Віталь Хамёнак
Віталь Хамёнак | |
Нарадзіўся | 4 красавіка 1899 |
---|---|
Памёр | 24 сьнежня 1971 (72 гады) |
Віталь (Віталіс) Хамёнак (4 красавіка 1889, Баяршчына, Лепельскі павет, Віцебская губэрня — 24 сьнежня 1971) — дзяяч беларускага хрысьціянскага руху, каталіцкі сьвятар-марыянін.
Сям’я і дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 4 красавіка (паводля старога стылю) 1889 году[1] ў в. Баяршчына Лепельскага павету Віцебскай губэрні (сёньня — у Вушацкім р-не Віцебскай вобл.). Вёска належала да рыма-каталіцкай парафіі ў Селішчах, дзе Віталіс Хамёнак быў ахрышчаны ў былым касьцёле бэрнардынаў сьв. Веранікі. Вёска Баяршчына была напалову каталіцкая, напалову праваслаўная, але многія праваслаўныя таксама хадзілі ў касьцёл.
Паходзіў Віталіс Хамёнак з пабожнай беларускай каталіцкай сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Марцыяна (з дому Паздэрскіх) Хамёнкі. У сям’і было 8 дзяцей, трое зь іх памерлі. Віталіс доўга ня мог хадзіць — ажно да 5 гадоў. З маленства ўсе дзеці дапамагалі бацькам у іх працы па гаспадарцы.
Маці навучыла ўсіх дзяцей чытаць па кніжцы да набажэнства і сьпяваць рэлігійныя песьні. Сама яна была дачкой вясковага арганіста і мела кантычку.
Каб зарабіць грошы для сям’і, разам зь іншымі вясковымі хлопцамі яшчэ падлеткам выязджаў на сэзонныя працы ў цагельні ў Рыгу, Мітаву (Елгаву) або ў вакроіцы Пецярбурга (Колпіна). Сярод іншых хлапцоў-аднагодкаў Віталіс Хамёнак вылучаўся тым, што вельмі любіў хадзіць да касьцёла.
Мясцовы рыма-каталіцкі пробашч сьвятар-беларус Віктар Валентыновіч заўважыў пабожнасьць і здольнасьці хлопца і, калі яму было 16 гадоў, прызначыў яго настаўнікам для дзяцей у вёсцы. На той час Віталь сам умеў пісаць толькі па-расейску, а па-польску ня ўмеў. Сьвятар загадаў яму вечарамі прыходзіць да яго, каб падвучыць польскую мову. Таксама ён сам забясьпечыў вясковых шкаляроў лемантарамі і іншымі кніжкамі, а таксама неабходнымі школьнымі прыладамі. Ён даваў Віталісу Хамёнку тры рублі на месяц, каб той вучыў сялянскіх дзяцей пісьму, катэхізму і рахункам. Сярод вяскоўцаў гэты сьвятар распаўсюджваў розныя рэлігійныя часопісы, а таксама і беларускія выданьні: «Наша Доля», «Наша Ніва», «Biełarus».
Асьвета
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выказаўшы жаданьне вучыцца на сьвятара, дзякуючы рэкамэндацыі свайго пробашча сьвятара Віктара Валентыновіча, Віталіс Хамёнак праходзіў прыватнае навучаньне ва ўладальнікаў маёнтка Чарапоўшчына Маліноўскіх, а пазьней у Івашэўскіх у іх маёнтку Вухвішча.
Для паступленьня ў сэмінарыю патрэбна было добра ведаць лацінскую мову і здаць экзамэн на аптэкарскага вучня. Пабожныя Івашэўскія ў 1910 годзе паслалі Віталіса Хамёнка разам зь яшчэ двума хлопцамі здаваць іспыт у Маскву. Аднак, у адрозьненьне ад іх, Віталіс ня здаў там экзамэн. Зноў ён вярнуўся да Івашэўскіх. Аднак якраз тады Міністэрства асьветы выдала загад, каб не прымаць больш у сэмінарыі з атэстатам аптэкарскага вучня, а дамагацца пасьведчаньня аб скончанай 4-й клясе клясычнай гімназіі.
Тады ўжо надыйшоў час Віталісу Хамёнку ісьці на ваенную службу. Ён праслужыў 5 месяцаў і быў залічаны ў рэзэрву 1-е катэгорыі. Вярнуўшыся з войска, ён зноў узяўся за навуку па праграме 4-й клясы гімназіі. Найперш навучаўся ў маёнтку Івашэўскіх, а пасьля працягваў навуку ў Полацку. У 1913 годзе Віталіс Хамёнак здаў экзамэн за 4-ы клясы дзяржаўнай гімназіі ў г. Белым. Вясною 1913-га ён паехаў у Сейны Сувалкскай губэрні і здаў там экзамэн у каталіцкую духоўную сэмінарыю. Аднак восеньню 1913 году, калі прыехаў у Сейны, яму паведамілі, што губэрнатар не зацьвердзіў яго паступленьне ў сэмінарыю. У Сувалках на асабістым прыёме губэрнатар проста ў вочы яму сказаў, што ніякай прычыны для адмовы няма, проста ён так вырашыў. Віталіс Хамёнак напісаў рэктару духоўнай сэмінарыі ва Ўлацлаўку, паведаміўшы пра сваю сітуацыю, і той падтрымаў яго жаданьне вучыцца на сьвятара.
У 1913 годзе Віталіс Хамёнак паступіў у каталіцкую духоўную сэмінарыю ва Ўлацлаўку, дзе скончыў першы курс. У сувязі з пачаткам вайны далейшае атрыманьне тэалягічнай асьветы ў яго было няпростым. Два гады давялося працаваць павятовым пісарам, касірам, рэпэтытарам (даваў лекцыі слабым вучням, якія ня здолелі здаць іспыты). Увесь гэты час імкнуўся патрапіць у сэмінарыю ў Вільні і ў Пецярбургу, але марна, бо не было вольных месцаў.
