Аляксандар Астрамовіч
Аляксандар Астрамовіч лац. Alaksandar Astramovič | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | паэт, каталіцкі сьвятар |
Нарадзіўся | 26 лістапада (8 сьнежня) 1878 |
Памёр | 17 студзеня 1921 (42 гады) |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Алякса́ндар Астрамо́віч (псэўданім Андрэй Зязюля; 7 сьнежня [ст. ст. 26 лістапада] 1878, вёска Навасады, цяпер Ашмянскі раён — 17 студзеня 1921, Сянно, цяпер Віцебская вобласьць) — беларускі каталіцкі сьвятар, паэт, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху XX стагодзьдзя.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў дробнашляхецкай сям’і Сьцяпана і Ганны зь Міхалевічаў у вёсцы Навасады Гальшанскай воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Ашмянскі раён). Скончыў народную вучэльню ў Гальшанах (1888—1890), павятовую вучэльню ў Ашмянах (1890—1892).
Працаваў на бацькавай гаспадарцы, у 1901—1903 — на службе ў 160-м пяхотным Абхаскім палку ў Гомлі і Барысаве, малодшы унтэр-афіцэр.
У 1903—1904 спрабаваў паступіць у Віленскую духоўную сэмінарыю. У 1905 зьехаў у Пецярбург, дзе ў наступным годзе здаў іспыты на званьне аптэкара. У 1906—1911 навучаўся ў Магілёўскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу, дзе ўсьвядоміўся як беларус. У час навучаньня стварыў і ачоліў аб’яднаньне клірыкаў-беларусаў.
У 1910 высьвячаны на сьвятара. Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы (цяпер Іўеўскі раён) (тут пачаў гаварыць касьцельныя казаньні па-беларуску), Ракаў, Новы Сьвержань, Анопаль, Сьмілавічы, Абольцы, Сянно. Выступаў за беларусізацыю касьцёла, за што перасьледаваўся касьцельнымі ўладамі, два гады быў без парафіі. 26 лістапада 1914 на пахаваньні ў Кухцічах князя Мікалая Радзівіла, мужа Магдалены Радзівіла, вёў надмагільную прамову па-беларуску[1].
Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці Беларусі. Быў знаёмы зь Янкам Купалам. Адзін з заснавальнікаў і сябра Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці (1915)[2], адзін з арганізатараў і ўдзельнік зьезду беларускага каталіцкага духавенства ў Менску (1917)[3]. Пасьля прыходу бальшавікоў арыштаваны, у 1920 року некалькі тыдняў прасядзеў у астрозе.
Актыўны папулярызатар беларускай каталіцкай ідэі на бачынах пэрыядычнага друку. Адзін з ініцыятараў выданьня газэты «Biełarus» (хоць у склад рэдакцыі не ўваходзіў).
Памёр у Сяньне, пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ да сэмінарыі праз суседа-ксяндза Адама Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Браніслава Эпімаха-Шыпілы, далучыўся да беларускай паэзіі. Пісаць пачаў у сэмінарыі; вядомая дата напісаньня ягонага верша «Вясковая раніца»: Пецярбург, 29.III.1908.
Апублікаваны першы верш «Песьня дзяўчаці» у 1909 у газэце «Наша Ніва». Акрамя яе, друкаваўся таксама ў газэтах «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё».
Выдаў зборнік паэзіі «З роднага загону» (Вільня, 1913, 2-ое дапоўненае выданьне 1931), паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (Прага, 1917). Выйшла ягонае вершаванае апавяданьне «Аленчына вясельле» (Вільня, 1923). Аўтар беларускага рэлігійнага гімну «Божа, што калісь народы…»
Творчасьць прасякнутая хрысьціянскім сьветапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэньня Беларусі, вера ў ейную лепшую будучыню. У прыродзе, у людзях, у розных праявах жыцьця Андрэй Зязюля бачыў тую красу, вяршыняй якой зьяўляецца Бог.
Зьбіраў народныя песьні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песьні з нотамі» Т. 2. (Пецярбург, 1912).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: збор твораў / Адам Станкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 1097 с — С. 418. — ISBN 978-80-866961-13-3.
- ^ „Хрысьціянская злучнасьць“, 1915 год. Крыніца.info (23 красавіка 2017). Праверана 6 кастрычніка 2022 г.
- ^ Зьезд беларускага каталіцкага духавенства 24—25 траўня 1917 году ў Менску. Крыніца.info (17 траўня 2017). Праверана 6 кастрычніка 2022 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1998 Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 125.
- Беларускі фальклор: энцыклапедыя: [у 2 т.]. — Мн.: 2005 Т. 1. — С. 555.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя : жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны = Die weisrussischen personlichkeiten des geistlichen lebens im XX. jarhundert / [аўтар-укладальнік Ю. Гарбінскі]. — Мюнхен ; Мінск: 1999. — С. 10—11, 269—274, 547, 548.
- Віцьбіч Ю. Бог і Бацькаўшчына: 1878—1968. У 90-я ўгодкі ад нараджэньня Андрэя Зязюлі // Божым шляхам. 1968. № 6. С. 12—15.
- Гэрмановіч Я. Мае прыяцелі: Аляксандар Астрамовіч (Андрэй Зязюля) 26.ХІ.1878 — 17.І.1921 // Божым шляхам. 1965. № 2. С. 6—7.
- 137 // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. Аляксандраў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4. — 660с.:іл. с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-11-0746-5
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 7—8. С. 140—144.
- Х. М-а. Замест вянка на магілу Андрэя Зязюлі // Божым шляхам. 1951. № 3. С. 10—12.
- Шаставец У. Крыж і церні жыцця: Андрэй Зязюля // Полымя. 1999. № 4. С. 285—296.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1996 Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 457.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Pages using the JsonConfig extension
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай рыма-каталіцкай сэмінарыі
- Нарадзіліся 8 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1878 годзе
- Нарадзіліся ў Віленскай губэрні
- Памерлі 17 студзеня
- Памерлі ў 1921 годзе
- Нарадзіліся ў Ашмянскім раёне
- Беларускія каталіцкія сьвятары
- Беларускія паэты
- Беларускамоўныя паэты і паэткі