Перайсьці да зьместу

Усевалад Ігнатоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Ігнатоўскі

лац. Usievaład Ihnatoŭski
Дата нараджэньня 19 красавіка 1881(1881-04-19)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 4 лютага 1931(1931-02-04) (49 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Тартускі ўнівэрсытэт (1911)
Занятак гісторык, палітык
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы
Сябра ў Нацыянальная акадэмія навук Украіны і Беларуская школьная рада Меншчыны
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ігнатоўскі (неадназначнасьць).

Усе́валад Мака́равіч Ігнато́ўскі (19 красавіка 1881, вёска Такары, цяпер Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці — 4 лютага 1931, Менск) — беларускі гісторык, грамадзкі й палітычны дзяяч. Першы прэзыдэнт АН Беларусі (1928).

У 1911 годзе скончыў Тартускі ўнівэрсытэт (Юр’еўскі). У 1914—1921 працаваў выкладнікам, старшынём пэдагагічнай рады Менскага настаўніцкага інстытуту. У 1915 стварыў культурна-асьветніцкую арганізацыю «Наш край» (у 1917 пераўтвораная ў арганізацыю «Маладая Беларусь»). У час польскай акупацыі ў студзені 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як яе старшыня 31 ліпеня 1920 удзельнічаў у падпісаньні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». Са сьнежня 1920 народны камісар асьветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 першы прэзыдэнт Інстытуту беларускай культуры, са сьнежня 1928 прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук, дырэктар Інстытуту гісторыі.

У час кампаніі супраць гэтак званага нацыянал-дэмакратызму ў 1930 быў вызвалены ад пасады прэзыдэнта АН Беларусі, як «кулацкі агент» выклікаўся на допыты ў АДПУ. Неўзабаве выключаны з партыі. Пачалася крытыка ягоных гістарычных поглядаў, абсурднае цкаваньне. 3 лютага 1931 году Янка Купала залечваў у шпіталі рану, якую нанёс сабе пры спробе самагубства. У гэты дзень яго наведаў Ігнатоўскі і паведаміў, што ўсе абвінавачваньні супроць Купалы перакладзеныя на Ігнатоўскага. Скончыў жыцьцё самагубствам 4 лютага 1931. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.

Адыграў значную ролю ў правядзеньні палітыкі беларусізацыі, у вырашэньні праблемы ўзбуйненьня БССР, спрыяў вяртаньню беларускай эміграцыі на радзіму. Навуковыя працы Ігнатоўскага склалі падмурак нацыянальнай канцэпцыі гісторыі беларускага народу. Гэтая канцэпцыя найбольш поўна выкладзеная ў кнізе «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1-е выд. 1919, 5-е выд. 1991), якая доўгі час была падручнікам.

Ён падзяляў гісторыю Беларусі на 5 пэрыядаў:

  1. Полацкі пэрыяд сярэднявечнай гісторыі Беларусі (IX—XII стагодзьдзі) зыходзячы з таго, што Полацкае княства было ад пачатку незалежным, і толькі на некалькі рокаў (у 1-й палове 12 ст.) яно трапіла ў залежнасьць ад Кіеўскага, каб яшчэ раз дабіцца самастойнасьці.
  2. Другі пэрыяд гісторыі Беларусі (XIII — 1-я палова XVI стагодзьдзя).
  3. Трэці пэрыяд навуковец называе польскім (2-я палова XVI—XVIII стагодзьдзі), паколькі ён лічыць, што пасьля Люблінскай вуніі «Літва і Беларусь былі інкарпараваныя (улучаныя) у арганізм Польшчы».
  4. Чацьверты пэрыяд гісторыі Беларусі адносіцца да канца XVIII — пачатку XX стагодзьдзя]], калі Беларусь уваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.
  5. Пяты пэрыяд — упершыню ў маладой беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — дасьледнік прысьвяціў савецкаму пэрыяду.
Папярэднік
Прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук
сьнежань 1928 — люты 1931
Наступнік
Павал Горын (Каляда)
(люты 1931 — люты 1936)

Быў жанаты (з 1908) з Марыяй Севасьцянаўнай Арэф’евай. Сыны: Міхаіл, Юры, Валянцін. Уся сям’я трапіла пад рэпрэсіі, Юры і Валянцін былі расстраляныя ў 1937.

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Брыгадзін П. І., Мацяс І. Д. Усевалад Ігнатоўскі: Паліт. дзеяч, вучоны. — Мн.: Полымя, 1998. — 96 с ISBN 985-07-0278-8.
  • Ihnatoŭski, Usievaład // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]