Будтрэст № 3
Будтрэст № 3 | |
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | БВФБ:Стройтрест-3 |
Заснаваная | 9 чэрвеня 1958 (66 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства будаўніцтва БССР |
Разьмяшчэньне | Салігорск, Менская вобласьць, Беларусь |
Ключавыя фігуры | Сяргей Ермалінскі |
Галіна | Будаўніцтва |
Прадукцыя | Басэйн, гасьцініца, кавярня, жытло, завод, руднік, стадыён |
Абарачэньне | ▼1329,944 млрд руб[1] (2014; $129,622 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼105,797 млрд руб ($10,311 млн) |
Чысты прыбытак | ▼81,748 млрд руб ($7,966 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 3419 (2014) |
Матчына кампанія | Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь |
«Будтрэст № 3» — дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў чэрвені 1958 г. у Салігорску (Менская вобласьць). На пачатак 2015 г. меў 141 адзінку будаўнічай тэхнікі, у тым ліку 47 самазвалаў, 38 экскаватараў, 34 бульдозэры, 30 пагружальнікаў, 25 аўтамабіляў, 24 аўтамабільныя краны, 22 каткі, 16 трактароў, 15 аўтабэтоназьмяшальнікаў, 10 цягачоў і 9 вежавых кранаў. Складаўся з 5 будаўнічых управаў (№ 55, Слуцак; № 95; № 105; № 122; № 123), 2 мантажных і 3 спэцыяльных управаў. Меў уласны завод жалезабэтонных канструкцыяў і інфармацыйна-вылічальны цэнтар. У трэсьце працавалі 3616 работнікаў, у тым ліку 2612 будаўнікоў 28 прафэсіяў.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Будтрэст № 3» ажыцьцяўляе: земляныя, малярныя, сталярныя, тынкавальныя і цясьлярныя паслугі; усталяваньне пакрыцьцяў збудаваньняў, электраабсталяваньня будынкаў, падлогі; абліцоўваньне сьценаў, будаўніцтва трубаправодаў; узьвядзеньне лёгкай агароджы, зборных і маналітных бэтонных, драўляных, каменных і мэталічных канструкцыяў; азеляненьне, цяплаізаляцыю, ўсталяваньне вонкавых сетак, сантэхнікі і ўнутраных інжынэрных прыладаў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 чэрвеня 1958 г. «Будтрэст № 3» заснавалі для ўзьвядзеньня руднікоў «Беларуськалія» і гораду Салігорска[3], чым прадпрыемства працягвае займацца ўвесь час свайго існаваньня. У 1975 г. трэст пабудаваў у Мікашэвічах (Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць) найбольшы ў Эўропе драбільна-сартавальны завод «Граніт», што забясьпечыла прадпрыемства айчынным гранітным друзам. У 1973—1976 г. пабудавалі новую вытворчасьць пад «Слуцкі мясакамбінат». У 1978—1981 гг. узьвялі новы завод пад «Слуцкі сыраробчы камбінат». У 1997 г. трэст ператварылі ў ААТ «Салігорскпрамбуд». У 1999 г. у Менску ўзьвялі завод для вытворчасьці ралетаў на замову «Алютэх». У 2006 г. «Будтрэст № 3» закончыў будаўніцтва кампрэсарных станцыяў «Нясьвіская», «Крупская» і «Менская» (пасёлак Міханавічы) для газаправода «Ямал — Эўропа».
У 2007 г. у Менску пабудавалі гасьцініцу «Вікторыя». У красавіку 2008 г. прадпрыемству вярнулі назоў «Будтрэст № 3». За 2007—2011 г. пабудавалі 3105 кватэраў. У 2008 г. «Будтрэст № 3» узьвёў 26,719 тыс. м² жытла. У 2011 г. збудавалі 43 тыс. м² жытла ў гарадах Менскай вобласьці: Салігорск (439 кватэраў), Слуцак (100), Узда (100), Старыя Дарогі (80), Капыль (20). За 2011 г. выручка за падрадныя працы перавысіла 605 млрд рублёў, што склала каля 9% ад агульнай выручкі будаўнічых прадпрыемстваў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Таксама звыш паловы (633 з 1000) будаўнікоў на ўзьвядзеньні сухой вытворчасьці цэмэнту магутнасьцю 1,8 млн тонаў за год для «Крычаўцэмэнтнашыфэр» (Магілёўская вобласьць) працавалі на «Будтрэст № 3». У 2011 г. пабудавалі лядовую арэну ў Маладэчна. Прадпрыемства выступіла галоўным падраднікам пры ўзьвядзеньне гарадзкога стадыёна ў Барысаве. У сьнежні 2011 г. закончылі будоўлю цяплічнага комплекса для агракамбіната «Мачулішчы». «Будтрэст № 3» налічваў каля 5 тыс. супрацоўнікаў[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2014 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 29 траўня 2015 г. Праверана 31 сьнежня 2015 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 31 сьнежня 2015 г.
- ^ Уладзімер Маслоўскі. Як ствараўся будтрэст №3 // Будтрэст № 3, 6 чэрвеня 2013 г. Праверана 31 сьнежня 2015 г.
- ^ Уладзімер Хількевіч. Санта-Кляўсы ардэнаноснага трэста // Зьвязда : газэта. — 30 сьнежня 2011. — № 250 (27114). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інфармацыйна-вылічальны цэнтар «Будтрэста № 3» (рас.)
- Завод жалезабэтонных канструкцыяў «Будтрэста № 3» (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |