Павал Горын-Каляда
Павал Горын-Каляда | |
Дата нараджэньня | 15 студзеня 1900 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 25 красавіка 1938[1] (38 гадоў) |
Месца сьмерці |
|
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзяржаўны дзяяч, палітык |
Навуковая сфэра | гісторыя[2] і палітычная дзейнасьць[d][2] |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] |
Па́вал Во́сіпавіч Го́рын, сапраўднае прозьвішча Каляда́ (15 студзеня 1900, м. Картуз-Бяроза, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, цяпер у Берасьцейскай вобласьці — 25 красавіка 1938, Масква, НКУС) — савецкі гісторык, дзяржаўны дзяяч БССР, акадэмік АН БССР.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і селяніна. Скончыў сельскую школу (1910) і паступіў у Берасьце-Літоўскую гімназію, якую, аднак, ня скончыў з-за Першай сусьветнай вайны. Сям’я П. В. Горына эвакуявалася ў Арзамас Ніжагародзкай губэрні. Горын працягнуў вучобу ў адной з гімназіяў Ніжняга Ноўгараду[3].
Па ўстанаўленьні ў Арзамасе савецкай улады П. В. Горын актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве і абароне новага ладу — летам 1918 г. уступае ў Арзамаскую баявую дружыну, а ў кастрычніку, як адзін зь першых камсамольцаў гораду, быў прыняты ў РКП(б)[3].
На пачатку 1919 року П. В. Горын вяртаецца на Беларусь[3]. Яго выбіраюць чальцом Картуз-Бярозаўскага валаснога рэўкаму, Горын арганізуе і ўзначальвае валасную партыйную арганізацыю[3]. У 1920 року камэндант Пружанаў[4]. Па заняцьці Картуз-Бярозы палякамі Горын ідзе дабраахвотнікам у Чырвоную Армію, служыць палітработнікам[3]. У студзені 1920 року П. В. Горын камандзіраваны на вучобу ў Камуністычны ўнівэрсытэт імя Я. М. Свярдлова[3], які скончыў ў 1921[4].
У 1923—1925 П. В. Горын вучыцца ў Інстытуце чырвонай прафэсуры. У гэтыя гады П. В. Горын знаёміцца з прызнаным аўтарытэтам савецкай гістарычнай навукі 1920-х гадоў М. М. Пакроўскім, які значна паўплываў на яго[3].
У 1925—1930 гадах вучоны сакратар Таварыства гісторыкаў-марксістаў. У 1926—1928 гадах сябра рэдкалегіі часопісу «Историк-марксист», у 1927—1930 — намесьнік рэдактара часопісу «Пролетарская революция». У 1929—1930 гадох дырэктар Інстытуту гісторыі Камуністычнай акадэміі. Старшыня Таварыства палітэмігрантаў Заходняй Беларусі (1926—1928). У 1931—1936 гадох прэзыдэнт БелАН, адначасова дырэктар Інстытуту гісторыі. З 1936 року ў Маскве, загадчык катэдры гісторыі СССР МДУ, рэдактар аддзелу гісторыі Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі[4].
П. В. Горын праводзіў актыўную дзяржаўную і грамадзкую работу. У 1931—1936 быў сябрам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у сябры Бюро ЦК КП(б)Б, сябрам ЦВК і Прэзыдыюму ЦВК Беларускай ССР, быў дэлегатам XVII зьезду ВКП(б) (1934); на XII зьезьдзе Саветаў СССР (1935) быў выбраны сябрам ЦВК СССР[3].
Арыштаваны 23.8.1937 року па адрасе: вул. Земляны вал, д. 14/16, кв. 64, асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 25.4.1938 за «ўдзел у контаррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да расстрэлу[5]. Расстраляны 25 красавіка 1938[3][5] у Маскве на «Камунарцы»[5]. Рэабілітаваны 17.9.1955 року[4].
