Дэмэнцыя
Прыдуркаватасьць | |
Літаграфія хворай (1896 год) | |
Сынонімы | дэмэнцыя |
---|---|
Спэцыяльнасьць | нэўралёгія |
Сымптомы | незапамінаньне новых зьвестак, нелягічныя развагі, парушэньне маўленьня |
Ускладненьні | галюцынацыя |
Віды | ссудзінная, лобна-скроневая |
Прычыны | хвароба Альцгаймэра, парушэньне мазгавога кровазвароту |
Фактары рызыкі | гіпэртанія, атлусьценьне, тытунепаленьне, інсульт |
Мэтад дыягностыкі | пазнавальны тэст |
Сходныя станы | слабаразумовасьць |
Прафіляктыка | штодзённыя шпацыр, разумовая дзейнасьць і ўжываньне гародніны і садавіны |
Лекі | данепезіл (алзепіл) |
Частасьць | 47 млн (2019 год) |
Сьмяротнасьць | 1,9 млн (2015 год) |
Прыдуркаватасьць у Вікісховішчы |
Прыдуркава́тасьць, дзяцінец[1], недаўсьціп[2] (дэмэ́нцыя, лац. dementia) — набытая слабаразумовасьць, устойлівае зьніжэньне пазнавальнай дзейнасьці са стратай у той ці іншай ступені раней засвоенных ведаў і практычных навыкаў і цяжкасьцю або немагчымасьцю набыцьця новых. У адрозьненьне ад разумовай адсталасьці (алігафрэніі), слабаразумовасьці прыроджанага або набытага ў маленстве, якае прадстаўляе сабой недаразьвіцьцё псыхікі, дэмэнцыя — гэта распад псыхічных функцый, якія адбываюцца ў выніку паражэньняў мозгу, найбольш часта — у старасьці.
Пры адсутнасьці догляду і прыёму лекаў прыдуркаватасьць выклікае ўскладненьні, якія пагражаюць жыцьцю, праз 3—5 гадоў ад пачатку хваробы[3]. За 2018 год лік хворых на прыдуркаватасьць вырас на 10 млн да 47 млн чалавек у сьвеце. Пагатоў, на 2019 год звыш 5 % сталых людзей (ва ўзросьце звыш 65 гадоў) хварэлі на прыдуркаватасьць[4]. На 2018 год ад хваробы цярпелі звыш 20% людзей ва ўзросьце звыш 90 гадоў[5]. У звыш 60% выпадкаў прычынай прыдуркаватасьці была хвароба Альцгаймэра[6]. У 2017 годзе на наступствы ад пашырэньня хваробы выдаткавалаі звыш 1% сусьветнага валавага нацыянальнага прадукту[7].
Папярэджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадухіленьню прыдуркаватасьці спрыяе штодзённы шпацыр працягласьцю прынамсі 1,5 гадзіны, у тым ліку скандынаўская хада, і плаваньне, пазьбяганьне шкодных звычак кшталту тытунепаленьня і празьмернага выпіваньня алькаголю. Карысна штодня ўжываць гародніну і садавіну, арэхі і сланечнікавае насеньне, злакі і аліўкавы алей, а таксама рыбу і морапрадукты. Каб пазьбегнуць чэрапна-мазгавога пашкоджаньня, варта трымацца правілаў бясьпекі падчас адпачынку, гульняў і працы. Папярэджаньню хваробы таксама садзейнічае авалодваньне прынамсі 2 замежнымі мовамі і штодзённая разумовая дзейнасьць у выглядзе разгадваньня крыжаванак і вывучэньня кампутара. Ад прыдуркаватасьці засьцерагае своечасовае лячэньне хваробаў сэрца і ссудзінаў ды навыкі кіраваньня стрэсам, а таксама рэгулярны замер артэрыяльнага ціску, узроўняў глюкозы і халестэрыну[6].
