Фазы Месяца
Фа́зы Ме́сяца — пэрыядычна зьмяняныя станы асьвятленьня Месяца Сонцам.
Прырода фазаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьмяненьне фазы Месяца абумоўленая зьменамі ва ўмовах асьвятленьня Сонцам цёмнага шару Месяца падчас яго руху па арбіце. Са зьмяненьнем узаемнага разьмяшчэньня Зямлі, Месяца і Сонца тэрмінатар (мяжа паміж асьветленай і неасьветленай часткамі дыску Месяца) перасоўваецца, што й выклікае зьмяненьне абрысаў бачнай часткі Месяца.
Зьмяненьні бачнай формы Месяца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паколькі Месяц — сфэрычнае цела, пры яго частковым асьвятленьні збоку ўзьнікае «серп». Асьветлены бок месяца заўсёды паказвае ў бок Сонца, нават калі яно схаванае за гарызонтам.
Працягласьць тэрмінаў поўнага зьмяненьня фазаў Месяца (так званы сынадычны месяц) нясталая праз эліптычнасьць месяцовай арбіты, і вар’іруецца ад 29,25 да 29,83 зямнога сонечнага дню. Сярэдні сынадычны месяц складае 29,5305882 дню (29 дзён 12 гадзін 44 хвіліны 2,82 сэкунды)[1].
У фазах Месяца, блізкіх да ветаху (у пачатку першае чвэрці і ў канцы апошняе чвэрці), падчас вельмі вузкага сярпа, неасьветленая частка ўтварае так званае папялістае сьвятло Месяца — бачнае сьвячэньне неасьветленай простым сонечным сьвятлом паверхні характэрнага папялістага колеру.
Сыстэма Зямля-Месяц-Сонца
Месяц па сваім шляху вакол Зямлі асьвятляецца Сонцам, ён сам ня сьвеціцца.
Пасьлядоўнае зьмяненьне бачнага Месяца на небе
Месяц праходзіць наступныя фазы асьвятленьня[2]:
- Ветах (ці вятох) — стан, калі Месяц ня бачны; першая квадра.
- Раньні маладзік — першае зьяўленьне Месяца на небе пасьля ветаху ў выглядзе вузкага сярпа.
- Маладзік — стан, калі асьветленая «правая» палова Месяца; другая квадра.
- Позьні маладзік — пераходны стан паміж маладзіком і поўняй, большая частка Месяца асьветленая.
- Поўня (ці поўнік, падпоўня) — стан, калі асьветлены ўвесь Месяц цалкам; трэцяя квадра.
- Раньні сход — пераходны стан паміж поўняй і сходам, асьветленая частка Месяца пачынае зьмяншацца.
- Сход (ці схадок) — стан, калі асьветленая «левая» палова месяца
- Позьні сход — стан перад ветахам у выглядзе вузкага сярпа.
Заўвага: «правая» і «левая» паловы мае сэнс вылучаць толькі ў паўночным паўшар’і, бо зблізу экватару Месяц бачны у «ляжачым» стане, а для паўднёвага паўшар’я наагул усё будзе наадварот: пры маладзіку будзе асьветленая «левая» палова, а падчас сходу — «правая».
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 2009 году шэраг СМІ[3] паведаміў, што група аналітыкаў інвэстыцыйнага банку «Macquarie Securities» (Аўстралія) на аснове ўласнага дасьледаваньня прыйшла да выснове аб уплыве месяцовых фазаў на дынаміку індэксаў сусьветных фінансавых рынкаў[4].
Таксама прадстаўнікі брытанскай паліцыі заявілі аб сувязі месяцовых фазаў з узроўнем гвалту[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Phases of the Moon
- ^ Абмеркаваньне фазаў Месяца ў by-mova
- ^ Market chaos — it’s down to the lunatic fringe(недаступная спасылка) // The Times, 23.12.2009. (анг.)
- ^ Ваганні на фінансавых рынках залежаць ад фазы Месяца
- ^ Паліцыя ў брытанскім Брайтане мае намер узмацняць вулічныя патрулі падчас поўняў і ў дні выплаты заробкаў