Перайсьці да зьместу

Лівы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лівы
līvlizt
Агульная колькасьць ~ 250 чал.
Рэгіёны пражываньня Латвія Латвія 180 (2011),
Эстонія Эстонія 22 (2011)
Мовы латыская,
гістарычна — ліўская
Рэлігія хрысьціянства (лютэранства)
Блізкія этнасы іншыя прыбалтыйска-фінскія народы (эстонцы, фіны, карэлы, сэту, водзь, іжора, вэпсы)

Лі́вы (саманазва: līvlizt; па-латыску: līvi, lībieši) — аўтахтонная этнічная група Латвіі, якая належыць да прыбалтыйска-фінскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскіх народаў і гістарычна пражывала на сучасных паўночных тэрыторыях Латвіі й паўднёвай Эстоніі[1]. Гістарычна размаўлялі на ліўскай мове — мове ўральскае сям’і моваў, якая асабліва была блізкай эстонскай і фінскай; апошні чалавек, які сьцьвярджаў пра ліўскую мову як уласную родную мову, памёр у 2013 годзе[2]. Паводле стану на 2010 год мова мела пэўную ступень падтрымкі й захаваньня, яе вывучалі прыкладна 30 чалавек.

Гістарычныя, сацыяльныя й эканамічныя фактары спрычыніліся да заняпаду ліўскага этнасу, у выніку чаго на цяперашні час налічваецца блізу 250 чалавек, якія адносяць сябе да гэтай этнічнай групы. Працяглая асымілыцыя, у выніку якой арэал ліваў зьведваў скарачэньне, прывяла да таго, што ў ХХ стагодзьдзі арэал этнасу ўяўляў сабою невялікую прыбярэжную тэрыторыю на паўночным захадзе Латвіі, вядомую як Ліўскі бераг[1].

Этнічныя й пляменныя групы Ўсходняй Эўропы ў VII—VIII стст.

Насельніцтва, якое паводле мовазнаўчых крытэраў можна атаясамліваць з продкамі сучасных ліваў, імаверна пражывала на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора ўжо ў 1800 гг. да н. э., пры гэтым першыя носьбіты індаэўрапейскіх дыялектаў, якія пазьней спарадзілі балтыйскія мовы (у тым ліку латыскую), зьявіліся ў рэгіёне прыкладна ў 2000 г. да н. э. Тым ня менш, дакладная дата міграцыі плямёнаў уральскага паходжаньня ў Балтыю зьяўляецца неўсталяванай: так, паводле некаторых эстонскіх генэтычных дасьледаваньняў ставілася спроба давесьці міграцыю ўральцаў у гэты рэгіён каля 8 тыс. да н. э.[3] Іншыя навукоўцы адносяць засяленьне Балтыі ўжо на ІХ тыс. да н. э., пры гэтым этнічная прыналежнасьць гэтага насельніцтва не вядомая, аднак устаноўлена, што дадзенае насельніцтва было асымілявана продкамі ліваў, якія прыйшлі ў Балтыю задоўга да продкаў балтаў, якія пачалі міграцыі з Памэраніі каля Х ст. да н. э.[4] Шэраг дасьледчыкаў адносіць дату прыходу продкаў балтаў у сучасную Балтыю ўжо да 2000—1500 гг. да н. э. (параўн. з папярэдняй датыроўкай фіна-вуграў у 1800 гг. да н. э.), у сувязі з чым пачаўся працяглы працэс выцясьненьня фіна-вугорскіх плямёнаў на сучасныя поўнач Латвіі й усход Летувы[5].

Ужо з ХІ стагодзьдзя ва ўсходнеславянскіх летапісах фіксуецца экзаэтнонім либь, у нямецкіх лацінскіх, з ХІІІ стагодзьдзя — Livones, адкуль і паходзіць назва рэгіёну Лівонія. Этымалёгію саманазвы ліваў зьвязваюць з саманазвай карэлаў-лівікаў (livvikoi) і зьвязваюць такім чынам з назваю племя прыбалтыйскіх фінаў або выводзяць з прапрыбалтыйска-фінскага *līva (фін. liiva «глей, гразь», эст. liiv «пясок», водзк. līva, тое ж)[6].

