Лацый

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Лацый (па-лацінску: Latium) ці інакш Старажытны Лацый — гістарычная вобласьць Сярэдняй Італіі. Лацый займаў паўднёвую частку сучаснай італьянскай правінцыі Ляцыё, цяпер практычна адпавядае яе адміністрацыйнай адзінцы — Лятына.

Даволі позна, у 2 тысячагодзьдзі да н. э., заселены невялікім племем лацінаў ад якіх і атрымаў сваю назву. Уяўляў сабою пагорыстую раўніну ў ніжняй плыні Тыбру плошчай каля 1,5 тысячы квадратных кілямэтраў. Межамі яму служылі Тырэнскае мора, Тыбр, прыток Тыбра Аніё, Сабінскія горы, узгорыстыя раёны экваў, гернікаў і вольскаў. Цэнтар Лацыя — Альбанскія пагоркі.

Лацый знаходзіўся паміж двума багатымі абласьцямі — Этрурыяй і Кампаніяй, населенымі плямёнамі з разьвітой культурай і гандлем. Суднаходная верхняя плынь Тыбру злучала Лацый з унутранымі тэрыторыямі Апэнінскай паўвыспы, а Тырэнскае мора было раёнам ажыўленага гандлю паміж картагенянамі, грэкамі і этрускамі. Вульканічны попел служыў выдатным угнаеньнем і рабіў глебы вельмі ўрадлівымі, земляробства і жывёлагадоўля былі асноўным заняткам жыхароў. Насельніцтва Старажытнага Лацыя мела вялікаю шчыльнасьць, клімат быў больш вільготным чым цяпер і па-за пагоркамі было шмат багны. Зямельныя надзелы былі малыя, традыцыйна каля 0,5 гектару. Знойдзены шматлікія сьляды дрэнажных сыстэм.