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнікненьню прыдуркаватасьці спрыяюць парушэньне абмену рэчываў і кровазвароту, а таксама хваробы нэрвовай сыстэмы, што выклікаюць парушэньні ў працы галаўнога мозгу. Найчасьцей вузы мозгу адміраюць у выніку спыненьня паступленьня крыві, калі ссудзіны лопаюцца і забіваюцца згусткамі крыві праз высокі крывяны ціск[8]. Таксама шкодзіць інсульт і хваробы Альцгаймэра і Парксінсана[3]. Урэшце да прыдуркаватасьці вядзе працяглая адсутнасьць разумовай дзейнасьці, атлусьценьне і цукровы дыябэт, пранцы і вірус імунадэфіцыту чалавека, запаленьні мазгавой абалонкі і галаўнога мозгу, алькагалізм і нарказалежнасьць. Шкодна ўплывае лішак тлустай і вугляводзістай ежы, а таксама хуткага харчаваньня[6].
Праявы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыдуркаватасьць выяўляецца празь неразуменьне і незапамінаньне новых зьвестак, нелягічныя развагі і непазнаваньне сваякоў, а таксама блытаньне даўно памерлых знаёмых са сваякамі. Таксама губляецца здольнасьць радавацца і спагадаць, што абмяжоўвае зносіны зь іншымі людзьмі[8]. Узьнікае плаксівасьць і раздражнёнасьць, блытаньне нядаўніх датаў і падзеяў. Таксама хворыя паўтараюць аднолькавыя пытаньні празь лічаныя хвіліны ды пакідаюць уключанымі ваду, газ і сьвятло пры сыходзе з жытла. Прыкметамі хваробы служаць неахайнасьць у адзеньні і побыце ў выглядзе перапоўненых сьметніцы ды рукамыйніка для бруднага посуду. Таксама хворыя губляюцца пры зьмяненьні паўсядзённага маршруту дадому[3]. Узьнікаюць цяжкасьці пры гатаваньні ежы. Пры разбурэньні скроневай долі парушаецца маўленьне і слых. Пры паражэньні лобнай долі галаўнога мозгу яны становяцца нахабнымі і растарможанымі[4]. Дыягназ паводле вышэйапісаных парушэньняў выстаўляецца пасьля прынамсі 6-месячнага назіраньня[5].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2017 годзе ў Беларусі налічваўся 19 231 хворы на прыдуркаватасьць (0,2% насельніцтва Беларусі). Зь іх 49% (9360) пакутвала ад ссудзіннай прыдуркаватасьці, 14% (2692) пры хваробе Альцгаймэра і рэшта (7179) ад іншых відаў[7]. На 2018 год праявы хваробы зьніжалі лекам данепезіл (алзепіл)[3]. На 2019 год 2% сталых людзей Беларусі (ва ўзросьце звыш 65 гадоў) хварэлі на прыдуркаватасьць[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ [1]
- ^ [2]
- ^ а б в г Алена Кравец. Старое — як малое // Зьвязда. — 21 лістапада 2018. — № 224 (28840). — С. 8.
- ^ а б в Сьвятлана Бусько. Калі старасьць перастае быць мудрай // Зьвязда. — 13 жніўня 2019. — № 151 (29018). — С. 8.
- ^ а б Вольга Стружынская. Нельга ўспомніць // Партал «Здаровыя людзі», 4 красавіка 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- ^ а б в Вольга Стружынская. Ня дай хваробе засьпець сябе знянацку // Партал «Здаровыя людзі», 19 красавіка 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- ^ а б Ганна Кручкова. Чаму ў Беларусі рэдка ставяць хваробу Альцгаймэра // Партал «Здаровыя людзі», 27 верасьня 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- ^ а б Сьвятлана Барысенка. Нічога не памятае, нікога не пазнае // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дэмэнцыя // Партал «Здаровыя людзі», 24 траўня 2019 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- Вольга Стружынская. 8 важных парадаў па доглядзе хворых // Партал «Здаровыя людзі», 12 красавіка 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- Ганна Кручкова. Як дапамагчы людзям з дэмэнцыяй // Партал «Здаровыя людзі», 11 верасьня 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- Сьвятлана Стахоўская. Чаму «дэмэнцыі» больш не існуе // Партал «Здаровыя людзі», 24 траўня 2019 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- 6 нечаканых прыкметаў старэчай дэмэнцыі // Радыё «Свабода», 19 чэрвеня 2017 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
- Як пазьбегнуць старэчай прыдуркаватасьці // Заля «Гайда», 2008 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |