Джэймз Ўорці
Джэймз Ўорці | ||
![]() | ||
Пазыцыя: | лёгкі форвард | |
Рост: | 206 см | |
Вага: | 102 кг | |
Грамадзянства: | ||
Нарадзіўся: | 27 лютага 1961[1] (64 гады) | |
Альма-матэр: | ||
Драфт | ||
1, драфт НБА 1982 году | ||
Клюбы | ||
---|---|---|
Гады | Клюб | |
1979—1982 | Паўночная Караліна Тар Гілз[d] | |
1982—1994 | Лос-Анджэлес Лэйкерз | |
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні | ||
Статыстыка на NBA.com |
Джэймз Эджэр Ўорці (па-ангельску: James Ager Worthy; нар. 27 лютага 1961 году, Гастонія, Паўночная Караліна, ЗША) — амэрыканскі былы прафэсійны баскетбаліст. Цягам усіх 12 гадоў сваёй прафэсійнай гульнёвай кар’еры выступаў за «Лос-Анджэлес Лэйкерз» у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Уваходзіць у Залу славы баскетболу. Ўорці быў сяміразовым удзельнікам Матчу ўсіх зорак НБА, тройчы рабіўся чэмпіёнам НБА і быў прызнаны самым каштоўным гульцом фіналу НБА ў 1988 годзе. Быў улучаны ў склад камандаў у матчах, прысьвечаных 50-годзьдзю і 75-годзьдзю НБА.
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1982 годзе быў абраны ў першым раўндзе драфту НБА пад першым нумарам камандай «Лос-Анджэлес Лэйкерз»[3]. Гэта быў першы выпадак у гісторыі, калі дзейны чэмпіён НБА абіраў пад першым нумарам на драфце. «Лэйкерз» атрымалі гэты выбар ад «Кліўлэнд Кавальерз», які ў папярэднім сэзоне заняў апошняе месца ў лізе, а абмен на выбар быў зроблены некалькімі гадамі раней.
У сваім дэбютным сэзоне Ўорці зьбіраў у сярэднім 13,4 пунктаў за гульню, што дазволіла яму ідэальна прыстасавацца ў атакуючую схему каманды, якая атрымала мянушку «Шоўтайм». Гэта таксама дазволіла яму быць улучаным у першую зборную пачаткоўцаў НБА. У наступным сэзоне ён выцесьніў зорку Джамала Ўілкса з стартавага складу. У тым сэзоне «Лэйкерз» дакрочылі да фіналу НБА, дзе сустрэліся з «Бостан Сэлтыкс», але прагулялі сэрыю ў сямі гульнях.

У наступным годзе «Лэйкерз» зноў прабіліся ў фінал, дзе чарговы раз сустрэўся з «Бостанам», але на гэты раз каліфарнійцы сьвяткавалі перамогу і сталі чэмпіёнамі. Ўорці выявіўся гульцом апошнай сэкунды, набіраючы важныя пункты ў апошнія сэкунды гульняў плэй-оф. У сэзоне 1985—1986 гадоў «Лэйкерз» былі выбітыя з плэй-оф «Г’юстан Рокетс», але Ўорці асабіста згуляў пасьпяховы сэзон. Ён палепшыў сваю індывідуальную статыстыку да 20 пунктаў за гульню і ўпершыню браў удзел у Матчы ўсіх зорак НБА, а пасьля гэтага браў удзел яшчэ ў шасьці Матчах усіх зорак запар. У наступным сэзоне баскетбаліст зьбіраў 23,6 пункты за гульню і дапамог камандзе зноў стаць чэмпіёнамі НБА. На той момант «Лэйкерз» перамаглі ў 65-і гульнях і саступілі толькі ў 17-і. Многія экспэрты называюць гэтую каманду адной з найлепшых у гісторыі лігі. У сэзоне 1987—1988 гадоў ён зьбіраў у сярэднім 19,7 пунктаў за гульню і прывёў каманду да другога запар чэмпіёнства. Менавіта ў гэты час ён згуляў найбольш выніковую гульню ў кар’еры, набраўшы 38 пунктаў у сустрэчы супраць «Атланта Гокс». У фінальнай сэрыі супраць «Дэтройт Пістанз» ён зьбіраў па 22 пункты за гульню, што дазволіла яму стаць самым каштоўным гульцом фіналу НБА.
У сэзоне 1988—1989 гадоў каманда зноў дайшла да фіналу НБА, дзе сустрэлася з «Дэтройтам» другі раз запар. Не зважаючы на тое, што Ўорці набраў найлепшую ў сваёй кар’еры сэрыю ў фінальнай гульні, робячы 25,5 пунктаў за гульню, у тым ліку 40 пунктаў у чацьвертай сустрэчы, — «Лэйкерз» саступілі ў чатырох гульнях. У сэзоне 1989—1990 гадоў Ўорці зьбіраў у сярэднім 21,1 пункт у рэгулярным сэзоне і 24,2 пунктаў у плэй-оф, што дапамагло камандзе ўсталяваць рэкорд НБА з 63 перамогамі і 19 паразамі. «Лэйкерз» прабіліся да паўфіналу канфэрэнцыі, дзе прагулялі «Фінікс Санз». У наступным годзе Ўорці зьбіраў у сярэднім 21,4 пункт у рэгулярным сэзоне, што стала рэкордным паказьнікам у ягоным кар’еры, і дапамог камандзе выйсьці ў фінал НБА. Там «Лэйкерз» сустрэліся з «Чыкага Булз» з Майклам Джорданам у складзе, саступіўшы камандзе з усходу краіны. Пачынаючы з плэй-оф 1991 году, гульца пачалі перасьледваць траўмы, якія ўплывалі на ягоную хуткасьць і вынікі. Перад пачаткам сэзону 1994—1995 гадоў спартовец абвесьціў аб завяршэньні спартовай кар’еры.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д James Worthy // FIBA database
- ^ а б College Basketball at Sports-Reference.com
- ^ Press, Associated. «No. 6: James Worthy». LA Times.