Перайсьці да зьместу

Аляксандар Астрамовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Андрэй Зязюля»)
Аляксандар Астрамовіч
лац. Alaksandar Astramovič
Адукацыя
Дзейнасьцьпаэт, каталіцкі сьвятар
Нарадзіўся26 лістапада (8 сьнежня) 1878
Памёр17 студзеня 1921(1921-01-17) (42 гады)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Алякса́ндар Астрамо́віч (псэўданім Андрэй Зязюля; 7 сьнежня [ст. ст. 26 лістапада] 1878, вёска Навасады, цяпер Ашмянскі раён — 17 студзеня 1921, Сянно, цяпер Віцебская вобласьць) — беларускі каталіцкі сьвятар, паэт, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху XX стагодзьдзя.

Нарадзіўся ў дробнашляхецкай сям’і Сьцяпана і Ганны зь Міхалевічаў у вёсцы Навасады Гальшанскай воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Ашмянскі раён). Скончыў народную вучэльню ў Гальшанах (1888—1890), павятовую вучэльню ў Ашмянах (1890—1892).

Працаваў на бацькавай гаспадарцы, у 1901—1903 — на службе ў 160-м пяхотным Абхаскім палку ў Гомлі і Барысаве, малодшы унтэр-афіцэр.

У 1903—1904 спрабаваў паступіць у Віленскую духоўную сэмінарыю. У 1905 зьехаў у Пецярбург, дзе ў наступным годзе здаў іспыты на званьне аптэкара. У 1906—1911 навучаўся ў Магілёўскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу, дзе ўсьвядоміўся як беларус. У час навучаньня стварыў і ачоліў аб’яднаньне клірыкаў-беларусаў.

У 1910 высьвячаны на сьвятара. Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы (цяпер Іўеўскі раён) (тут пачаў гаварыць касьцельныя казаньні па-беларуску), Ракаў, Новы Сьвержань, Анопаль, Сьмілавічы, Абольцы, Сянно. Выступаў за беларусізацыю касьцёла, за што перасьледаваўся касьцельнымі ўладамі, два гады быў без парафіі. 26 лістапада 1914 на пахаваньні ў Кухцічах князя Мікалая Радзівіла, мужа Магдалены Радзівіла, вёў надмагільную прамову па-беларуску[1].

Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці Беларусі. Быў знаёмы зь Янкам Купалам. Адзін з заснавальнікаў і сябра Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці (1915)[2], адзін з арганізатараў і ўдзельнік зьезду беларускага каталіцкага духавенства ў Менску (1917)[3]. Пасьля прыходу бальшавікоў арыштаваны, у 1920 року некалькі тыдняў прасядзеў у астрозе.

Актыўны папулярызатар беларускай каталіцкай ідэі на бачынах пэрыядычнага друку. Адзін з ініцыятараў выданьня газэты «Biełarus» (хоць у склад рэдакцыі не ўваходзіў).

Памёр у Сяньне, пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Яшчэ да сэмінарыі праз суседа-ксяндза Адама Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Браніслава Эпімаха-Шыпілы, далучыўся да беларускай паэзіі. Пісаць пачаў у сэмінарыі; вядомая дата напісаньня ягонага верша «Вясковая раніца»: Пецярбург, 29.III.1908.

Апублікаваны першы верш «Песьня дзяўчаці» у 1909 у газэце «Наша Ніва». Акрамя яе, друкаваўся таксама ў газэтах «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё».

Выдаў зборнік паэзіі «З роднага загону» (Вільня, 1913, 2-ое дапоўненае выданьне 1931), паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (Прага, 1917). Выйшла ягонае вершаванае апавяданьне «Аленчына вясельле» (Вільня, 1923). Аўтар беларускага рэлігійнага гімну «Божа, што калісь народы…»

Творчасьць прасякнутая хрысьціянскім сьветапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэньня Беларусі, вера ў ейную лепшую будучыню. У прыродзе, у людзях, у розных праявах жыцьця Андрэй Зязюля бачыў тую красу, вяршыняй якой зьяўляецца Бог.

Зьбіраў народныя песьні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песьні з нотамі» Т. 2. (Пецярбург, 1912).

  1. Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: збор твораў / Адам Станкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 1097 с — С. 418. — ISBN 978-80-866961-13-3.
  2. „Хрысьціянская злучнасьць“, 1915 год. Крыніца.info (23 красавіка 2017). Праверана 6 кастрычніка 2022 г.
  3. Зьезд беларускага каталіцкага духавенства 24—25 траўня 1917 году ў Менску. Крыніца.info (17 траўня 2017). Праверана 6 кастрычніка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]