Габрыэля Пузына
Габрыэля Пузына | |
па-польску: Albina Gabriela Puzynina, па-нямецку: Gabriele Günther von Hildesheim , па-летувіску: Gabrielė Giunterytė-Puzinienė | |
княгіня Габрыэля Альбіна Пузына з роду Гюнтэраў | |
«Агінец» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Габрыэля Альбіна Пузына Гюнтэр фон Гільдэсгайм |
Псэўданімы | G.G. |
Нарадзілася | 24 лістапада 1815 Вільня, Расейская імпэрыя |
Памерла | 16 жніўня 1869 Гарадзілава, Расейская імпэрыя |
Род | Гюнтэры |
Бацькі | Адам Гюнтэр Гербу «Гінтэр» Аляксандра з Тызэнгаўзаў Гербу «Буйвал І» |
Муж | Тадэвуш Пузына |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, пісьменьніцца, аўтар успамінаў |
Гады творчасьці | 1838—1869 |
Кірунак | рэалізм, пазытывізм |
Жанр | апавяданьне, аповесьць, раман |
Мова | польская мова |
Габрыэля Альбіна Гюнтэр, замужам — княгіня Габрыэля Пузына, Габрыэля Пузыня (па-польску: Gabriela Puzynina; 24 лістапада 1815, Вільня — 16 жніўня 1869, Гарадзілава) — польскамоўная паэтэса, пісьменьніца й мэмуарыстка зь Віленшчыны.
Карысталася псэданімам і крыптанімам «G.G.» (г.зн. «Габрыэля Гюнтэр»).
Паходжаньне й сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Габрыэля Альбіна Гюнтэр нарадзілася ў Вільні ў каталіцкай сям’і графа Адама Гюнтэра (1782—1854) уласнага гербу Гінтэр (з Ігуменскага павету Менскай губэрні) і графіні Аляксандры з Тызэнгаўзаў (каля 1790—1843) (з Віленскай губэрні). Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Нямеччыны (з палятыната Ніжэйшага Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гэйдэльсгайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асыміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяродзьдзі[1], а ў XVІІІ ст. род ужо адносіўся да карэннай сярэднезаможнай шляхты Новагародзкага ваяводзтва ВКЛ. Прозьвішча «Гюнтэр» (Günter) у польскай і расейскай транскрыпцыі пісалася й чыталася як «Гінтэр» (Gіnter/Гінтэр). Габрыэля была малодшай з трох дачок сваіх бацькоў. У 1851 г. выйшла замуж за князя Тадэвуша Пузыну, шлюб зь якім быў безьдзетным.
Выхаваньне й адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да шлюбу жыла ў набытым яе бацькам маёнтку Дабраўляны[2] Сьвянцянскага павету. У Дабраўлянах бывалі Ігнат Ходзька (пазьней ён адрэдагаваў і давёў да друку першы паэтычны зборнік Габрыэлі Пузыны) і Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца й сябра паэтэсы), Ян Дамель, Юльлян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан.
Культурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трымала літаратурны салён у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладэчанскі раён), зьбірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасьцямі літаратурнага салёну Габрыэлі Пузыні былі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі, Уладзіслаў Міцкевіч (сын паэта Адама Міцкевіча)[3].
Разам з мужам падарожнічала па Заходняй Еўропе — наведала Нямеччыну й Францыю, у Парыжы завязала цеснае знаёмства з вядомымі польскамоўнымі пісьменнікамі-эмігрантамі — Антоніям Гарэцкім і Багданам Залескім[4].
Як паэтэса вядомая з 12-гадовага ўзросту. Пісала толькі на польскай мове. Дэбютавала вершам у 1828 г. у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданьні, фэльетоны, камэдыі. У 1830−1840-х склалася як адмысловая паэтэса, у Вільні з друку выйшлі некалькі яе паэтычных зборнікаў: у 1843 г. «W imie Boże» («У імя Божае») і ў 1845 г. «Dalej w świat!» («Далей у свет!»). Другое выданне гэтых яе вершаў, дапоўненае новымі творамі, пад назвай «W imie Boże — Dalej w świat!» («У імя Божае — далей у свет!») выйшла ў Вільнюсе ў 1959 г.[3] У 1857 годзе ў Вільне была выдадзена яе кніга «Małe a prawdziwe opowiadania» («Малыя ды праўдзівыя апавяданні»).
У канцы жыцця на падставе дзёньніка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі й дакументаў напісала ўспаміны «Мая памяць», якія скончыла да 1867 г. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадзтва паўночна-заходняй Беларусі й Вільні, зьмяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыцьцё края. У ім шмат звестак пра сем’і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны й Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўнівэрсытэт, франка-расейскую вайну 1812 г., Лістападаўскае паўстаньне 1830—1831 гг. у літоўска-беларускіх землях. Рукапіс успамінаў быў зьнішчаны падчас вайны у 1944 г. у Варшаве. Часткова выдадзены А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім у 1928 г.
Некаторыя дасьледчыкі атаясамляюць з Альбінай Габрыэляй Пузынай Адэлю з Устроні[5].
Паасобныя вершы Габрыэлі Пузыны перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Puzynina G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Wilno, 1928. (репринт: Kraków : Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. — 400 s).
- Душа лістападу: вершы, пераклады / Багдановіч І.. — Мінск: Кнігазбор, 2012. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып.28) — ISBN 978-985-7007-81-3.
- Пузыня Г. Як бы я хацела жыць // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Хросны бацька // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Незабыўная драбніца // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Помста Літвінкі. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).
- Пузыня Г. Слоўцы люду. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Puzynina // Polski Słownik Biograficzny. Tom XXIX. Zeszyt 122. Wrocław-Warszawa: Wyd-wo PAN, 1986. S. 503−505.
- Багдановіч І. Загадка Адэлі з Устроні // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. —С. 53-63. — ISBN 985-6299-79-9.
- Багдановіч І. «Малыя ды праўдзівыя апавяданні» графіні Габрыелі// Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Бурдзялёва, І. Габрыэля Пузыня: святло шчасця // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. — 204 с ISBN 985-6299-79-9. С. 38-52.
- Пузына Альбіна Габрыеля // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 5.