Перайсьці да зьместу

Божым шляхам (1947)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Божым шляхам (1964)»)
Божым шляхам
Тэматыка рэлігійная, грамадзкая
Пэрыядычнасьць штомесячнік
Краіна Францыя, Вялікабрытанія
Заснавальнік Леў Гарошка
Галоўны рэдактар Леў Гарошка і Язэп Германовiч
Дата заснаваньня 1947
Дата закрыцьця 1980
Мова беларуская

«Бо́жым шля́хам» — рэлігійны часопіс, які выдаваўся грэка-каталіцкімі сьвятарамі ў эміграцыі ў 1947—1958 рр. (у Парыжы) і 1964—1980 рр. (у Лёндане). Паводле якасьці матэрыялаў, тэматычнай шырыні і свайго ўплыву на рэлігійны і грамадзкі дыскурс эмігранцкай супольнасьці часопіс стаў найбольш уплывовым рэлігійным выданьнем беларускай паваеннай дыяспары[1].

Першы нумар часопісу пабачыў сьвет у кастрычніку 1947 року пад рэдактарствам айца Льва Гарошкі, які годам раней у Рыме выдаў першы беларускі грэка-каталіцкі малітоўнік пад той жа назвай. У Парыжы айцец Гарошка быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі, заснаванай для апекі шматлікіх на той момант суродзічаў, што апынуліся ў Францыі пасьля Другой сусьветнай вайны. Выданьне было акрэсьлена рэдактарам як «часапіс беларускае рэлігійнае думкі», а мэта — гуртаваць суродзічаў і ўмацоўваць іх у духу еднасьці[2].

Ад самага пачатку часопіс заявіў пра сябе як ня толькі рэлігійнае монаканфэсійнае выданьне: «Галіна нашай працы, наш шлях — гэта шлях Божы, духовы, рэлігійны; аднак хочам яго разумець ня толькі ў сэнсе дэвацыйна-канфэсійным, аднаабрадным. але і ў сэнсе шырэйшым — хрысьціянска-нацыянальнай культурнай ды сацыяльнай брацкасьці і салідарнасьці»[2]. Ужо ў першым нумары публікаваліся творы аўтараў рознай канфэсійнай прыналежнасьці[3] і даваўся агляд іншых беларускіх рэлігійных выданьняў дыяспары — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх[4]. Разам з тэмай рэлігійнай салідарнасьці і еднасьці на старонках часопісу рэгулярна абмяркоўвалася пытаньне савецкай антырэлігійнасьці.

Практычна ўсе матэрыялы першых нумароў напісаны — пад рознымі псэўданімамі і бяз подпісу — айцом Гарошкам. Ад трэцяга нумару рэгулярным аўтарам стаў айцец Часлаў Сіповіч (Лёндан)[5]. Публікаваліся таксама мастацкія творы, пераважна эміграцыйных аўтараў[6].

У 1947—1950 рр. часопіс выходзіў штомесяц, часам — падвоенымі нумарамі. Ад студзеня 1951 ён стаў двумесячнікам, з 1955 — квартальнікам, у 1956 выйшлі два нумары, у 1957 — адзін выпуск, пасьля чаго выданьне прыпынілася.

«Божым шляхам» быў адноўлены ў 1964 року ў Лёндане, дзе пры Беларускай каталіцкай місіі сабралася група добра адукаваных і актыўных сьвятароў на чале зь біскупам Чаславам Сіповічам. Сярод іх былі айцец Язэп Германовіч — новы рэдактар часопісу — і айцец Аляксандар Надсан. Да іх у 1960 року далучыўся айцец Леў Гарошка. Каталіцкая місія была як рэлігійным, так і важным культурным асяродкам, зь якога пазьней вырасла Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны. У Лёндане таксама існавала ўжо Англа-беларускае таварыства, якое стымулявала інтарэс да Беларусі і беларусазнаўчыя дасьледаваньні. Гэта дазволіла прыцягнуць да супрацоўніцтва з часопісам такіх значных аўтараў, як Гай Пікарда, Вера Рыч і айцец Тамаш Падзява, а зь іншых краінаў — айца Робэрта Тамушанскага, пісьменьніка Ўладзімера Глыбіннага, актыўных дзеячоў дыяспары Кастуся Чабатара і Язэпа Малецкага[7].

Тэматыка часопісу стала шырэйшай у параўнаньні з парыскім пэрыядам за кошт арыгінальных дасьледчых артыкулаў, найперш — айца Аляксандра Надсана (царкоўная гісторыя, гісторыя беларускага кнігавыданьня, скарыназнаўства), а таксама Гая Пікарды, які фактычна запачаткаваў новую галіну ведаў — гісторыю беларускай царкоўнай музыкі[8]. Часопіс падрабязна асьвятляў падзеі Другога Ватыканскага сабору, у якім браў удзел біскуп Часлаў Сіповіч. Таксама Язэп Германовіч, пад псэўданімам Вінцук Адважны, публікаваў свае байкі і фэльетоны[9].

Як і ў парыскі пэрыяд, пэрыядычнасьць часопісу паступова зьніжалася. У 1973 ён стаў квартальнікам, у 1975 выйшлі толькі два выпускі, у 1976 — адзін і ніводнага — у 1977. Адзіны выпуск за 1978 рок быў прысьвечаны памяці памерлага айца Льва Гарошкі, выпуск за 1979 — памяці памерлага айца Язэпа Германовіча; апошні, 151-ы, нумар, зьявіўся ў 1980 року. Апошнія нумары рыхтавалі айцец Аляксандар Надсан і біскуп Часлаў Сіповіч[9].

  1. ^ Гарбінскі Ю. Беларускі рэлігійны друк на Захадзе (1945—2005). Нью-Йорк — Варшава, 2009. — 196 стар.
  2. ^ а б Задума. Наша палажэньне — нашы мэты. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 2 стар.
  3. ^ Із сучаснае беларускае паэзіі на эміграцыі. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 11—12 стар.
  4. ^ Рэлігійная беларуская прэса на эміграцыі. Божым шляхам, 1947, 1 (кастр.) — 10 стар.
  5. ^ Надсан А. Біскуп Чэслаў Сіповіч. — Мн.: БелФранс, 2004 — стар. 82.
  6. ^ Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 406 стар.
  7. ^ Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 407 стар.
  8. ^ Dingley, J. Vera Rich and Guy Picarda — the Centipede's Dilemma // paper delivered at the Congress of the International Association of Belarusianists, Minsk, May 2015.
  9. ^ а б Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 408 стар.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]