Сярэднявечны пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова лівы пражывалі на поўначы Латвіі, у гістарычным рэгіёне Лівонія і на паўночным узьбярэжжы Курляндыі, пры гэтым абедзьве часткі арэалу пазьней сталі аддзеленыя адна ад адной дэльтай Дзьвіны, якую паступова засялілі балты.

Першыя вядомыя згадкі ліваў належаць усходнеславянскаму летапісцу, больш падрабязныя зьвесткі вядомыя таксама дзякуючы Генрыху Латвійскаму, аднак інфармацыя апошняга сканчваецца ў 1226 годзе, пасьля чаго пра ліваў паведамляе г.зв. Рыфмаваны Летапіс.

Лівы Курляндыі (будучы латвійскі рэгіён Курзэмэ), аналягічна балтыйскаму насельніцтву, у якасьці ўласнага азначэньня акрэсьлівалі сябе як куршы[7], у той час як лівы Лівоніі ў якасьці саманазвы карысталі ліўскае слова rāndalist (бел. жыхары ўзьбярэжжа), асноўнай галіной іхняе гаспадаркі зьяўлялася рыбалоўства. Апошняя група ліваў гістарычна мела кантроль над гандлёвымі шляхамі на Дзьвіне, што стала прычынаю ўзьнікненьня высокаразьвітага гандлю ліваў Лівоніі зь фінамі, усходнімі славянамі й насельнікамі востраву Готлянд, а з канца першага тысячагодзьдзя — таксама з датчанамі, немцамі й швэдамі. Гандлёвыя кантакты таксама спрычыніліся да ўвагі хрысьціянскіх місіянэраў да ліваў.

Першым хрысьціцелем ліваў паводле некаторых крыніцаў быў дацкі арцыбіскуп Абсалён, які з мэтаю зварачэньня ліваў у хрысьціянства пабудаваў царкву ў вёсцы Колка (цяп. Дундаскі край Латвіі). Ужо ў ХІІ ст. немцы ўварваліся ў Лівонію й заснавалі ўласны вайсковы пункт, на месцы якога цяпер месьціцца мястэчка Ікшкілэ, а арцыбіскуп Гартвіг здолеў звараціць частку мясцовых ліваў у хрысьціянства, у тым ліку мясцовага правадыра Каўпа, які пазьней уступіў у хаўрус зь немцамі. Да ўплыву немцаў лівы мелі параўнальна актыўныя кантакты з Полацкім княствам, зь якім пазьней аб’ядноўваліся з мэтаю супрацьдзеяньня нямецкаму засваеньню Балтыі.

Пасьля сьмерці ў 1196 годзе першага каталіцкага місіянэра ў Латвіі, Майнарда Зэгебэрга, ягонае месца заняў Бэртальд, які намагаўся сілком хрысьціць тубыльцаў, для чаго былі арганізаваныя нават дзьве вайсковыя выправы ў рэгіён. Першая выправа адбылася ўжо ў 1196 годзе і скончылася паразай немцаў пад Саласьпілсам, падчас другой выправы ў 1198 годзе Бэртальд быў забіты ліўскім салдатам Імаўтам. Бэртальдаву палітыку працягнуў Альбрэхт Буксгеўдэн, які вымусіў ліўскіх пляменных правадыроў аддаць пад патрэбы немцаў вусьце Дзьвіны. У вусьці было закладзенае хрысьціянскае паселішча, якое цягам часу вырасла ў горад Рыгу. Па стварэньні Ордэну мечаносцаў хрысьціянізацыя балтыйскіх і фіна-вугорскіх зямель Балтыі значна ўзмацнілася, і ўрэшце ў 1208 годзе папа Інакенцыюс абвясьціў, што ўсе лівы былі зьвернутыя ў хрысьціянства[7]. Пасьля гэтага лівы былі вымушаныя далучыцца да мечаносцаў у якасьці пяхоты падчас войнаў супраць продкаў эстонцаў і латышоў, якія працягваліся да 1217 году.

