Аркадзь Шпунт
Аркадзь Шпунт | |
Дата нараджэньня | 28 траўня 1947[1] (77 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | рэстаўратар, скульптар, публіцыст, сцэнарыст |
Месца працы | |
Дзеці | Андрэй Шпунт |
Узнагароды | |
Аркадзь Самуілавіч Шпунт (нар. 28 траўня 1947, Барысаў) — беларускі мастак, рэстаўратар. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2020)[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь дзяцінства выявіў мастацкія здольнасьці. У 1962—1967 гадах вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні на скульптара[2].
Працаваў мастаком-афарміцелем кароткі час, а пасьля ўладкаваўся на працу ў ляпны цэх наваствораных «Адмысловых навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў»[2].
Прафэсійныя веды ў рэстаўрацыйнай справе атрымаў у Маскве ва Ўсесаюзнай цэнтральнай навукова-дасьледчай лябараторыі кансэрвацыі і рэстаўрацыі музэйных каштоўнасьцей у такіх майстроў, як Яўгенія Крысьці, Вольга Уладзіміраўна Лялекава, і ў горадзе Ўладзімеры ў Аляксандра Някрасава[2].
Неаднаразова ўдзельнічаў у экспэдыцыях для выратаваньня царкоўных твораў мастацтва, у тым ліку абразоў[2].
З 1999 году працуе ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь. У 2008 годзе ён стаў загадчыкам аддзелу навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў. Зьяўляючыся загадчыкам, ён ня толькі значна пашырыў штат мастакоў-рэстаўратараў, але і рэарганізаваў усю структуру аддзелу, падзяліўшы яго на чатыры адмысловыя сэктары[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры «Спэцыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях» займаўся рэстаўрацыяй ляпніны Сафійскага сабору ў Полацку і палацу Булгакаў у Жылічах і рэстаўрацыяй керамічнага ўбраньня пахавальні князёў Паскевічаў у Гомелі (1970—1973). Удзельнічаў у рэстаўрацыі разьбы, скульптуры і дэкаратыўнага ўбраньня царквы Усмас. Працаваў над шматлікімі творамі ў Музэі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАН Беларусі[2].
Удзельнічаў у рэстаўрацыі алтароў касьцёлу Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску (1980—1986), дзе адпрацоўвалі мэтодыкі і тэхналёгіі выкарыстаньня новых сынтэтычных матэрыялаў[2].
У 1997 годзе брыгадай рэстаўратараў пад кіраўніцтвам Шпунта была пачата рэстаўрацыя манумэнтальнага жывапісу ў менскім рымска-каталіцкім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. У 2007 годзе канчаткова раскрыта скляпеньне галоўнага нефа і росьпіс капліцы Сьв. Феліцыяна. Гэтая праца Шпунта была адзначана апостальскім благаслаўленьнем Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI і ўручэньнем нагруднага знаку Міністэрства культуры «За ўклад у разьвіццё культуры Беларусі»[2].
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьяўляецца аўтарам шматлікіх аповесьцяў-эсэ («Блікі адыходзячага дня» (1989), «Момант Нуль» (2000); навуковых публікацыяў, шэрагу сцэнарыяў дакумэнтальных фільмаў (фільм «Маці Мізэрэкордыя» рэжысэра Ю. Гарулёва узнагароджаны Гран-пры міжнароднага кінафэстывалю ў Непакалянуве (Польшча). Пастаянны аўтара рэлігійна-культурнага часопіса «Наша вера»[2].
Званьні і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1985 годзе Ўсесаюзная атэстацыйная камісія Міністэрства культуры СССР атэставала яго мастаком-рэстаўратарам найвышэйшай катэгорыі[2].
У студзені 2011 году быў узнагароджаны граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за плённую працу і актыўны ўдзел у музэефікацыі Замкавага комплексу «Мір». У сакавіку 2011 году Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт узнагародзіў Аркадзя Шпунта граматай Патрыяршага Экзархата ў благаслаўленьне за працы ў славу Сьвятой Праваслаўнай царквы[2].
У 2012 годзе калектыў рэстаўратараў пад кіраўніцтвам Шпунта быў узнагароджаны «Спэцыяльнай прэміяй прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва» за правядзеньне рэстаўрацыі 10 твораў сакральнага жывапісу і абразоў іканастасу Жыровіцкага манастыру[2].
У ліпені 2020 году загадчык аддзелу навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музэя Аркадзь Шпунт удастоены ганаровага званьня «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь»