Перайсьці да зьместу

Афініці-групы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Афініці-група — гэта група, сфармаваная вакол агульных інтарэсаў ці агульнай мэты, да якой фармальна ці нефармальна належаць людзі. Афініці-групы, зазвычай, ня могуць знаходзіцца пад эгідай якой-небудзь дзяржаўнай установы, а іх мэты насамперш некамэрцыйныя. Прыкладамі такіх груп зьяўляюцца фан-клюбы, клюбы паводле інтарэсаў, студэнцкія зьяднаньні (у Паўночнай Амэрыцы), пісьменьніцкія і чытацкія гурткі і групы, што займаюцца грамадзянскай актыўнасьцю.

Некаторыя афініці-групы арганізаваны неіерархічнай выявай, часта выкарыстоўваюць кансенсуснае прыманьне пастаноў, і часта складаюцца з давераных сяброў. Яны забясьпечваюць гнуткі і дэцэнтралізаваны мэтад арганізацыі. Іншыя афініці-групы могуць мець герархію для забесьпячэньня кіраваньня доўгатэрміновымі інтарэсамі групы, ці калі група досыць вялікая, каб патрабавалася дэлегаваньне абавязкаў іншым чальцам ці супрацоўнікам.

Афініці-групы могуць быць заснаваны на агульнай ідэалёгіі (напрыклад, анархізм, кансэрватызм), агульнай заклапочанасьці паводле пэўнага пытаньня (напрыклад, антыядзерны рух, рух супраць абортаў) ці агульнай чыннасьці, ролі, інтарэсах ці навыках (напрыклад, праўная дапамога, мэдыцына, інжынэрыя). Афініці-групы могуць мець альбо адкрытае, альбо больш пашыранае зачыненае чалецтва. Некаторыя спаганяюць чалецкія ўнёскі ці чакаюць, што ўсе чальцы падзеляць міжсобку расходы групы.

Палітычныя афініці-групы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычныя афініці-групы вядомы з XІX стагодзьдзя — гэта быў упадабаны спосаб арганізацыі гішпанскіх анархістаў (па-гішпанску: grupos de afіnіdad), меўшых сваю базу ў тэртуліях ці ў мясцовых групах [1].

Палітычна арыентаваныя афініці-групы ў ЗША атрымалі грамадзкую ўвагу падчас руху супраць вайны ў Віетнаме ў 1960—1970-х гадах. Панятак упершыню быў скарыстаны Бэнам Морэа і радыкальнай анархічнай групоўкай Black Mask.

Пазьней антываенныя актывісты ва ўнівэрсытэцкіх кампусах ЗША арганізоўваліся вакол сваіх хобі ці паходжаньня — рэлігійнага, гендэрнага, этнічнага і г. д. Яны сталі пашыраны ў 1970-х гадах у рамках антыядзернага руху ў ЗША і Эўропе. Блякада Рурскай атамнай электрастанцыі ў Нямеччыне ў 1969 годзе, што сабрала 30000 маніфэстантаў, была арганізавана паводле мадэлі афініці-груп. Дасёньня гэта структура выкарыстоўваецца рознымі актывістамі: за правы жывёл, ахову навакольнага асяродзьдзя, антываенная і антыглябалісцкая і г. д.

  1. ^ Rant Collective: History of Affinity groups. Архівавана 19 траўня 2006 года.