Даніна на карысьць немцаў складалася з аброку хлебам, пазьней налічвалася як дзесяціна. Зь сярэдзіны ХІІІ стагодзьдзя немцы надалі лівам права на ўласных судзьдзяў і прымусілі адпрацоўваць баршчыну, аднак даволі доўга захоўвалася права на волю й уласнасьць

Тэрытарыяльныя зьмены

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле сьведчаньняў нямецкіх летапісцаў лівы пражывалі на Дзьвіне, акрамя таго, у 1264 годзе Рыфмаваны Летапіс узгадвае ліваў ля сучаснай Елгавы. Пазьней згадваюцца лівы, якія ў 1289 годзе жылі ў Долене, у 1322 годзе — у Зэгевольдзе, у 1349 годзе — у Кірхгольме, згодна са сьведчаньнямі Жыльбэра дэ-Лянаа й Гіерна лівы пражывалі адпаведна на дарозе зь Лібавы ў Рыгу й на Саліскім беразе, паводле Шлецэра й Дытмара лівы насялялі таксама землі ў Ной-Салісе й Альт-Салісе.

У першай палове ХІІІ ст. разгарнуўся Лівонскі крыжовы паход, у выніку якога Лівонія зазнала спусташэньне, а цэлыя раёны практычна цалкам спусьцелі. Апусьцелыя землі сталі засяляцца куршамі, зэмгаламі, сэламі й латгаламі, якія прынамсі некалькі дзесяцігодзьдзяў засялялі рэгіён і ў выніку засялілі галоўным чынам даліну Дзьвіны, адрэзаўшы ліваў Лівоніі ад Ліваў Курляндыі на захадзе. На працягу ўсяго ХІІІ стагодзьдзя ішло аб’яднаньне рыцарскіх груповак у Балтыі й актыўныя войны зь мясцовым насельніцтвам, з прычыны чаго ўжо з канца ХІІІ ст. амаль уся сучасная Латвія кантралявалася Лівонскім ордэнам, улада якога пратрымалася да сярэдзіны XVI ст.

У сярэдзіне XVI ст. праз вынікі Рэфармацыі Лівонскі Ордэн зазнае заняпад, чым скарыстаўся расейскі цар Іван Жахлівы, які паспрабаваў захапіць Балтыю й атрымаць выхад да мора. Лівонская вайна, што распачалася празь дзеяньні расейцаў, стала прычынаю паразы Масковіі й пераходу Лівоніі пад пратэктарат новаўтворанай Рэчы Паспалітай. У 1629 годзе ў выніку вайны, выкліканай Жыгімонтам ІІІ, Лівонія пераходзіць пад уладу Швэцыі, а ў 1721 годзе ў выніку Паўночнай вайны лівонскія землі ліваў былі заваяваныя Расеяй, тады як Курляндыя стала часткай Расеі толькі ў 1795 годзе праз трэці падзел Рэчы Паспалітай.

Спусташальныя войны й хвалі ўцекачоў з розных рэгіёнаў Балтыі сталі аднымі з найгалоўнейшых фактараў будучай асыміляцыі ліваў, наступная гісторыя ліваў характарызавалася асыміляцыйнымі працэсамі з боку латыскага этнасу.

Лівы Лівоніі зьведалі канчатковую асыміляцыю ў ХІХ ст., у прыватнасьці, вядома пра сьмерць апошняга носьбіта ліўскае мовы ў Ліфляндзкай губэрні (утворанай Расеяй на месцы Лівоніі) у 1864 годзе. Сьляды колішняй прысутнасьці ліваў у гэтым рэгіёне засталіся ў мясцовай тапаніміі і сярод дыялектызмаў мясцовых дыялектаў латыскае мовы.

