Перайсьці да зьместу

Тым Данкан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тым Данкан
Пазыцыя: цяжкі форвард, цэнтравы
Рост: 211 см
Вага: 113 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 25 красавіка 1976(1976-04-25)[4][5][6][…] (48 гадоў)
Альма-матэр:
Драфт

1, драфт НБА 1997 году
Сан-Антоніё Спэрз

Клюбы
Гады Клюб
1993—1997 Уэйк Форэст Дэман Дзіканс[d]
1997—2016 Сан-Антоніё Спэрз
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
прыз імя Джона Вудэна[d] (1997) Best Male College Basketball Player ESPY Award[d] (1997) зборная навічкоў НБА[d] (1998) NBA Rookie of the Year Award[d] (27 красавіка 1998) зборная ўсіх зорак НБА[d] (1998) зборная ўсіх зорак НБА[d] (1999) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (1999) самы каштоўны гулец фіналу НБА (1999) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2000) Best NBA Player ESPY Award[d] (2000) найкаштоўнейшы ігрок Матча ўсіх зорак НБА[d] (2000) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2000) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2001) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2001) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2002) Узнагарода самаму каштоўнаму гульцу НБА[d] (2002) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2002) самы каштоўны гулец фіналу НБА (2003) Best NBA Player ESPY Award[d] (2003) Узнагарода самаму каштоўнаму гульцу НБА[d] (2003) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2003) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2003) Спартсмен года па версіі Sports Illustrated[d] (2003) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2004) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2005) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2005) самы каштоўны гулец фіналу НБА (2005) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2007) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2007) зборная ўсіх зорак абароны НБА[d] (2008) зборная ўсіх зорак НБА[d] (2013) Twyman–Stokes Teammate of the Year Award[d] (2015)
Статыстыка на NBA.com

Тымаці Тэадор Данкан (па-ангельску: Timothy Theodore Duncan; нар. 25 красавіка 1976 году, Санта-Крус, Амэрыканскія Віргінскія астравы) — амэрыканскі баскетбаліст, які скончыў кар’еру. Цягам усіх 20 гадоў сваёй гульнёвой кар’еры выступаў за «Сан-Антоніё Спэрз» з НБА.

У 1997 годзе Данкан быў абраны пад першым нумарам у агульным заліку «Сан-Антоніё Спэрз» на драфце НБА. У сэзоне 1996—1997 гадоў многія гульцы каманды прапусьцілі вялікую колькасьць гульняў праз траўмы. Лідэр каманды, Дэйвід Робінсан, які сам быў абраны пад першым нумарам на драфце 1987 году, большую частку сэзона быў траўмаваны, і каманда завяршыла сезон з рэкордам у 20 перамог і 62 паразаў[10]. Аднак ужо ў наступным сэзоне «шпоры» разглядаліся як патэнцыйная пагроза для фаварытаў лігі. З дасьведчаным цэнтравым Робінсанам і пачаткоўцам Данканам каманда займела адных з найлепшых форвардаў у НБА. Данкан і Робінсан сталі вядомыя як «вежы-блізьнюкі», атрымаўшы мянушку дзякуючы іхняй неверагоднай абароне пад кошыкам, прымушаючы супернікаў кідаць зь меншым адсоткам выніковасьці і з большай адлегласьці[11]. З моманту зьяўленьня ў НБА Данкан зарэкамендаваў сябе як гулец найвышэйшай клясы. У сваёй другой выязной гульні ў кар’еры супраць «Чыкага Булз» малады баскетбаліст зрабіў 22 падборы.

Данкан выконвае штрафны кідок.

У 1998 годзе трэнэры абралі Данкана дзеля ўдзелу ў матчы ўсіх зорак НБА. У сваім першым сэзоне ў лізе ён спраўдзіў чаканьні першага агульнага выбару на драфце, згуляўшы ў пачатковым складзе ўва ўсіх 82 гульнях рэгулярнага сезону, набіраючы ў сярэднім 21,1 пунктаў, 11,9 падбораў, 2,7 перадачы і 2,5 блёк-шоты за сустрэчу. Ягоная гульня ў абароне гарантавала маладзёну месца ў другой пяцёрцы каманды ўсіх зорак абароны НБА. Гулец таксама быў уганараваны тутылам навічок году. Трэнэр «шпораў» Грэг Попавіч хваліў Данкана за ягоныя маральныя якасьці. У скарочаным праз лакаўт сэзоне 1998—1999 гадоў «шпоры» пачалі няўдала, аднак лідэры каманды, Робінсан і Данкан, выдалі выдатную сэрыю, атрымаўшы 31 перамогу і зазнаўшы толькі пяць паразаў.

