreji: Rudi Zavrl se je odločil, da bo konflikt. Siol (03.06.2020). Праверана 07.07.2021 г.
  14. ↑ South Africa 1–0 Slovenia. FIFA. Праверана 07.07.2021 г.
  15. ↑ Slovenia 1–3 Paraguay. FIFA. Праверана 07.07.2021 г.
  16. ↑ Foto/video: Koren odrešil Slovence velikih muk. RTV Slovenija (13.06.2010). Праверана 07.07.2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]