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найістотнейшай праблемай савецкай гістарыяграфіі 1920-х гадоў была гісторыя Саветаў у рэвалюцыі 1905—1907 гг. Сярод першых работ, апублікаваных на гэту тэму, манаграфія П. В. Горына «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 г.» (1925). Праца напісана пераважна на архіўным матэрыяле, у ёй П. В. Горын спрабаваў высьветліць асноўныя пытаньні гісторыі Саветаў — паходжаньне, дзейнасьць, характар і значэньне для разьвіцьця рэвалюцыі. Раскрыцьцё ролі і значэньня Саветаў П. В. Горын зьвязаў з рухаючымі сіламі рэвалюцыі. Вызначаючы характар рэвалюцыі 1905—1907 гг. як рэвалюцыі буржуазна-дэмакратычнай, ён падкрэсьліваў пры гэтым ролю пралетарыяту як гегемона і правадыра першай расейскай рэвалюцыі[3].
Вядома, меркаваньні П. В. Горына на рэвалюцыю 1905—1907 гг., выказаныя ў першым выданьні «Нарысаў па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў», былі шмат у чым недасканалымі і супярэчлівымі. У працах гісторыкаў першых гадоў савецкай улады выразна выявіліся цяжкасьці пачатковага этапу станаўленьня савецкай гістарыяграфіі. У наступных выданьнях сваёй працы «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў» (М., 1930; Мн., 1934) П. В. Горын імкнуўся больш поўна вызначыць характар рэвалюцыі і яе асноўныя рысы[3].
Да дзясятых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшла кніга П. В. Горына пра барацьбу рабочае клясы за савецкую ўладу («Пралетарыят у 1917 г. у барацьбе за ўладу». М.; Л., 1927). Як адзін з вучняў акадэміка М. М. Пакроўскага, П. В. Горын пасьлядоўна абараняў погляды яго школы. У 1933 г. Горын апублікаваў у Менску працу «М. М. Пакроўскі — бальшавік-гісторык», дзе выказваў погляды М. М. Пакроўскага на першую расейскую рэвалюцыю і Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю[3].
Дасьледчыцкую працу П. В. Горын сумяшчаў з актыўнай навукова-арганізатарскай, пэдагагічнай і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Горын быў адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў створанага ў 1925 г. таварыства гісторыкаў-марксістаў. Старшынём Таварыства гісторыкаў-марксістаў быў выбраны М. М. Пакроўскі, сакратаром таварыства стаў П. В. Горын[3].
Актыўна ўдзельнічаў П. В. Горын і ў стварэньні Інстытуту гісторыі Камуністычнай акадэміі, які быў адкрыты ў лістападзе 1929 г. Горын уваходзіў у арганізацыйную камісію па стварэньні інстытуту, увайшоў у склад першай Калегіі — вышэйшага навуковага органу інстытуту[3].
13 лютага 1931 року П. В. Горын выбраны акадэмікам і прэзыдэнтам Беларускай Акадэміі навук. На гэтай пасадзе раскрыўся ягоны талент буйнога арганізатара навукі. Задачы максымальнага выкарыстаньня дасягненьняў навукі і тэхнікі для разьвіцьця народнай гаспадаркі пастаянна патрабавалі паляпшэньня арганізацыі навукова-дасьледчай дзейнасьці створанай у 1929 г. Акадэміі навук БССР. У 1931 г. з ініцыятывы П. В. Горына была ажыцьцёўлена карэнная рэарганізацыя Акадэміі навук БССР. На АН БССР былі ўскладзены абавязкі па каардынацыі работы ўсіх навукова-дасьледчых установаў, разьмешчаных на тэрыторыі БССР, вызначэньні тэматыкі навуковых дасьледаваньняў і кантролі іх выкананьня. АН БССР станавілася адзіным навуковым рэспубліканскім цэнтрам, дзе канцэнтравалася агульнае кіраўніцтва ўсёй навукова-дасьледчай працай у рэспубліцы[3].
