Сьлепата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Белы кій, міжнародны сымбаль сьлепаты

Сьлепата, сьлепасьць (у «Беларускай граматыцы для школ» Браніслава Тарашкевіча — сьляпота) — мэдычны тэрмін, які разумее пад сабой поўную адсутнасьць зроку альбо сур’ёзнае яго пашкоджаньне. Розныя шкалы былі распрацаваны дзеля апісаньня ступені страты зроку й вызначэньня сьлепаты[1]. Поўная сьлепасьць ёсьць поўная адсутнасьць якой-небудзь формы аптычнага ўспрыманьня сьвятла.

Тэрмін «сьлепата» часьцяком выкарыстоўваецца дзеля апісаньня цяжкіх парушэньняў здольнасьці гляджэньня пры захаваньні пэўнага рэшткавага зроку. Такім чынам, з адукацыйнага й (рэ)абілітацыйнага пункту гледжаньня існуюць наступныя катэгорыі сьлепаты:

  • Татальная (цалкавітая, поўная) сьлепата
    • Татальная сьлепата без адчуваньня сьвятла (чалавек у такім стане ня бачыць абсалютна нічога);
    • Сьлепата з адчуваньнем сьвятла, якая падзяляецца на дзьве катэгорыі ў залежнасьці ад здольнасьці асобы пазначыць крыніцу сьвятла;
    • Сьлепата з адчуваньнем колераў
  • Практычная (частковая, з рэшткавым зрокам) сьлепата (па-ангельску: legal blindness)
    • Сьлепата з адчуваньнем руху рукі перад тварам
    • Сьлепата з рэшткавым сылюэтным (контурным) зрокам
    • Сьлепата з рэшткавым формава-прадметным зрокам («частковы зрок»)

Апошнюю катэгорыю («сьляпыя з рэшткавым формава-прадметным зрокам» замест «часткова відушчых») запрапанавала Вэнэра Дзяніскіна, расейскі дэфэктоляг і рэабілітоляг, якая сама належыць да гэтае катэгорыі невідушчых. Паводле заканадаўства большае часткі краінаў сьвету да сьляпых (невідушчых) залічваюцца асобы, што маюць ня больш за 4% рэшткавага зроку, асобы з рэштаю зроку ад 5 да 40 адсоткаў лічацца слабавідушчымі[2]. Аднак у ЗША максымальная рэшта зроку, што дазваляе сьцьвярдзіць сьлепасьць чалавека, складае 10% (0,1), то бок, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, невідушчым лічыцца кожны чалавек, які ня здольны ўбачыць другі радок на табліцы вастрыні зроку.

Адчуваньне сьвятла ў невідушчых можа мець правільную альбо няправільную праекцыю. Людзі, што маюць адчуваньне сьвятла з правільнаю праекцыяй, здольныя пазначыць ня толькі наяўнасьць сьвятла, але й кірунак, зь якога яно паходзіць.

У Паўночнай Амэрыцы й большасьці краінаў Эўропы, практычная сьлепата вызначаецца як вастрыня зроку ў 6/60 альбо менш. Гэта азначае, што сьляпы чалавек павінен стаяць у 6 мэтрах ад аб’екта (ці бліжэй), каб яго ўбачыць з дапамогай карэктуючых лінзаў з той жа ступеньню выразнасьці, зь якой чалавек з добрым зрокам можа яго ўбачыць на адлегласьці 60 мэтраў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Сьлепатасховішча мультымэдыйных матэрыялаў