Перайсьці да зьместу

Міхал Пятроўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пятроўскі.

Міхал Пятроўскі (3 кастрычніка 1889, в. Празарокі, Дзісенскі павет — 26 ліпеня 1931, Вінная) — беларускі хадэцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёла ў Беларусі.

Нарадзіўся 3 кастрычніка 1889 году ў мястэчку Празарокі на Віленшчыне. Паходзіў з сям’і месьцічаў. Бацькі — Язэп і Паўліна (з роду Садоўскіх). Пачатковую адукацыю атрымаў у сям’і, дома.

16 сьнежня 1904 г. здаў іспыт на аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі, што адчыняла перад ім шлях у духоўную сэмінарыю. У траўні 1905-га здаў іспыты ў Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, але праз адсутнасьць вольных месцаў на навучаньне быў прыняты толькі праз год у кастрычніку 1906 г. Пасьля яе закакнчэньня працягваў студыі ў Мітрапалітальнай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. Падчас навучаньня там браў удзел у працы беларускага культурна-асьветнага гуртка.

Высьвячаны на сьвятара ў 1912. Сьвятарскае служэньне распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі ў Даўгінаве Вілейскага дэканату. З 1917 году праацаваў у Шаркаўшчыне Дзісенскага дэканату, дзе быў адміністратарам мясцовай парафіі. У сакавіку 1919 году браў удзел у працы школьнай камісіі польскага епіскапату. Падаў прапанову і і ініцыяваў стварэньне «Хрысьціянскай хрэстаматыі для моладзі».

Быў удзельнікам Беларускага зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны 9—11 чэрвеня 1919 году. На зьездзе разам з праваслаўным сьвятаром М. Кушнёвым быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Раду Віленшчыны і Горадзеншчыны.

Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Зьвяртаўся да вернікаў з беларускімі казаньнямі. Шырока выкарыстоўваў родную мову на занятках па рэлігіі і пры катэхізацыі. Паводле ўспамінаў а. Віталіса Хамёнка, летам 1920 году, калі ён праводзіў свае вакацыі у парафіі ў Барунах, дзе пробашчам быў кс. Міхал Пятроўскі, з прыходам бальшавікоў ён разам зь іншым сэмінарыстам Казімерам Смулькам і пробашчам Міхалам Пятроўскім быў арыштаваны і пасаджаны ў турму ў Лідзе.

У 1921 годзе кс. Міхал Пятроўскі быў арыштаваны і зьняволены ў турму на Лукішках у Вільні. У 1925 годзе быў абвінавачаны ў «беларускай агітацыі» сярод жыхароў рыма-каталіцкай парафіі Даўгінава і пераведзены на службу на Падляшша. Памёр у Віннай Пінскай дыяцэзіі, пахаваны на мясцовых могілках.

  • Календарыюм // Czasopis, 10/2004