Паводле вынікаў плэй-оф каманда пракрочыла ў фінал. У першых дзьвюх гульнях вырашальнай сэрыі «вежы-блізьнякі» ўва ўсіх адносінах выгулялі сваіх апанэнтаў зь «Нью-Ёрк Нікс» Крыса Дадлі і Лары Джонсана. У трэцяй гульні Данкан ня меў пунктаў у трэцяй чвэрці ды яшчэ зрабіў тры страты ў чацьвертай, што каштавала клюбу паразай. Аднак, дзякуючы 28 пунктам і 18 падборам Данкана ў чацьвертай сустрэчы «Сан-Антоніё» здабыла перамогу. У пятым матчы пры ліку 77:76 на карысьць «шпораў» Нью-Ёрк валодаў мячом за некалькі сэкундаў да канца гульні. Сумесная абарона Данкана і Робінсана прымусіла Латрэла Спруэла даць пудла, дзякуючы чаму «шпоры» перамаглі ў сэрыі. Упэўненая гульня Данкана як у 5-й гульні (31 пункт і 9 падбораў), гэтак і ў фінальнай сэрыі дала яму ўзнагароду самага каштоўнага гульца фіналу і першы чэмпіёнскі тытул ягонай каманды ў гісторыі[12]. Па фінале часопіс Sports Illustrated напісаў, што «шпоры» больш не называюцца «разявамі з Сан-Антоніё».

У сэзоне 1999—2000 гадоў Данкан толькі пацьвердзіў сваю рэпутацыю. Ён набіраў у сярэднім 23,2 пунктаў ды рабіў 12,4 падборы, 3,2 перадачы і 2,2 блёк-шоты за гульню, зарабіўшы свой другі выбар на матч усіх зорак і ўлучыньне ў зборную ўсіх абаронцаў, а таксама быў названы самым каштоўным гульцом матчу ўсіх зорак НБА разам з Шакілам О’Нілам. Аднак «шпоры» правялі вельмі няўдалую сэрыю ў плэй-оф, у тым ліку праз тое, што гулец перад заканчэньнем рэгулярнага сэзону атрымаў пашкоджаньне. Праз год у плэй-оф 2001 году «Спэрз» спачатку выбілі «Мінэсоту Тымбэрўулвз» і «Далас Мавэрыкс», але затым прагулялі чатыры гульні запар у фінале канфэрэнцыі «Лос-Анджэлес Лэйкерз» на чале з Шакілам О’Нілам і Кобі Браянтам[13]. У сэзоне 2001—2002 гадоў баскетбаліст толькі палепшыў сваю статыстыку, але ягоны таварыш Робінсан ужо не цягнуў. Як і годам раней зорны «Лэйкерз» выбіў клюб з Сан-Антоніё ў плэй-оф[14].

Пасьля чэмпіянату 2002—2003 гадоў Данкан зноў быў улучаны ў каманду ўсіх зорак і ўсіх абаронцаў НБА. Таксама гулец быў адзначаны як самы каштоўны гулец лігі[11]. У гэты час у «Сан-Антоніё» зьявіліся два новыя якасныя нападнікі ў асобах Тоні Паркера і Ману Джынобілі. Аднак, менавіта Данкан зрабіў вырашальны ўнёсак у перамогу ў паўфінальнай сэрыі супраць «Лэйкерз» у плэй-оф. У фінале ж быў пераадолены супраціў «Нью-Джэрзі Нэтс». Такім чынам, «Сан-Антоніё Спэрз» здабыў свой другі чэмпіёнскі тытул у гісторыі[15]. З дапамогай Робінсана Данкан ледзь не зарабіў квадрупл-дабл у фінальнай гульні[16] і быў прызнаны самым каштоўным гульцом фіналу.

Данкан поруч з камандай на аўдыенцыі ў Белым доме з нагоды чэмпіёнства ў 2003 годзе.

Перад пачаткам сэзону 2003—2004 гадоў «шпоры» страцілі свайго даўняга капітана Дэйвіда Робінсана, які завяршыў кар’еру. Увесь цяжар лідэрства трапіў на Данкана. Згадваючы пазьней гэты пэрыяд, Робінсан адзначаў, што Данкану спатрэбіўся некаторы час, каб па-сапраўднаму выявіць свае лідэрскія здольнасьці. Статыстычна Данкан правёў яшчэ адзін выдатны сэзон, зьбіраючы ў сярэднім 22,3 пунктаў, робячы 12,4 падбораў, 3,1 перадачы і 2,7 блёк-шоты за гульню. Гулец вывеў каманду ў паўфінал Заходняй канфэрэнцыі, але тэхасцы зазналі там паразу ад «Лос-Анджэлес Лэйкерз».