Аналягічныя працэсы адбываліся таксама ў Курляндзкай губэрні, створанай на месцы Курляндыі, аднак дадзеныя працэсы адбываліся павольней у параўнаньні зь Лівоніяй. Адным з апошніх і найбольш трывалых арэалаў мясцовай ліўскай культуры, які ў ХХ стагодзьдзі стаў апошнім сьведчаньнем ліўскага насельніцтва, стаў паўночны ўскраек Курляндыі — г.зв. Ліўскі бераг (ліўск. Līvõd rānda). Запавольваньню асыміляцыі гэтае групы ліваў спрыяў розны характар гаспадарчае дзейнасьці мясцовага насельніцтва — так, латышы збольшага былі занятыя ў сельскай гаспадарцы, тады як лівы мелі арыентацыю на вядзеньне рыбнае гаспадаркі; акрамя таго культурнае ўзаемадзеяньне зьмяншалі непраходныя балоты й густыя лясы, якія аддзялялі Ліўскі бераг ад астатняй Курляндыі. У сваю чаргу, досыць моцныя культурныя сувязі існавалі з суседнімі эстонскімі землямі, а ліўскае насельніцтва Ліўскага берагу захоўвала ўласную этнічную ідэнтычнасьць да ХХ стагодзьдзя.[7]

Напачатку ХХ ст. некаторая частка мясцовых ліваў была зварочаная ў расейскае праваслаўе. У адным зь сёлаў Ліўскага берагу, у Калцы, была ўзьведзеная расейская царква, у суседняй вёсцы Мазірбэ была пабудаваная вучэльня й флётная школа, у выніку чаго некаторыя лівы атрымалі марскую кар’еру ў часы Расейскай імпэрыі й незалежнай Латвіі. У 1914 годзе ў сувязі з пачаткам Першае сусьветнае вайны і наступам краінаў Траістага хаўрусу вялікая частка ліваў была вымушаная пакінуць уласныя раёны пражываньня й эвакуявацца ў іншыя часткі Балтыі, пры гэтым ліўскае насельніцтва толькі ў 1919 годзе атрымала мажлівасьць зноў засяліць першапачатковае месца жыхарства. Наступны за гэтым распад Расейскай імпэрыі й шэраг палітычных зьменаў у Балтыцы спрычыніліся да стварэньня з тэрыторыяў Курляндзкай, поўдня й цэнтру Лілфляндзкай, захаду Віцебскай губэрняў Латвійскае Рэспублікі, у склад якой увайшлі таксама й тэрыторыі, населеныя тагачаснымі лівамі.

Міжваенная Латвія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Неафіцыйны сьцяг ліваў.

У часы ўваходжаньня Ліўскага берагу ў склад Латвійскае Рэспублікі ліўская мова й культура зазнавалі істотны ўздым, які доўжыўся ў пэрыяд між прэзыдэнцтвамі Яніса Чакстэ і Карліса Улманіса. Прыкладам, 2 красавіка 1923 году было заснаванае Ліўскае Таварыства, якое ставіла на мэце прадстаўленьне культурных інтарэсаў ліваў, а таксама хор і фэстывалі сьпеваў, апошнія зь якіх праводзіліся на тэрыторыі Ліўскага берагу; быў створаны нацыянальны сіне-бела-зялёны сьцяг, прапорцыі якога паўтаралі латвійскі.

У 1923 годзе ставіліся намаганьні па адкрыцьці ўласнага нацыянальнага прыходу, у чым, аднак, было адмоўлена ўрадам Латвіі. У адказ на гэта жыхар вёскі Мікельтарніс, пісьменьнік Улдрыкіс Капбэргс у 1923 годзе абвясьціў сябе каралём ліваў, але ў 1932 годзе быў арыштаваны за няўплату падаткаў і адмову адправіць сына ў армію. У гэтым жа годзе ліўскім пісьменьнікам Карлісам Сталтэ складзеная песьня Min izāmō (бел. мая Радзіма), якая лічыцца неафіцыйным нацыянальным гімнам ліваў. Разам з тым, у гэтым жа годзе латвійскі ўрад дазволіў факультатыўнае вывучэньне ліўскае мовы ў пачатковых школах Ліўскага берагу. Сярод друкаванае прадукцыі сталі адзначацца выхады літаратурных твораў на ліўскай мове і штомесячнага часопісу Līvli («ліў»). Былі ўсталяваныя кантакты з грамадзкімі арганізацыямі Фінляндыі й Эстоніі, у выніку чаго пры фінансавай дапамозе гэтых краінаў у 1939 годзе ў Мазірбэ быў заснаваны Цэнтар ліўскай супольнасьці. Культурныя захады аказалі пэўны ўплыў на мясцовую фіна-вугорскую ідэнтычнасьць: так, у часы да ўзьнікненьня незалежнае Латвіі мясцовае ліўскае насельніцтва ў якасьці саманазвы выкарыстоўвалі словы rāndalist «жыхары берагу» і kalāmīed «рыбакі», у часы міжваеннае Латвіі распаўсюдзілася самаідэнтыфікацыя līvõd, līvnikad, līvlist.

