Перайсьці да зьместу

Блакітная крыніца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Блакітная крыніца
Сіні калодзеж
катэгорыя III (помнік прыроды) паводле МСАП
Агульны выгляд (ліпень 2011 г.)
Агульны выгляд (ліпень 2011 г.)
Разьмяшчэньнеурочышча Кліны (Прапойскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь)
Найбліжэйшы горад Прапойск
Каардынаты53°22′47″ пн. ш. 31°2′37″ у. д. / 53.37972° пн. ш. 31.04361° у. д. / 53.37972; 31.04361Каардынаты: 53°22′47″ пн. ш. 31°2′37″ у. д. / 53.37972° пн. ш. 31.04361° у. д. / 53.37972; 31.04361
Плошча314 м²
Сярэдняя вышыня136 мэтраў над узроўнем мора
Заснаваны 1985 год
Наведвальнасьць20 000 (у 2011)
Уласьнік Прапойскі раённы выканаўчы камітэт

Блакітная крыніцакрыніца, што месьціцца за 7 км на поўдзень ад Прапойска (Магілёўская вобласьць, Беларусь).

Побач з крыніцай праходзіць дарога Р140, што вядзе на подзень ад Прапойска і перасякае Сож па пантонным мосьце, які здымаюць на зіму. Зьлева да асфальтаванай аўтадарогі прымыкае гравійная дарога, што вядзе да крыніцы ва ўрочышча Кліны (Кабінагорскі сельсавет). Да наданьня статусу помніка прыроды рэспубліканскага значэньня ў 1985 годзе крыніцу называлі Сінім калодзежам[1]. Блакітная крыніца ёсьць найбольшай ва Ўсходняй Эўропе[2]. 4 лістапада 2017 году на ўсходзе Прапойскага раёну абвясьцілі Прапойскі заказьнік, які стаў акаляць Блакітную крыніцу[3].

Блакітная крыніца з капліцай (ліпень 2013 г.)

Вада ў крыніцы мае бірузовае адценьне і пастаянную тэмпэратуру +8°C круглы год. Паводле хімічнага складу, вада належыць да гідракарбанатнай клясы вапневай групы і мае павышанае ўтрыманьне фтору і крэмну. Крыніца ўяўляе сабой калодзеж дыямэтрам 1,2 мэтру і глыбінёй звыш 150 мэтраў, дзе вада цыркулюе ў тоўшчы пішчай крэйды. Абсяг выходзячай вады складае 60 літраў за сэкунду. Мінэралізаваная вада ў Блакітнай крыніцы (сума рашчыненых рэчываў 180,628 мг/дм³) б’е з глыбіні звыш 100 мэтраў і напаўняе невялікае возера памерам 20 на 12 мэтраў і глыбінёй да 2 мэтраў. З азярца выцякае ручай шырынёй 3—8 мэтраў і глыбінёй да мэтру, што ўпадае ў раку Галуба (левы прыток Сожу). На дне азярца крыніцы ёсьць белая гліна. У 2008 годзе навуковае дасьледаваньне выявіла ў крыніцы бура-фіялетавыя водарасьці[1]. Урочышча Кліны (Кабінагорскі сельсавет), у якім знаходзіцца Блакітная крыніца, складаецца з дубоў, ліпаў і альшыны. У пабудаваных вакол крыніцы альтанках жывуць ластаўкі[2].

Крынічная капліца (ліпень 2013 г.)

У найбольш глыбокім месцы крыніцы людзі набіраюць ваду, у іншым — акунаюцца. Штогод 14 жніўня [ст. ст. 1 жніўня] ў Мядовы Спас і дзень памяці 7 сьвятых пакутнікаў Макавеяў каля крынічнай капліцы адбываецца набажэнства і хрэсны ход. На сьвята прыяжджаюць госьці зь некалькіх раёнаў Магілёўскай і Гомельскай вобласьцяў Беларусі, а таксама з сумежных Бранскай вобласьці Расеі і Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны. Агулам сьвята наведваюць звыш 20 000 паломнікаў. Пасьля асьвячэньня вады сьвятарамі вернікі выконваюць старадаўні абрад, у ходзе якога тройчы пераходзяць Блакітную крыніцу. Таксама ладзіцца канцэрт і кірмаш, на якім мясцовыя пчаляры прадаюць свой розназёлкавы мёд цемнавага адценьня. У выхадныя дні крыніца зьяўляецца месцам адпачынку, вечарынаў і гандлю мёдам[1].

За савецкім часам мясцовыя ўлады забаранялі наведваць крыніцу, дзеля чаго на Мядовы спас 14 жніўня выстаўлялі міліцэйскія пасты на пад’езьдзе да яе. У выніку жыхары бліжэйшай вёскі Кліны, дзе цяпер урочышча, маліліся каля крыніцы ўначы. Каб выкараніць звычай, мясцовы калгас пабудаваў паблізу сьвінарнік[1].

Выгляд узімку (студзень 2016 г.)

Паводле паданьня, у 10-м стагодзьдзі мясцовыя радзімічы прынялі хрышчэньне ў Сінім калодзежы. У 1891 годзе этнограф Еўдакім Раманаў запісаў паданьне пра дзяўчыну Кацярыну, якая ператварылася ў крыніцу. Згодна з запісаным паданьнем хлопцы Сьцяпан і Макар кідалі камень дзеля згоды на жаніцьбу. Замест каханага Сьцяпана перамог Макар. Тады Кацярына стала крыніцай на карысьць людзям. У памяць пра гэтае паданьне каля крыніцы ўсталявалі валун[1].

  1. ^ а б в г д Ілона Іванова. Жывая вада Блакітнай крыніцы // Зьвязда : газэта. — 13 жніўня 2013. — № 149 (27514). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Валер Каліноўскі. Да Блакітнай крыніцы // Радыё «Свабода», 2 ліпеня 2009 г. Праверана 3 верасьня 2018 г.
  3. ^ Андрэй Ястрабаў, тэлеканал «Беларусь 1». Водна-балотны заказьнік пачаў функцыянаваць у Прапойскім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 27 лістапада 2017 г. Праверана 8 ліпеня 2021 г.