Дзякуючы пратэкцыі аўтарытэтных дабрадзеяў Івашэўскіх здолеў нарэшце ўладкавацца ў сэмінарыю ў Пецярбургу. У 1916—1918 гг. два курсы ён навучаўся ў Пецярбургскай духоўнай сэмінарыі, дзя адным з яго прафэсароў-выкладчыкаў быў адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху а. Фабіян Абрантовіч.
З прычыны вайны і рэвалюцыі ў Расеі духоўная сэмінарыя спыніла існаваньне і чацьвёрты курс сэмінарыі Віталіс Хамёнак зноў давучваўся ва Ўлацлаўку (1918—1919). Матэрыяльныя ўмовы сэмінарыі ва Ўлацлаўку і праблемы са здароўем не дазволілі яму працягваць там сваё навучаньне. Змог завершыць сваю тэалягічную адукацыю толькі ў 1922 годзе ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, дзе навучаўся тры гады (1919—1922).[2]
Падчас навучаньня ў Віленскай духоўнай сэмінарыі летнія вакацыі ў 1920 годзе праводзіў у парафіі ў Барунах, дзе пробашчам быў кс. Міхал Пятроўскі, які адным з першых пачаў шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў казаньнях, катэхізацыі дзяцей і дарослых. У Барунах Віталіс Хамёнак займаўся катэхізацыяй дзяцей. З прыходам бальшавікоў ён разам зь іншым сэмінарыстам Казімерам Смулькам і пробашчам Міхалам Пятроўскім быў арыштаваны і пасаджаны ў турму ў Лідзе.
Сьвятарскае служэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1922 годзе біскупам Юрыем Матулевічам (сёньня — блаславёны) Віталіс Хамёнак быў высьвячаны на дыякана, а потым і на сьвятара. Пачынаў душпастырскую працу вікарыем у парафіі ў Друі, дзе пробашчам быў кс. Антон Зянкевіч. Выкладаў рэлігію ў пачатковых школах Друйскай рыма-каталіцкай парафіі. Дзякуючы прыкладу сьвятарскага служэньня і аскетычнага жыцьця кс. Антона Зянкевіча і наступнага друйскага пробашча а. Андрэя Цікоты, а таксама аднавіцеля Ордэну марыянаў біскупа Юрыя Матулевіча з 2 жніўня 1925 году стаў манахам у Друйскім кляштары марыянаў. Як каталік, які вырас у каталіцка-праваслаўнай вёсцы, дзе праваслаўныя сяляне (нашчадкі ўніятаў) часта хадзілі на набажэнствы ў касьцёл, быў прыхільнікам царкоўнай еднасьці, хацеў служыць ва ўсходнім абрадзе, спрыяў пашырэньню ідэі адраджэньня Уніі. Пры ягоным духоўным спрыяньні сьвятарскі шлях абраў блаславёны Юры Кашыра. У сваёй душпастырскай дзейнасьці імкнуўся карыстацца беларускай мовай. Быў перасьледаваны сьвецкімі ўладамі Польшчы за «беларускую агітацыю» сярод вучняў і моладзі рыма-каталіцкай парафіі ў Друі. Быў адхілены ад працы ў школах і з 1938 году працаваў толькі магістрам навіцыяту марыянаў.
У 1938 разам зь іншымі беларускімі сьвятарамі-марыянамі і клерыкамі а. Віталіс Хамёнак быў дэпартаваны польскімі ўладамі з памежнай Друі ў цэнтральную Польшчу. Пэўны час служыў вікарыем ў Бялянах (Варшава), потым у Гетшвальдзе ля Ольштына. Падчас Другой сусьветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе ахвярна служыў душпастырам. Пасьля выхаду на адпачынак жыў у кляштары марыянаў у Скужцы. Напісаў успаміны «Мой жыцьцяпіс» і некалькіх артыкулаў пра беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Пражыў 83 гады. Памёр 24 сьнежня 1971 у кляштары айцоў-марыянаў у Скужцу каля Седльцаў.
Беларускі каталіцкі сьвятар бізантыйскага абраду з Друйскага кляштару марыянаў а. Язэп Германовіч, вядомы таксама як беларускі пісьменьнік Вінцук Адважны, у сваім дзёньніку так узгадваў пра а. Віталіса Хамёнка:«...Чалавек саліднай цноты, ведамы спавяднік законьнікаў. Гэта адзін з вывезеных польскай паліцыяй законьнікаў-марыянаў, беларусаў з Друі. А. Віталіс быў чалавекам тыпова беларускага характару: абавязковы й станоўкі, марудны, але чэсны да высокай ступені ахвярнасьці, разумна пабожны й глыбокай простай веры. Падчас вайны ў Варшаве, не зважаючы на франты, усюды йшоў спавядаць хворых, куды заклікалі; меў прастрэленую сутану, паліто й брэвіяр, які трымаў у руках, але сам ранены ня быў. Вялікі й грузны, дагодны да прыцэлу, на дзіва быў пад Божаю апекай і нікога не баяўся».[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а. Вiталiс Хамёнак. Мой жыцьцяпіс // Юрась Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. Жыцьцярысы. Мартыралогія. Успаміны. — Мінск—Мюнхен, 1999. С. 443.
- ^ І. І. Трацяк. Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі. (Манагр.) — Гродна, ГрДУ, 2013. С. 213.
- ^ Лявон Юрэвіч. Мэмуары на эміграцыі. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кніга 4.) — Менск, 2005. С. 48.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Календарыюм(недаступная спасылка)
- Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік. Хамёнак Віталіс