Сьвятаянская вуліца (Вільня)
Сьвятаянская лац. Śviatajanskaja | |
вуліца | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Іванаўская, Струогі |
Даўжыня | 190 м |
Паштовыя індэксы | LT-01123 |
На мапе | |
Вуліца Сьвятаянская ў Вікісховішчы |
Сьвятая́нская ву́ліца[a][1] (лет. Švento Jono gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Зьвязвае Замкавую з скрыжаваньнем вуліцаў Унівэрсытэцкай, Дамініканскай і Гаона. Працягваецца вуліцай Дамініканскай.
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — касьцёл Сьвятых Янаў ў стылі віленскага барока і палац Пацаў, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва вуліцы ўтварылася ад касьцёла Сьвятых Янаў, які захаваўся да нашага часу. Упершыню ўпамінаецца ў канцы XVI ст. У гэты час забудова вуліцы была мураванай, а многія дамы мелі драўляны водаправод.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у 1864 годзе Мураўёў-Вешальнік з мэтай маскалізацыі земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага загадаў перайменаваць вуліцу ў Іванаўскую (рас. Ивановская улица). Па адыходзе расейскіх войскаў зь Вільні ў 1915 годзе вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
За савецкім часам вуліцу перайменавалі ў імя летувіскага літаратара Баліса Сруогі (лет. Sruogos gatvė). У наш час вуліцы зноў вярнулі гістарычную назву.
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даўжыня вуліцы каля 190 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з вуліцамі Ўнівэрсытэцкай і Дамініканскай. З правага паўднёвага боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага паўночнага боку — цотная нумарацыя.
Будынкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Няцотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 3 — палац Пацаў. Упершыню будынак упамінаецца ў XVI ст., калі ім валодалі Радзівілы, потым гаспадаром палаца быў сын канцлера Льва Сапегі — Казімер Леў. У 1628 годзе будынак перайшоў да роду Пацаў, тут гаспадарылі ў тым ліку падканцлер Стэфан і канцлер Крыштап Жыгімонт Пацы. Па пажары 1748 году палац прыйшоў у заняпад, пакуль яго не адрамантаваў канцлер Аляксандар Міхал Сапега. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі будынак у генэрала Францішка Сапегі. Далей тут месьціліся губэрнскія адміністрацыйныя ўстановы і кватэры чыноўнікаў, а ў другой палове XIX ст. — друкарня, у якой выходзілі газэты «Виленские губернские ведомости» і «Виленский вестник». У XX ст. палац двойчы рэстаўраваўся. У наш час у ім месьціцца амбасада Польшчы ў Летуве[2].
- № 7 — дом Эртля
- № 9 — дом Ладзіка
- № 11 — дом Русецкага
Цотны бок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- № 4 — езуіцкая друкарня
- № 10 — будынак аўлы
- № 12 — касьцёл Сьвятых Янаў. Першы драўляны парафіяльны касьцёл збудавалі ў 1387 годзе з фундацыі Ягайлы. У канцы XIV — першай чвэрці XV ст. на месцы спаленага крыжакамі збудавалі новы мураваны касьцёл, асьвечаны ў 1427 годзе. У 1739—1745 гадох паводле праекту Яна Гляўбіца праодзілася рэканструкцыя касьцёла, у выніку якой ён стаў выдатным творам архітэктуры і мастацтва віленскага барока.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ таксама вуліца Сьвятога Яна
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу, TUT.BY, 29.03.2011.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.