Корнўал
Корнўал | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | |
Статус | гістарычнае графства Ангельшчыны[d] і колішняя дзяржава[d] |
Уваходзіць у | Ангельшчына і кельцкія народы[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Трура[d] |
Насельніцтва | |
Плошча | |
Месцазнаходжаньне | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Ко́рнўал (па-ангельску: Cornwall, [ˈkɔːrnwɔːl, _-wəl], па-корнску: Kernow [ˈkɛrnɔʊ]) — гістарычнае і цырыманіяльнае графства ў Паўднёва-Заходняй Ангельшчыне. На поўначы і захадзе абмежаванае Атлянтычным акіянам, на поўдні — Ангельскім каналам, на ўсходзе па рацэ Тэймар мяжуе з графствам Дэван. Насельніцтва — 568 210 чалавек (2019), плошча — 3563 км². Адміністрацыйны цэнтар графства — адзінае места Трура.
Корнўал — радзіма кельцкага народу корнцаў, колішняе брыцкае каралеўства, пазьней каралеўскае герцагства. У 2014 року корнцы атрымалі ў рамках канвэнцыі па абароне нацыянальных меншасьцяў статус нацыянальнай меншасьці.
З Высокага Сярэднявечча ў Корнўале значную частку эканомікі складала цыназдабыча, дасягнуўшы максымуму ў XIX стагодзьдзі. Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя пачынаецца заняпад цынавых і медных шахтаў, наўзамен якім прыходзіць здабыча каалініту. Да канца XX стагодзьдзя шахтавая прамысловасьць была цалкам спыненая.
Назва і сымбалі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасная ангельская назва Корнўал — складнік з двух старажытных этнахаронімаў, узятых зь дзьвюх розных моўных групаў:
- Корн- паходзіць ад пракельцкага "*karnos" („выступ“ або „мыс“)
- -ўал паходзіць ад стараангельскага экзоніму ƿ(e)alh, што азначае „чужынец“ або „раманізаваны кельт“ (т. б. валіец).
У корнскай мове Корнўал гучыць як Кернаў з такім сама значэньнем з пракельцкімі каранямі.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля апошняга ледавіковага пэрыяду Вялікабрытанію насялілі кельцкія плямёны брытаў.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Корнўал знаходзяцца ў творы грэцкага гісторыка Дыядоруса Сыцылійскага I стагодзьдзя да Н. Хр., які згадаў пра гандаль цынай з Галіяй.
У часы рымскага панаваньня Корнўал знаходзіўся далёка ад цэнтраў раманізацыі, хоць і тут былі збудаваныя рымскія дарогі ды форты. Але пасьля 410 року Корнўал вярнуўся пад уладу правадыроў племені карновіяў у складзе Брыцкага каралеўства Думноніі. У валійскай літаратуры вядомая паўлегендарная постаць „караля“ Марка; а ў „Трышчане і Іжоры“ ён прадстаўлены блізкім сваяком караля Артура, які, паводле фальклёрнай традыцыі „Гісторыі каралёў Брытаніі“ Гальфрыда Монмуцкага, сам мае корнскае паходжаньне.
У выніку бітвы пры Дыргаме 577 року Думнонія (а разам зь ёй і Корнўал) адышлі ад Ўэйлзу; думноны пачынаюць барацьбу з ангельскім каралеўствам Ўэсэксу. У пачатку IX стагодзьдзя ўэсэцкі кароль Эгбрыхт (Эгбэрт) анэксаваў Корнўал. У 875 року памёр апошні васальны кароль Корнўалу Думгарт (Дон’ярт).
Неўзабаве пасьля нармандзкай заваёвы корнўальскія землі перайшлі да новай брэтонска-нарманскай шляхты. Паступова, аднак, ад валаданьні ад нарманаў пераходзяць да мясцовых корнўальскіх родаў, якія ўкладаюць Станумавае права(d), графства і, урэшце, Корнўальскае герцагства. Корнская мова разьвіваецца і паступова набывае адрозныя ад брэтонскай рысы.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Корнўал утварае вяршыню паўднёва-заходняга паўвострава на ўскрайку Вялікабрытаніі, таму тут пануюць вятры з Атлянтычнага акіяну. Узьбярэжжа пераважна складаецца з устойлівых(d) скалаў, якія паўсюдна пераходзяць у кліфы. Корнўал мяжуе толькі з адным графствам — Дэванам па рацэ Тэймар.
Населеныя пункты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзінае места Корнўалу — ягоны адміністрацыйны цэнтар Трура. Аднак найбольшым населеным пунктам зьяўляецца мястэчка Камборн(d). Разам з суседнім Рэдрутам(d) яно ўтварала цэнтар цыназдабыўчай прамысловасьці XIX стагодзьдзя. Яшчэ адно вялікае мястэчка, Сэнт-Остэл(d), зьяўлялася цэнтрам каалінітавай прамысловасьці Корнўалу.
Найзаходнейшае мястэчка Ангельшчыны — Сэнт Джаст ін Пэнўіт.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Графства Корнўал злучанае з рэштай Вялікабрытаніі аўтатрасамі А38, А39 (Атлянтычная шаша) і А30. Праз раку Тэймар з Тарпойнту(d) да Плімуту ў Дэване ходзіць паром. Таксама праз раку вядзе чыгуначны мост караля Альбэрта(d) інжынэра Ізэмбарда Кінгдама Брунэла.
Побач з Трура дзейнічае марскі порт Фалмут(d).
На астравы Сілі ходзіць паром з Пэнзансу; таксама на іх дзейнічае ўласны аэрапорт. На асноўнай тэрыторыі знаходзяцца аэрапорты Лэндз Энд і Ньюкі.
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі графства расьце рэдкая расьліна аленевы лішай (Cladonia rangiferina), якая знаходзіцца пад аховай брытанскага пляну дзеяньняў па біяразнастайнасьці(d). Флёру вывучаў і апісаў у кнізе „Флёра Корнўалу“ мясцовы батанік Фрэдэрык Гэмілтан Дэйві.
Клімат Корнўалу мерны акіянічны, зь мяккімі зімамі і халоднымі летамі. Праз блізкасьць акіяну і ўплыў Гальфстрыму Корнўал мае наймякчэйшы і адзін з найбольш сонечных кліматаў у Вялікабрытаніі. Сярэднягадовая тэмпэратура вагаецца ад 11,6°C на астравох Сілі да 9,8°C у цэнтральнай частцы. Зімы — адныя з найцяплейшых у краіне, з малой колькасьцю замарозкаў і сьнегу. Аднак леты халаднейшыя, чым у іншых частках паўднёвай Ангельшчыны. Затое колькасьць сонечных дзён адна з найбольшых па краіне (1541 гадзіна/год). Колькасьць ападкаў таксама вышэйшая, чым на ўсходзе: 1051—1290 мм/год — аднак меншая, чым на заходнім узьбярэжжы Вялікабрытаніі. Астравы Сілі — адзіная мясьціна краіны, якая адносіцца да зоны марозаадпорнасьці 10. Частыя штормы і паводкі.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Корнская мова — прадстаўніца брыцкай галіны кельцкай моўнай сям’і; ажылая мова, носьбіты якой былі вымерлі ў канцы XVIII стагодзьдзя. Прававога статусу ў Вялікабрытаніі ня мае. Адраджэньне пачалося зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя дзякуючы навукоўцам і энтузіястам, у 1904 року выйшаў „Даведнік у корнскай мове“ Генры Джэнэра. Пакуль што ёй болей карыстаюцца ў сацсетках, чым у жывых стасунках. Корнўальская рада робіць захады да пашырэньня карыстаньня мовай. Асобныя корнскія тэрміны трапілі ў горназдабыўчую тэрміналёгію ангельскай мовы.
Сьцяг
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальны гістарычны сьцяг Корнўалу — сьцяг(d) сьвятога Пэрана, які таксама лічыцца сьцягам сучаснага графства. Паводле легенды, сьвяты Пэран выбраў сабе бела-чорныя колеры, убачыўшы белую цыну ў чорным вугалі і попеле, калі адкрыў паклады цыны. Срэбны крыж на чорным фоне — гэта дакладная інвэрсія колішняга брэтонскага чорнага крыжу.
Мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З XIX стагодзьдзя марскія відарысы Корнўалу прыцягвалі мастакоў з розных краінаў. У пачатку XX стагодзьдзя асабліва актыўна дзейнічала Ньюлінская мастацкая калёнія(d). У міжваенны пэрыяд у Корнўале жылі мадэрнісцкія пісьменьнікі Дэйвід Гербэрт Лоўрэнс і Вірджынія Ўулф. У пачатку Другой сусьветнай вайны сюды пераехаў расейскі эмігрант Навум Пэўзнэр ды іншыя маляры. У Сэнт-Айвзе знаходзіцца ганчарня, у якой Бэрнард Ліч з вучнямі стваралі мастацкую кераміку.
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыя народнай корнўальскай музыкі захавалася да нашага часу ў тым ліку ў сцэнках зь пераадзяваньнямі(d), флёравым танцы з Гелстану і фэсьце „Обі Ос“ у Падстаў.
У Ньюліне ладзіцца кулінарна-музычны фэст з жывой музыкай і дэманстрацыяй прыгатаваньня страваў з вылаўленай рыбы.
Падобна да іншых шахтаздабыўчых раёнаў Брытаніі, у Корнўале дагэтуль папулярныя мужчынскія вакальныя хоры і духавыя аркестры. Музыкі пастаянна бяруць удзел у кельцкіх фэстах як у графстве, так і на іншых кельцкіх тэрыторыях. З Корнўалу паходзяць вядомыя сучасныя музыкі Рычард Дэйвід Джэймз, Люк Вайбэрт і Аляксандра Паркс. У Корнўале вырас Роджэр Тэйлар, музыка гурту Queen. Цяпер напалову з ЗША ў Корнўале пражывае амэрыканская сьпявачка і выканаўца Торы Эймас з сям’ёй.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Корнўале нарадзіўся і дзеяў раманіст і літаратурны крытык Артур Кўілер-Куч, які ў сваіх творах пісаў пра радзіму. Тут жыла Дафна дзю Мар’е, якая таксама месцам дзеяньня мноства раманах абрала Корнўал. Паводле аднаго зь ейных апавяданьняў, „Птушкі“, зьняты аднайменны фільм жахаў Альфрэда Гічкока.
У Корнўале адбываюцца дзеяньні апавяданьня „Д’яблава нага“ Артура Конана Дойла з цыклю пра Шэрлака Голмза; сэрыі „Полдарк“ Ўінстана Грэма; раманаў „Над морам, пад камянём“ і „Грынўіч“ С’юзэн Купэр; „Рамонкавы лужок“ Мэры Ўэсьлі.
У Корнўале жыў і дзеяў аўтар шпіёнскіх раманаў Дэйвід Корнўэл, кароткі час мешкаў Дэйвід Гербэрт Лоўрэнс. Тут нарадзіліся нобэлеўскі ляўрэат Ўільям Голдынг і пісьменьніца Разамунда Пілчэр.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя віды спорту ў Корнўале: рэгбі, футбол і крыкет. У турыстаў асабліва папулярны сэрфінг. Корнўал — адна зь нешматлікіх мясьцінаў Ангельшчыны, дзе гуляюць у шынці(d); тут жа знаходзіцца Ангельская асацыяцыя шынці.
Кухня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Моцныя кулінарныя традыцыі ў Корнўале грунтуюцца на пладавітай рыбалоўлі; Ньюлін — найбуйнейшы рыбалоўны порт Вялікабрытаніі з разгалінаванай сеткай рэстарацыяў. У Ўотэргейцкай затоцы ля Ньюкі адкрыў свой другі рэстаран Джэймі Олівэр.
Вядомая мясцовая страва пад назвай „зораглядны пірог(d)“, у якім галовы рыбаў выглядаюць з-пад слою цеста, як бы „назіраючы зоркі“. Але найбольш Корнўал вядомы сваімі выпечкамі(d), якія звычайна начыняюць біфштэксам, цыбуляй, бульбай і бручкай з сольлю і белым перцам, але начыньні маглі быць і іншыя, у тым ліку салодкія.
Вільготны клімат і параўнальна бедная глеба Корнўалу непрыдатныя для вырошчваньня большасьці ворных культураў, аднак на іх ідэальна расьце кармавая трава. Дзякуючы гэтаму Корнўал вядомы экспартам плаўленых вяршкоў(d). Таксама на гэтым прадукце заснаваныя такія стравы, як фадж(d) і корнскае марозіва.
Мясцовыя пірагі і дэсэрты ўключаюць шафранавы пірог(d), цяжкі пірог(d), бісквітныя гасьцінцы(d), вяршковую гарбату(d) і чарнічны пірог. Дзейнічаюць бровары па варцы розных гатункаў піва: стаўтаў эляў ды іншых.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам з Брэтаніяй, Ірляндыяй, востравам Мэн, Ўэйлзам і Шатляндыяй Корнўал складае шэсьць кельцкіх нацыяў. Штороку Корнўал бярэ ўдзел у Міжкельцкім фэсьце ў Ляр’ене.
Колькасьць корнцаў, што пражываюць у Корнўале, цяжка ацаніць. Паводле перапісу 2001 року, 7 адсоткаў насельнікаў графства запісаліся корнцамі. Аднак актывісты цьвердзяць, што гэтая лічба магла быць большай, калі б у форме для перапісу існавала яўная магчымасьць выбару корнскай нацыянальнасьці. Пазьнейшыя апытаньні налічылі да 44% апытаных, якія лічылі сябе корнцамі.
24 красавіка 2014 року корнцы атрымалі статус нацыянальнай меншасьці ў рамках эўрапейскай канвэнцыі па абароне нацыянальных меншасьцяў.
Корнўал мае мясцовую ўнітарную ўправу(d) — Корнўальскую раду ў Трура, але астравы Сілі кіруюцца асобнай Радай астравоў Сілі.
Корнўальцы абіраюць шэсьць прадстаўнікоў ад графства ў Палату грамадаў Вялікабрытаніі. На выбарах у 2019 року ўсе шэсьць месцаў былі аддадзеныя прадстаўнікам кансэрватараў. Дзейнічаюць дзьве нацыянальныя партыі: Сыны Корнўала і Корнская нацыянальная партыя — а таксама панкельцкая арганізацыя Кельцкая ліга.