Перайсьці да зьместу

BelToll

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БелТол»)
«БелТол»
анг. BelToll
Дата ўтварэньня 1 ліпеня 2013 (11 гадоў таму)
Тып дарожная
Юрыдычны статус аплатная сыстэма
Мэта спагнаньне платы за праезд па аўтадарогах
Штаб-кватэра Менск, Кастрычніцкі раён, вул. Кіжаватава, д. 8
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы ангельская, польская і расейская[1]
Кіроўны орган ТАА «Капш Тэлематык Сэрвісіз»
Матчына кампанія ДУ «Белаўтастрада»[2]
Сайт beltoll.by/index.php/be

«БелТол» (анг. BelToll — бел. плата за праезд) — электронная сыстэма аплаты за праезд па платных дарогах Рэспублікі Беларусь, уведзеная ў выкарыстаньне 1 ліпеня 2013.

Аплата зьбіраецца з усіх транспартных сродкаў вагой болей за 3,5 тоны і з траспартных сродкаў вагой да 3,5 тоны, зарэгістраваных па-за межамі Мытнага зьвязу[3]. Дзякуючы тэхналёгіі радыёсувязі на кароткіх адлегласьцях(en) зборы за праезд зьбіраюцца без спыненьня транспартнага сродку падчас мінаньня ім мэталёвых парталаў. Для сувязі перадатчыка парталу з аўтамабілем на лабавым шкле апошняга павінна быць усталяваная адмысловая бартавая прылада.

На 2018 год дзейнічалі наступныя расцэнкі аплаты праезду па аўтадарогах:

  • легкавы аўтамабіль (маса да 3,5 тоны) — 0,04 эўра/км;
  • грузавік і аўтобус (маса звыш 3,5 тоны) з 2 восямі — 0,09 эўра/км;
    • з 3 восямі — 0,115 эўра/км;
    • з 4 і больш восямі — 0,145 эўра/км[4].

Існавала магчымасьць аплаты праз паліўныя карты 7 прадпрыемстваў: УП «Беларуснафта» (Гомель), ДУ «Белаўтастрада», «Берліё», «ДКВ Эўрасэрвіс» (Рацінген, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына), «Е100» (Варшава, Польшча), «ЭўраВаг» (Прага, Чэхія) і «ЭўраШэл» (Гаага, Нідэрлянды)[5]. Таксама можна было выкарыстоўваць аплатныя карткі «Белкарт», «Віза» (Фостэр, штат Каліфорнія, ЗША) і «Мастэркард» (Пэрчэс, штат Нью-Ёрк, ЗША). Закладная цана бартавой прылады склада 20 эўра для легкавога аўтамабіля (маса да 3,5 тоны) і 50 эўра для аўтобуса і грузавіка з масай звыш 3,5 тоны. Найменшы памер перадааплаты складаў 25 эўра. Найбольшы памер рэшты перадаплаты на рахунку бартавой прылады складаў 350 эўра[6]. 42 пункты абслугоўваньня «БелТол» выдавалі бартавыя прылады ва ўсіх 6 абласьцях Беларусі[7].

29 лютага 2012 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 188 «Аб заключэньні інвэстыцыйнай дамовы між Рэспублікай Беларусь і кампаніяй «Капш Трафік Ком» (Аўстрыйская Рэспубліка)». Дамова прадугледжвала ажыцьцяўленьне «стварэньня і эксплёатацыі сыстэмы электроннага збору платы ў рэжыме вольнага шматпалоснага руху за праезд транспартных сродкаў па азначаных дарогах Рэспублікі Беларусь». Увоз даччыным ТАА «Капш Тэлематык Сэрвісіз» адпаведнага абсталяваньня вызваляўся ад мытаў[8]. Тым часам, у Аўстрыі адпаведную сыстэму дарожных мытаў шмат гадоў эксплюатавала дзяржаўнае «Акцыйнае таварыства фінансаваньня аўтамагістраляў і хуткасных дарог», чый досьвед паслужыў узорам для перайманьня ў Беларусі. 27 верасьня 2012 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 426 «Аб асобных пытаньнях функцыянаваньня сыстэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў па азначаных дарогах Рэспублікі Беларусь». Згодна з 2-м пунктам Указу загадвалася «Увесьці ў дзеяньне сыстэму электроннага збору платы з 1 ліпеня 2013 году». Паводле падпункту 4.5 Указу прадугледжвалася, што «кіраваньне працай сыстэмы электроннага збору платы ажыцьцяўляе замежнае ТАА «Капш Тэлематык Сэрвісіз» (Рэспубліка Беларусь), якое выдае кіроўцам адпаведныя бартавыя прылады аплаты. Згодна з падпунктам 4.6 «грашовыя сродкі, атрыманыя ад спагнаньня платы за праезд па платных дарогах, падлягаюць залічэньню на рахунак ДУ «Белаўтастрада» і пасьля сплаты кампаніі «Капш Трафік Ком» плацяжоў у адпаведнасьці з інвэстыцыйнай дамовай і згодна Дадатку да гэтага Ўказу пералічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт»[9].

На першым этапе сыстэмай «БелТол» ахоплена 815 км дзяржаўных аўтадарог:[10]

23 кастрычніка 2013 году лік плацельшчыкаў праз аўтадарожны партал «БелТол» дасягнуў 160 000 чалавек[11]. Пры аўтадарогах адчынілі 48 пунктаў абслугоўваньня і 2 цэнтры апрацоўкі інфармацыі[12].

  1. ^ Уваход (рас.) // «БелТол», 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Аб кампаніі // «БелТол», 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  3. ^ Сыстэма аплаты за праезд. BelToll. Праверана 28 жніўня 2013 г.
  4. ^ Тарыфы // «БелТол», 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  5. ^ Атрыманьне бартавой прылады // «БелТол», 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  6. ^ Дамова ў рэжыме перадаплаты // «БелТол», 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  7. ^ Пункты абслугоўваньня // «БелТол», 27 траўня 2010 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  8. ^ Уладзімер Сямашка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2012 г. № 188 «Аб заключэньні інвэстыцыйнай дамовы між Рэспублікай Беларусь і кампаніяй «Капш Трафік Ком» (рас.) // Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, 29 лютага 2012 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  9. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 верасьня 2012 г. № 426 «Аб асобных пытаньнях функцыянаваньня сыстэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў па азначаных дарогах Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 4 кастрычніка 2012 г. Праверана 22 ліпеня 2018 г.
  10. ^ Платныя дарогі. BelToll. Праверана 28 жніўня 2013 г.
  11. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 24 кастрычніка 2013. — № 201 (27566). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Сьвятлана Барысенка. Першая катэгорыя // Зьвязда. — 26 кастрычніка 2013. — № 203 (27568). — С. 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]