Перайсьці да зьместу

Паніклівасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нізкавокасьць»)
Зрок пры паніклівасьці

Паніклівасьць, нізкавокасьць (міяпія, ад стар.-грэц. μύω і ὄψις, літ. «заплюшчваць» + «вока») — невыразнае бачаньне аддаленых рэчаў праз сыходжаньне паралельных прамянёў ад іх перад сятчаткай вока. Найчасьцей узьнікае ў школьным узросьце. Паводле ступені цяжкасьці адрозьніваюць слабую (да 3 дыёптрыяў), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (звыш 6 дптр). У Беларусі ад немачы пакутуе да 30 % школьнікаў. Вядзе да разрыва і адслаеньня сятчаткі, страты працаздольнасьці па зроку.

Прадухіленьню хваробы спрыяюць заняткі бадмінтонам, лыжным спортам, плаваньнем і тэнісам. Харчаваньне мусіць мець устойлівы расклад і мае ўлучаць абрыкосы, брусьніцы, журавіны, кефір, масла, мяса індыка і труса, печань, пятрушку, сыр, таматы, тварог, чарніцы, шпінат і ялавічыну. Падчас зрокавай працы адлегласьць ад кнігі да вачэй мае складаць 35 см. Чытаць і пісаць варта толькі седзячы з роўнай паставай сьпіны і асьвятленьнем. Таксама варта ўнікаць чытаньня лежачы на жываце і ў паездцы. На кожныя паўгадзіны зрокавай працы мае прыпадаць 10 хвілінаў адпачынку без прагляду тэлевізара і сядзеньня за кампутарам. Прагляд тэлеперадачаў дашкольнікамі варта абмяжоўваць 30 хвілінамі, малодшымі школьнікамі — 1 гадзінай, 5—9-клясьнікамі — 1,5 гадзіны, старшаклясьнікамі — 2 гадзіны.

Разьвіцьцю хваробы спрыяюць стрэс, загрузка зрокавай працай на блізкай адлегласьці, алергія[1].

Хвароба выяўляецца ў неабходнасьці разгляданьня на блізкай адлегласьці, што стамляе вочы, разьвівае цяглічную і дастасавальную слабасьць зрока, разыходную касавокасьць і спазмы дастасаваньня вачэй. У наступным узьнікаюць расьцяжэньні, дыстрафія, кровазьліцьцё, разрывы і адслаеньне сятчаткі[2].

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Вундэркінды — блізарукія // Зьвязда : газэта. — 17 верасьня 2010. — № 182 (26790). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Людміла Марчанка. Блізарукасць // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1996. — Т. 3. — С. 191. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4