Гісторыя Рагачова
Рагачоў — старажытнае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся рэнэсансавы замак каралевы Боны.
Раньняе Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Рагачоў зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1142, калі паселішча ўваходзіла ў Тураўскае княства. Аднак шэраг археалягічных зьвестак, а таксама інфармацыя іншых летапісных крыніцаў аспрэчваюць знаходжаньне Рагачова ў складзе Тураўскага княства.
Тагачаснае насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, апрацоўкай жалеза, каляровых мэталаў, косьці, дрэва. Выгаднае геаграфічнае становішча Рагачова спрыяла разьвіцьцю гандлю і рамёстваў, места было важным пунктам на дняпроўскім водным шляху паміж Смаленскам, Магілёвам і Кіевам. Былі разьвітыя гандлёвыя зьвязкі з Валыньню.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кан. ХІІІ стагодзьдзя Рагачоў як уладаньне князя Даўмонта далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага[1]. У канцы XIV ст. вялікі князь Ягайла перадаў Скіргайлу ваколіцы места. У XIV—XVІІІ стагодзьдзях места было цэнтрам староства. З кан. XV ст. Рагачоў знаходзіўся ў валоданьні князёў Яраславічаў. У 1535 маскоўскія войскі захапілі і разрабавалі места[2].
У XVІ ст. у Рагачове на месцы старажытнага гарадзішча збудавалі замак і палац, званы ў народзе «замкам каралевы Боны» (у 1654 яго спалілі маскоўскія захопнікі). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места ўвайшло ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва, да гэтага яно ўваходзіла ў склад Рагачоўскае воласьці, што разам зь іншымі т.зв. Падняпроўскімі валасьцямі была беспасярэдне падначаленая тагачаснаму Віленскаму ваяводзтву.
У 1730 на паўночнай ускраіне Рагачова пачалося будаваньне слабады, дзе ў 1743 было дазволена збудаваць царкву Сьвятога Міхала Арханёла. На 1765 места было цэнтрам староства, якое аб’ядноўвала 27 вёсак з 609 дварамі і знаходзілася ў валоданьні Пацаў. У 2-й палове XVIII ст. тут збудавалі драўляны касьцёл Сьвятога Антонія.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Рагачоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні. 16 жніўня 1781 места атрымала герб: «у залатым полі чорны бараноў рог»[3]. У гэты час тут працавала 6 дробных прадпрыемстваў. У 1788 у Рагачове пачала працаваць паштовая кантора. У 1801 адкрылася павятовая, у 1819 — прыходзкая вучэльні. На 1850 у месьце было 18 вуліцаў і завулкаў, 375 будынкаў, у тым ліку 6 скарбовых, дзейнічалі 3 царквы, працавалі 2 пошты, 46 крамаў і 23 карчмы.
У 1864 у Рагачове працавалі 24 мануфактуры, 5 гарбарняў, 5 маслабойняў, 4 цагельні, ганчарны завод, 4 бровары, 5 крупарушак, 132 рамесьнікі. Увесну 1873 адбылася закладка мескага саду. На 1880 у Рагачове было каля 560 дамоў, працавалі 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і гарбарныя заводы. У 1884 дзейнічалі лякарня і аптэка. На 1896 — 948 двароў. У 1900 у месьце было 1157 жылых дамоў, 210 газавых ліхтароў, працавалі аптэка, бібліятэка, жаночая гімназія, з 1909 настаўніцкая сэмінарыя, 2 кнігарні, 2 друкарні, 5 канатных фабрык. У 1902 праз Рагачоў прайшла чыгунка Магілёў — Жлобін. На 1913 у месьце было 50 прадпрыемстваў з 185 працоўнымі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рагачоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[4], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Рагачоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 1938 у Гомельскай вобласьці). На 1934 у Рагачове працавалі лесапільня (з 1901), кардонная фабрыка (1913), ільнозавод (1932), электрастанцыя (1918), цагельня (1912), друкарня, электрычны млын, кавальская (1930), кравецкая (1927), шавецкая (1928), бандарная, кошыкавая і сталярна-мэблевыя майстэрні, цукеркавая арцель (1931), смалакурня (1929), хлебапякарня, 2 конныя крупарушкі і сьлясарня. Дзейнічалі настаўніцкі інстытут (у 1940 — 610 студэнтаў), школа мэдычных сясьцёр, 4 сярэднія і 7-гадовая школы, лякарня, паліклініка, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 24 лютага 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1971 у Рагачове знайшлі манэтны скарб памерам у 1 тыс. старажытных манэтаў. 19 красавіка 2010 места ўзнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[5].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульны выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1905
-
1915
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
Замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1905
-
да 1918
-
да 1918
-
да 1918
-
1920-я
-
1926
-
1926
-
1941
Сакральная архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Царква, да 1918
-
Царква, да 1918
-
Царква, да 1918
-
Касьцёл, да 1918
Грамядзянская архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Тэатар, да 1918 г.
-
Тэатар, 1914 г.
-
Тэатар, да 1918 г.
-
Вучэльня, да 1918 г.
-
Вучэльня, да 1918 г.
-
Управа, 1914 г.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Бабруйская
-
Рог Быхаўскай і Бабруйскай
-
Рог Бабруйскай і Васільеўскай
-
Быхаўская
-
Быхаўская
-
Быхаўская
-
Быхаўская
-
Быхаўская
-
Быхаўская
-
Набярэжная
-
Папоўская
-
Рынак
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 482.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 223.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 189 ад 19 красавіка 2010 г. «Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам „За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны“»(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.