У першым раундзе плэй-оф 2005 году «Сан-Антоніё» перамог «Дэнвэр Нагетс» зь лікам 4:1 і сустрэўся зь «Сіетл Супэрсонікс» у паўфінале. Пасьля нічыі 2:2 у першых чатырох гульнях Данкан дапамог камандзе знайсьці перамогу ў дзьвюх наступных гульнях і прабіцца ў фінал канфэрэнцыі[11], дзе яны сустрэліся зь «Фінікс Санз», вядомай сваім хуткім баскетболам. «Шпоры» перамаглі сваіх апанэнтаў іх жа зброяй зь лікам 4:1[11] і прасунуліся ў фінал, дзе сустрэліся з «Дэтройт Пістанз». Шэсьць першых матчаў асталявалі лік сэрыі ў 3:3. Але ў сёмай, вырашальнай гульні фіналу, Данкана было не спыніць. Ягоныя 25 пунктаў і 11 падбораў далі камандзе перамогу як у матчы, гэтак і ў сэрыі[17]. Разам з сваім трэцім чэмпіёнскім тытулам Данкан быў ўганараваны трэцім званьнем самага каштоўнага гульца фіналу, далучыўшыся да шэрагу такіх баскетбалістаў, як то Майкл Джордан, Мэджык Джонсан і Шакіл О’Ніл.

У матчы 2005 году супраць «Дэтройт Пістанз».

Большую частку сэзону 2005—2006 гадоў Данкан пакутаваў ад плянтарнага фасцыіту[18]. Гэта сталася адной з прычынаў зьніжэньня ягоных статыстычных паказьнікаў і ягонай няздольнасьці трапіць у каманду ўсіх зорак НБА ўпершыню за 9 гадоў. Форвард вярнуўся ў форму дзеля сэрыі плэй-оф супраць «Далас Мавэрыкс». Данкан выдатна гуляў сэрыю, лепей за лідэрау супернікаў Дырка Навіцкага, але ў канцы апошняга матчу даваў пудла ажно шэсьць разоў зь сямі кідкоў. У выніку «шпоры» саступілі Даласу. Аднак наступны сэзон НБА, 2006—2007 гадоў, стаў трыюмфальным для Данкана і ягонай каманды. Гулец набіраў у сярэднім 20,0 пунктаў, рабіў 10,6 падбораў, 3,4 перадачы і 2,4 блёк-шоты за гульню і ў дзявяты раз быў абраны ў каманду ўсіх зорак Заходняй канфэрэнцыі НБА. У фінале НБА каманда сустрэлася зь Лебронам Джэймзам і ягоным «Кліўлэнд Кавальерз»[19]. «Шпоры» лёгка перамаглі зь лікам 4:0, выйграўшы свой чацьверты чэмпіёнскі тытул у гісторыі[20].

У пагоні за пятым тытулам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першым раўндзе плэй-оф 2008 году «шпоры» сустрэліся зь «Фінікс Санз». У першай гульні Данкан надаў тон сэрыі, набраўшы 40 пунктаў і зрабіўшы рэдкі трохпунктавы кідок, які перавёў гульню ў другі авэртайм[21]. Трыё Данкан, Джынобілі і Паркер працягвалі ствараць загрозу супернікам, і «Спэрз» выбілі «Санз» у пяці гульнях. У першай сустрэчы наступнага раўнду супраць «Нью-Арлеана» Крыса Пола «шпоры» зазналі паразу зь лікам 101:82, а Данкан згуляў адную з найгоршых гульняў плэй-оф у сваёй кар’еры, набраўшы ўсяго 5 пунктаў і зрабіўшы 3 падборы[22]. У астатніх матчах Данкан выправіўся і замацаваў перавагу свайго клюбу. У фінале канфэрэнцыі «Лос-Анджэлес Лэйкерз» лёгка перамог «Сан-Антоніё Спэрз» у пяці гульнях. Данкан моцна пачаў сэзон 2008—2009 гадоў, але ў сярэдзіне гулец чакаў спад, выкліканы сур’ёзнымі праблемамі з падкаленным сухажылам[23]. Не зважаючы на цяжкасьці Данкана і сэзонную адсутнасьць Джынобілі, каманда прабілася ў плэй-оф 2009 году, але хутка адтуль выбылі.