Дзякуючы намаганьням П. В. Горына з пачатку 1930-х гадоў у акадэміі пачынаецца паскораная падрыхтоўка новых навуковых кадраў, паляпшаецца арганізацыя навучальнага працэсу і падрыхтоўкі асьпірантаў. Толькі ў 1931—1935 гадах асьпірантуру Акадэміі навук скончыла больш за 150 чалавек, што значна ўплыла на рост агульнай колькасьці навуковых супрацоўнікаў. Удасканальвалася структура АН БССР, ужо да 1935 г. у яе сыстэме налічвалася 17 навукова-дасьледчых інстытутаў і шэраг іншых навуковых устаноў[3].
На пачатку 1930-х гадоў пачалося будаўніцтва галоўнага і лябараторнага карпусоў. Пастаянна павышалася ступень аснашчанасьці інстытутаў навуковым абсталяваньнем. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для плённай дзейнасьці вучоных[3].
У 1930-я гады асноўная ўвага засяроджвалася на пошуках сыравінных рэсурсаў і карысных выкапняў у БССР, вывучэньні глебаў і распрацоўцы мерапрыемстваў па павышэньні ўраджайнасьці сельскагаспадарчых культур, вывучэньні хвароб бульбы, распрацоўцы пытаньняў філязофіі, гісторыі, літаратуры, мовазнаўства[3].
Акадэмік АН БССР П. В. Горын прадстаўляў савецкую гістарычную навуку на міжнароднай арэне. Горын уваходзіў у склад савецкай дэлегацыі на VII міжнародным гістарычным кангрэсе ў Варшаве (1933), дзе выступіў з дакладам пра нацыянальную палітыку Расейскай імпэрыі ў Польшчы[3].
У пэрыяд працы ў Акадэміі навук БССР П. В. Горын узначальваў таксама Інстытут гісторыі і быў адным з рэдактараў выданьня на беларускай мове 12-томнага збору твораў У. І. Леніна[3].
У сьнежні 1935 г. Прэзыдыюм ЦВК СССР зацьвердзіў П. В. Горына намесьнікам старшыні Камітэту па загадваньні навуковымі і навучальнымі ўстановамі ЦВК СССР. У сувязі з гэтым назначэньнем у лютым 1936 Горын быў вызвалены ад абавязкаў прэзыдэнта Беларускай Акадэміі навук і пераехаў у Маскву[3].
Асноўная бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар больш за 20 навуковых працаў.
- Пролетариат в 1917 г. в борьбе за власть. — М.; Л., 1927;
- М. Н. Покровский — большевик-историк. — Мн., 1933;
- Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе. — Мн., 1934 (1-е выд. на руск. мове: М., 1925);
- Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе. — Мн.: Выд-ва Бел. акад. навук, 1934.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імем П. В. Горына названыя вуліцы ў Бярозе і Пружанах. У 2000 на будынку Інстытуту гісторыі НАН Беларусі ўстаноўлена памятная шыльда[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://nasb.gov.by/eng/members/academicians/gorin.php
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Падлужны А. І., Сташкевіч М. С., Токараў М. У. …
- ^ а б в г д Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 1. …
- ^ а б в Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 3. кн. 2. …
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Возвращенные имена. — Мн.: Наука и техника, 1992;
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.;
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.;
- Падлужны А. І., Сташкевіч М. С., Токараў М. У. Павел Восіпавіч Горын (Да 100-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 1;
- Президент Академии наук академик П. О. Горин: выступления и статьи, посвященные 100-летию со дня рождения. — Мн., 2001;
- Сербента В. А., Токараў М. У. Памяці акадэміка АН БССР П. В. Горына // Весці АН БССР. Серыя грам. навук. 1980, № 1;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Нарадзіліся 15 студзеня
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Нарадзіліся ў Бярозе
- Памерлі 25 красавіка
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў Маскоўскай вобласьці
- Выпускнікі Камуністычнага ўнівэрсытэту імя Сьвярдлова
- Дактары гістарычных навук
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Савецкія гісторыкі
- Прэзыдэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Нарадзіліся ў Бярозаўскім раёне
- Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (Гарадзенская губэрня)
- Памерлі ў Маскве
- Расстраляныя беларускія дзяржаўныя дзеячы
- Расстраляныя беларускія навукоўцы
- Рэпрэсаваныя ў РСФСР