Нямецкая, савецкая акупацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэрыяд савецкай і нямецкай акупацыяў Латвіі адзначыўся згортваньнем ліўскае культурнае дзейнасьці й вымушанымі ўцёкамі вялікае часткі ліваў з рэгіёнаў уласнага пражываньня, пры гэтым поўнач Курзэмэ захоўваўся пад кантролем нацысцкае Нямеччыны ўключна да 5 траўня 1945 году, што ўскладняла вяртаньне ліўскага насельніцтва.

У пэрыяд з 1945 па 1952 гады лівы, як і іншыя народы краінаў Балтыі, зазналі дэпартацыі ў Сыбір, пік гэтых дэпартацыяў прыпаў на 1949 год, калі сельская гаспадарка прайшла калектывізацыю; была ўсталяваная забарона на адплыў на далёкую адлегласьць ад берагу, што таксама замінала дзеяньню традыцыйнае гаспадарчае культуры. У 1955 годзе ў цэнтральнай частцы Ліўскага берагу была заснаваная савецкая ваенная база, дзеля чаго лівы з гэтага раёну былі пераселеныя ва ўнутраныя раёны Латвіі, пазьней усе паселішчы захаду Ліўскага берагу былі эвакуяваны праз ваенныя інтарэсы савецкага кіраўніцтва ў гэтым рэгіёне. Дзеяньне Ліўскага Таварыства й Цэнтру Ліўскае Супольнасьці былі згорнутыя, іх маёмасьць была перададзеная іншым структурам.

У часы савецкага панаваньня над Латвіяй ліўская культурная дзейнасьць зьведала практычна поўнае згортваньне, аднак у канцы 1970-х гадоў быў заснаваны хор Līvlist («лівы»), які праводзіў сьпевы на захадзе Латвіі ў горадзе Вэнтсьпілс. У другой палове 1980-х гадоў абвешчаная новым генэральным сакратаром Гарбачовым палітыка «галоснасьці» й «перабудовы» надала пэўны штуршок культурнай дзейнасьці ліваў. У прыватнасьці, у 1986 годзе было заснаванае Ліўскае культурнае таварыства, пазьней пераназванае ў Ліўскі Хаўрус (ліў. Līvõd Īt).

Па распадзе СССР і аднаўленьні незалежнасьці Латвіі лівы былі прызнаныя ў якасьці аўтахтоннай этнічнай групы краіны з прызнаньнем патрэбаў абароны й пашырэньня ліўскае культуры ды мовы[8]. Было праведзенае вяртаньне маёмасьці, у прыватнасьці, будынак Цэнтру Ліўскае Супольнасьці ў Мазірбэ быў вернуты ліўскім арганізацыям і пераўтвораны ў гістарычны музэй пад назваю Ліўскі Дом. Вывучэньне ліўскае мовы на пачатковым узроўні было ўзноўленае ў Рызе, Стайцэле, Вэнтсьпілсе, Дундазе й Колцы. 4 лютага 1992 году ўрад Латвіі стварыў на Ліўскім беразе аднайменную ахоўную тэрыторыю[9].