Данкан і Дўайт Гаўард.

Каманда няўдала пачала наступны сэзон, але ўпэўненая гульня Данкана дазволіла «Спэрз» выправіць стан да канца лістапада. Пазьней ён быў названы самым каштоўным гульцом Заходняй канфэрэнцыі апошняга тыдня лістапада[24]. Не зважаючы на 34 гады, Данкан зьбіраў у сярэднім 20 пунктаў і 10 падбораў за гульню. 21 студзеня 2010 году гулец быў абраны ў стартавую пяцёрку матчу ўсіх зорак НБА[25]. «Спэрз» скончылі сэзон на сёмым месцы ў канфэрэнцыі і атрымалі месца ў плэй-оф 2010 году. У першым раўндзе яны ўзялі рэванш у леташніх крыўдзіцеляў з «Даласу» зь лікам 4:2, але ў наступным завяршылі чэмпіёнскую барацьбу, саступіўшы «Фініксу» зь лікам 4:0. Пасьля першых адзінаццаці гульняў новага сэзону Данкан стаў найлепшым бамбардзірам «Сан-Антоніё Спэрз» у гісторыі паводле колькасьці згуляных матчаў і набраных пунктаў[26]. 30 лістапада 2010 году баскетбаліст зрабіў свой трэці трыпл-дабл у кар’еры ў матчы супраць «Голдэн Стэйт Ўорыярз»[27]. Праз 12 дзён у гульні супраць «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз», Данкан згуляў сваю 1000-ю гульню, стаўшы 94-м гульцом у гісторыі НБА, які дасягнуў гэтага паказьніка.

Тым Данкан.

У сэзоне 2011—2012 гадоў статыстыка 36-гадовага Данкана агулам была на ўзроўні мінулага сэзону, то бок ён зьбіраў 15,4 пунктаў, рабіў 9,0 падбораў і 1,5 блёк-шотаў у сярэднім за гульню. 31 траўня 2012 году гулец усталяваў рэкорд лігі паводле колькасьці заблякаваных кідкоў у гульні плэй-оф. У 3-й сустрэчы фіналу Заходняй канфэрэнцыі супраць «Аклагома-Сіці Тандэр» ён павялічыў агульную колькасьць блёк-шотаў у плэй-оф да 477, абышоўшы легендарнага Карыма Абдул-Джабара[28]. Але пасьля перамогі ў першых дзьвюх гульнях «шпоры» ў канчатковым выніку прагулялі сэрыю зь лікам 4:2. 10 ліпеня 2012 году 36-гадовы Данкан пагадзіўся падпісаць новы трохгадовы кантракт з «Сан-Антоніё» на 30 мільёнаў даляраў[29]. Данкан таксама вярнуўся на матч усіх зорак і ў першую каманду ўсіх зорак НБА. Ён завяршыў рэгулярны сэзон з 23 785 пунктамі за кар’еру, перасягнуўшы рэкорд Джорджа Гервіна паводле колькасьці пунктаў у складзе «Спэрз». У плэй-оф тэхасцы пасьлядоўна перамаглі «Лос-Анджэлес Лэйкерз», «Голдэн Стэйт Ўорыярз» і «Мэмфіс Грызьліз», але ў фінале НБА саступілі «Маямі Гіт».

У наступны сэзон каманда здабыла перамогу ў лізе, узяўшы рэванш у «Маямі Гіт». Трыё Данкан—Джынобілі—Паркер таксама ўсталявала рэкорд паводле колькасьці перамог у гісторыі плэй-оф НБА. Данкан усталяваў рэкорды лігі паводле агульнага гульнёвага часу і дабл-даблам у гульнях плэй-оф. Ён стаў другім гульцом пасьля Джона Сэлі, які станавіўся чэмпіёнам НБА ў тры розныя дзесяцігодзьдзі[30]. 23 чэрвеня 2014 году баскетбаліст склаў новую працоўную дамову з клюбам на суму 10,3 мільёнаў даляраў на сэзон 2014—2015 гадоў[31][32]. 14 лістапада 2014 году гулец набраў свой 25 000-ы пункт у першым тайме перамогі «Спэрз» над «Лос-Анджэлес Лэйкерз» зь лікам 93:80, стаўшы 19-м гульцом у гісторыі НБА, які дасягнуў гэтага[33]. Па заканчэньні сэзону Данкан у сёмы раз быў абраны ў другую зборную ўсіх абаронцаў[34].

