Перайсьці да зьместу

Сяргей Шупа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Шупа
лац. Siarhiej Šupa
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1961 (63 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, журналіст
Мова беларуская мова[1]
Узнагароды

Сярге́й Шу́па (нар. 2 кастрычніка 1961 году, Менск) — беларускі перакладнік і журналіст, жыве ў Чэхіі, грамадзянін Летувы[2].

Закончыў сярэднюю школу № 86 г. Менску (1968—1978), перакладніцкі факультэт Менскага дзяржаўнага інстытуту замежных моваў (1978—1983, кваліфікацыя — перакладнік францускай мовы). Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1987—1991), навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Ф. Скарыны (1991).

З 1991 году ў Вільні — браў удзел у выданьні газэты «Наша Ніва»; потым займаўся перакладам, рэдагаваньнем кніг, карэктурай. Укладальнік выданьня Архіваў БНР. Працуе на радыё «Свабода» з 1996 году.

У артыкуле, апублікаваным на сайце Радыё Свабода 20 лютага 2020 году, разам зь Вінцуком Вячоркам крытыкуе ўжываньне прыметніка летувіскі (замест якога заклікае ўжываць «літоўскі»), называючы яго «словам-калекам» на падставе таго, што ў гэтым слове «канчатак становіцца суфіксам»[3]. Аднак лінгвіст Зьміцер Санько даводзіць, што такая пазыцыя ёсьць непасьлядоўнай і недарэчнай, бо захаваньне канчаткаў у пазычаных словах — звычайная зьява ў беларускай мове. У якасьці прыкладаў ён прыводзіць запазычаныя словы з грэцкай (апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны (кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум), пры скланеньні якіх да чужых «закансэрваваных» канчаткаў дадаюцца беларускія[4]. Такім парадкам, «летувіскі» — прыметнік, утвораны паводле законаў беларускай мовы[4]. Пагатоў, беларускі прыметнік «латыскі», вытворны ад назвы эўрапейскай нацыі латышоў, таксама ўзыходзіць да саманазвы (лат. latviešy, latvietis, ад назвы ракі Late)[5] і азначае латыскую мову, роднасную летувіскай (балтыйская моўная група). Тым часам назвы «літош», «літашы» датычна летувісаў фіксуюцца ў беларускіх дыялектах[6].

У тым жа супольным зь Вінцуком Вячоркам артыкуле сьцьвярджае, што «мовазнаўцы, якія зьберагалі міжваенную клясычную традыцыю, не сумняваліся, што Літвою завецца і суседняя дзяржава» з спасылкай на выдадзены ў 2006 годзе (па сьмерці аўтаркі і пад рэдакцыяй самога Сяргея Шупы) ангельска-беларускі слоўнік Валянтыны Пашкевіч, тым часам у фундамэнтальным двухтомным падручніку «Беларуская мова» (Таронта, 1978 год) — першай практычнай граматыцы беларускай мовы па-ангельску — Валянтына Пашкевіч падкрэсьлівала: «літоўская мова была ўрадавай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага… наш край праз больш, як паўтысяча гадоў зваўся Літвой, дзяржава — Вялікім Княствам Літоўскім, а нашыя прашчуры — ліцьвінамі»[7], што дадаткова сьцьвярджала ў пададзеным пры падручніку слоўніку: «Лятува [Летува] — present-day Lithuania; Літва — Lithuania (old name of present-day Byelorussia [Belarus]); Жамойць — Samogitia — old name (lasting almost until the end of the 19th c.) of present-day Lithuania»[8].

Сьцьвярджае, што ўвёў у беларускую мову словы «смачна есьці!» (у 1985 годзе) і «сеціва» (1998)[9]

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Сяргей Шупа, Наткнуўся, Радыё Свабода, 15 студзеня 2015 г.
  3. ^ Вячорка В., Шупа С. Чаму Літва, а не «Летува», Радыё Свабода, 20 лютага 2020 г.
  4. ^ а б Санько З. І ўсё ж — Літва ці Летува?, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2020 г.
  5. ^ ЭСБМ. Т. 5. — Мн., 1989. С. 256.
  6. ^ Назвы людзей па месцы пражывання // Чалавек: Тэматычны слоўнік. — Менск: Беларуская навука, 2006. ISBN 985-08-0715-6.
  7. ^ Беларуская мова — Fundamental Byelorussian. — Toronto, 1978. С. 26.
  8. ^ Беларуская мова — Fundamental Byelorussian. — Toronto, 1978. С. 26, 251, 271—272.
  9. ^ Шупа С. Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы // ПрайдзіСвет. № 3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]