На цяперашні момант некаторая колькасьць сучасных латышоў сьцьвярджае пра наяўнасьць ліўскага паходжаньня, аднак толькі 186 латвійцаў адзначаюць сваю нацыянальнасьць як лівы. Паводле зьвестак на 1995 год здольнасьці размаўляць па-ліўску мелі прынамсі ня больш за 30 чалавек, зь якіх толькі 9 зьяўляліся яе носьбітамі[10]. Апошнім этнічным лівам, які зьяўляўся носьбітам ліўскае мовы, які атрымаў гэтую мову бесьперапынна ад ранейшых пакаленьняў, быў жыхар вёскі Вайдэ Віктарс Бэрталдс, які памёр у 2009 годзе ў вёсцы Калка[11].

У ІХ—ХІІ стагодзьдзях лівы насялялі ўзьбярэжжа Рыскае затокі й частку Курзэмскага ўзмор’я, пазьней былі асыміляваныя батыйскімі плямёнамі Латвіі. Паводле некаторых ацэнак на пачатак ХІІІ стагодзьдзя колькасьць ліваў складала 40—60 тыс. чалавек, прытым што агульная колькасьць насельніцтва тэрыторыі тагачаснае Латвіі складала каля 250—350 тыс. чалавек[12]. Згодна са зьвесткамі перапісу насельніцтва Латвіі 2011 году сваю прыналежнасьць да ліваў указалі 180 чалавек[13].

Ужо ў 1852 годзе ліваў налічвалася толькі 2324 чалавекі, зьвесткі перапісу насельніцтва Латвіі за 1935 год падаюць колькасьць у 944 чалавек[14][15].

Гістарычна нацыянальная мова ліваў — ліўская, якая ў генэтычным дачыненьні зьяўляецца адной з моваў прыбалтыйска-фінскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае сям’і моваў, асабліва збліжаючыся зь іншымі мовамі прыбалтыйска-фінскае групы, напрыклад, эстонскай і фінскай. Пісьмовасьць на лацінскай аснове з элемэнтамі латыскага й эстонскага альфабэтаў.

Лічыцца, што першыя пісьмовыя крыніцы на ліўскай мове паўсталі ў XVI стагодзьдзі, практычна да самай незалежнасьці Латвіі выкарыстоўваліся толькі пераклады рэлігійных тэкстаў. У 1921 годзе выйшла першае літаратурнае выданьне — Ežmi līvõd lugdõbrōntõ, у 1935 годзе Пэтэрыс Дамбэргіс выдае ліўскі лемантар. Эстонскія й фінскія дасьледчыкі выдавалі фальклёр. У савецкія часы мяняецца літаратурная норма: пакідаецца прамежкавая сярэдняя гаворка, ужываная ў ХІХ стагодзьдзі і першай палове ХХ стагодзьдзя, на замену ёй канчаткова прыходзіць усходняя гаворка курляндзкага дыялекту.

Цяпер ліўская мова амаль не выкарыстоўваецца ў жывой камунікацыі і адносіцца да мёртвых моваў са сьмерцю апошняга традыцыйнага носьбіта мовы, Віктарса Бэрталдса, у 2009 годзе. Мова выкладаецца, у прыватнасьці, у Тартускім унівэрсытэце, налічваецца каля 10 чалавек, якія могуць вольна размаўляць на мове, наогул мовай у той ці іншай ступені валодае прыкладна 260 чалавек. У 2013 годзе памёрла Грызэльда Крысьціня, для якой ліўская мова зьяўлялася другой роднай[16].

З 1931 году на ліўскай мове публікуецца газэта Līvli, дзе друкуюцца ліўскія паэты й пісьменьнікі й публікуюцца навіны аб ліўскай культуры й жыцьці. Публікуюцца літаратурныя творы сучасных носьбітаў мовы, сярод якіх Паўлінэ Клявіня, Альфонс Бэрталдс, Пэтэрыс Дамбэргс, Карліс Сталтэ; выдаюцца вучэбныя матэрыялы па мове.