9 ліпеня 2015 году Данкан падоўжыў кантракт з «шпорамі» тэрмінам на два гады[35]. 2 лістапада 2015 году ў пераможным матчы над «Нью-Ёрк Нікс» ён набраў 16 пунктаў, усталяваўшы рэкорд НБА паводле колькасьці перамог з адной камандай з колькасьцю ў 954. 10 сакавіка Данкан стаў шостым гульцом у гісторыі лігі, які дасягнуў 15 000 падбораў, зьдзейсьніўшы гэты подзьвіг у сярэдзіне першай чвэрці матчу з «Чыкага Булз»[36]. 28 чэрвеня 2016 году баскетбаліст падпісаў кантракт з клюбам на суму 5,6 мільёнаў даляраў на сэзон 2016—2017 гадоў[37]. Аднак, 11 ліпеня 2016 году вэтэран абвесьціў аб сканчэньні кар’еры пасьля 19 сэзонаў у складзе «Сан-Антоніё Спэрз»[38].

  1. ^ а б http://espn.go.com/college-sports/recruiting/basketball/mens/story/_/id/6792715/college-coaches-tell-their-story-recruiting-woe-triumph
  2. ^ а б http://espn.go.com/espnradio/show/_/showId/mikeandmike/postId/12142116/texas-forever
  3. ^ а б http://espn.go.com/page2/s/simmons/020913.html
  4. ^ а б в http://espn.go.com/nba/player/bio/_/id/215/tim-duncan
  5. ^ а б в http://espn.go.com/nba/player/_/id/215/tim-duncan
  6. ^ а б в Tim Duncan // Encyclopædia Britannica (анг.)
  7. ^ а б http://famousdude.com/8372-tim-duncan.html
  8. ^ а б http://www.fathead.com/nba/san-antonio-spurs/tim-duncan-number-21/
  9. ^ а б College Basketball at Sports-Reference.com
  10. ^ «1996–97 Standings». NBA.
  11. ^ а б в г «Tim Duncan Biography». Jockbio.com.
  12. ^ «Duncan, Robinson lead San Antonio to first NBA title». Sports Illustrated.
  13. ^ «2001 Playoff Results». NBA.
  14. ^ «2002 Playoff Results». NBA.
  15. ^ «2003 Playoff Results». NBA.
  16. ^ «Duncan has triple-double in clinching victory». ESPN.
  17. ^ «Spurs Dethrone Pistons To Take Third NBA Title». NBA.
  18. ^ «Prognosis Spurs: Plantar Fasciitis». NBA.
  19. ^ «At a Glance 2007». NBA.
  20. ^ «Parker, Spurs Close Out Cavs for Fourth Title». NBA.
  21. ^ White, Elizabeth. «Duncan Scores 40 to Lead Spurs to Game 1 Win Over Suns». NBA.
  22. ^ «West, Hornets Sting Spurs in Game 1». NBA.
  23. ^ «Duncan out with quad tendinosis». ESPN.
  24. ^ «Tim Duncan Named Player Of The Week». NBA.
  25. ^ «All-Star starters announced Thursday». ESPN.
  26. ^ «Jazz-Spures notebook». NBA.
  27. ^ «Tim Duncan’s 15-18-11 leads Spurs to rout of Warriors». ESPN.
  28. ^ Latzke, Jeff. «Spurs Streak Snapped In Game 3». NBA.
  29. ^ Ludden, Johnny. «Spurs Streak Snapped In Game 3». Yahoo Sports.
  30. ^ «Spurs shake early deficit to snuff out Heat and win 5th NBA title». ESPN.
  31. ^ «Tim Duncan Exercises Player Option». NBA.
  32. ^ Windhorst, Brian (24.06.2014). «Tim Duncan exercises $10.3M option». ESPN.
  33. ^ «Spurs rout Lakers 93–80 for 3rd straight win». NBA.
  34. ^ «Spurs’ Leonard, Warriors’ Green and Clippers’ Jordan make debuts on NBA All-Defensive First Team». NBA.
  35. ^ «Spurs Re-Sign Tim Duncan». NBA.
  36. ^ «Leonard, Aldridge lead Spurs past Bulls, 109–101». NBA.
  37. ^ «Source: Tim Duncan exercises $5.6M option, still mulling future». ESPN.
  38. ^ «Tim Duncan announces retirement». NBA.