Пра побыт старажытных ліваў вядома мала; на думку дасьледчыкаў, абгрунтаванага на ўзор з уладкаваньнем старажытных эстаў і куршаў, лівы жылі пад уладаю некалькіх старшыняў, якія выконвалі функцыю вайсковага правадыра й судзьдзі; пасада пераходзіла ад бацькі да сына. Вялікую ролю іграла мясцовая арыстакратыя, зь сем’яў якой звычайна браліся закладнікі.

Традыцыйным галінамі дзейнасьці сучасных ліваў зьяўляліся рыбалка й паляваньне. Сярод нематэрыяльнае культуры істотнае значэньне адыгрывалі ліўскія песьні, якія аказалі вызначаны ўплыў на латыскую культуру сьпеваў, некаторыя ліўскія песьні былі ўспрынятыя латышамі ў якасьці народных[17]. У галіне народных паданьняў шырокае выкарыстаньне мелі матывы на тэму мора й узаемадзеяньня з марскімі божышчамі.

Ліўскія матывы выкарыстаныя ў савецкім фільме «Хлапчукі востраву ліваў» (рас. мальчишки острова ливов, 1969), а таксама ў рок-гурце зь Ліепаі Livi.

  1. ^ а б Minahan, James. Livonians // One Europe, Many Nations: A Historical Dictionary of European National Groups. — Greenwood Publishing Group, 2000. — С. 424. — 781 с. — ISBN 978-0-313-30984-7
  2. ^ Tuisk, Tuuli. Quantity in Livonian. — Congressus XI. Internationalis Fenno-Ugristarum. — Piliscsaba: 2010.
  3. ^ Pamjav H., Nemeth E., Feher T., Volgyi A. The subgroup N1c-L550 cannot be considered Finno-Ugric origin // DNA in Forensics.
  4. ^ Alenius K. Viron, Latvian ja Liettuan historia. — Jyväskylä: Gummerus Kirjapaino Oy, 2000. — С. 13-16. — ISBN 951-796-216-9
  5. ^ Alenius K. Viron, Latvian ja Liettuan historia. — Jyväskylä: Gummerus Kirjapaino Oy, 2000. — С. 15-19. — ISBN 951-796-216-9
  6. ^ Напольских В. В. Введение в историческую уралистику. — Ижевск: УИИЯЛ УрО РАН, 1997. — С. 26-27. — ISBN 5-7691-0671-9
  7. ^ а б в Vilho Niitemaa ja Kalervo Hovi. Baltian historia. — Helsinki: 1991. — ISBN 978-9513091125
  8. ^ V.Vīķe-Freiberga. (1999) Valsts valodas likums (лат.) Latvijas Republikas tiesību akti Праверана 12 ліпеня 2014 г.
  9. ^ The disappearing nation of Livonians (анг.). Latvian History (2009). Праверана 12 ліпеня 2014 г.
  10. ^ Toomas Tombu. The Livonians Estonian // suri.ee.
  11. ^ Suri viimane vanema põlve emakeelne liivlane // Eesti Päevaleht. — 2009.
  12. ^ Alenius K. Viron, Latvian ja Liettuan historia. — Jyväskylä: Gummerus Kirjapaino Oy, 2000. — С. 31-32. — ISBN 951-796-216-9
  13. ^ Перапіс насельніцтва ў Латвіі за 2011 г. (лат.). Упраўленьне па справах грамадзянства й міграцыі Латвійскае Рэспублікі (2011). Праверана 12 ліпеня 2014 г.
  14. ^ Vaalgamaa, p. 159
  15. ^ Skujenieks M. Latvijas Statistikas atlass. — R.: Valsts statistiskā pārvalde, 1938. — С. 13. lpp.
  16. ^ Памёр апошні чалавек, для якога ліўская была роднай мовай // Наша Ніва. — 2013.
  17. ^ Aldis Ermanbriks, Aivars Ginters, Rita Laima Krievina. Livonian songs // suri.ee.
  • Рыжакова С. И. Ливы — жители побережья: опыт возрождения почти исчезнувшего народа (история, современность, этнокультурные символы). — Европа на рубеже третьего тысячелетия: народы и государства. — М.: ИЭА РАН, 2000. — ISBN 5-201-13749-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]