Ежы Папялушка
Ежы Папялушка | |
па-польску: Jerzy Aleksander Popiełuszko | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар |
Сапраўднае імя | па-польску: Alfons Popiełuszko |
Нарадзіўся | 14 верасьня 1947[1][2][3] |
Памёр | 19 кастрычніка 1984[5][1][2][…] (37 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацька | Władysław Popiełuszko[d] |
Маці | Мар’яна Папялушка[d] |
Узнагароды | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Е́жы Алякса́ндар Папялу́шка (па-польску: Jerzy Aleksander Popiełuszko), імя пры нараджэньні Альфо́нс Папялушка (польск. AlfonsPopiełuszko; 14 верасьня 1947, Акопы ў гміне Сухаволя Падляскага ваяводзтва — 19 кастрычніка 1984, каля Ўлацлаўку) — польскі каталіцкі сьвятар, зьвязаны з «Салідарнасьцю», капэлян працоўных, праваабаронца. Быў забіты функцыянэрамі Службы бясьпекі ПНР. Мучанік і блаславёны, пасьмяротна адзначаны ордэнам Белага арла.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1947 годзе, паводле некаторых сьведчаньняў, у сям’і этнічных беларусаў[6][7]. У сям’і Ўладыслава і Мар’яны з Гнядзейкаў было яшчэ чацьвёра дзяцей.
Альфонс Папялушка быў міністрантам, вылучаўся глыбокай верай. У 1961—1965 навучаўся ў сухавольскім ліцэі, па сканчэньні якога паступіў у духоўную сэмінарыю(pl) ў Варшаве. У 1966—1968 служыў у войску. Па вяртаньні ў сэмінарыю цяжка захварэў, што дало яму клопатаў да канца жыцьця.
13 траўня 1971 року зьмяніў імя на Ежы Аляксандра. У 1972 годзе быў высьвячаны на сьвятара кардыналам Стэфанам Вышынскім. Служыў вікарыем парафіі Сьвятой Тройцы ў Зомбках (1972—1975), Маці Божай Каралевы Польшчы ў Аніне (Варшава, 1975—1978), адзінаццаць месяцаў служыў ксяндзом у варшаўскім касьцёле «Дзіцятка Ісус», аднак з прычыны слабога здароўя шмат часу праляжаў у Інстытуце гематалёгіі. Па стане здароўя накіраваны на душпастырскую працу ў касьцёл сьвятой Ганны. У 1980 року пераведзены ў касьцёл сьвятога Станіслава Косткі; займаўся душпастырскай апекай у асяродзьдзі працаўнікоў Варшавы (спавядаў, правіў літургіі падчас страйку ў Гуце-Варшава). У 1974—1976 роках навучаўся ў Каталіцкім Люблінскім унівэрсытэце.
Ад жніўня 1980 року зьвязаўся з працоўнымі зьвязамі, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захаваньня ідэалаў «Салідарнасьці», публічна крытыкаваў камуністычную ўладу. Пасьля ўвядзеньня ваеннага стану ладзіў літургіі за Бацькаўшчыну ў варшаўскай парафіі сьв. Станіслава Косткі. Дзейнасьць ксяндза тагачасныя ўлады палічылі крытыкай і супрацівам камуністычнаму ладу, абвінаваціўшы ў далучэньні да палітычнай дзейнасьці. З 1982 року Служба бясьпекі ПНР пачала за ім сачэньне. У сьнежні 1983 року супраць ксяндза распачалі справу па падазрэньні ў «прамаўленьні палітычных лёзунгаў супраць уладаў падчас правядзеньня рэлігійных абрадаў, чым злоўжываў пасадай і ствараў з касьцёла месца антыдзяржаўнай прапаганды». Пасьля выкліку ў сядзібу Грамадзянскай міліцыі на допыт адбыўся і ператрус у доме ксяндза. Перад пачаткам ператрусу ля дома ўжо чакалі тэлежурналісты, а супрацоўнікі СБ, увайшоўшы першымі, знайшлі ў памяшканьні сьлезацечныя гранаты, набоі да аўтаматаў, выбуховыя рэчывы, друкарскія фарбы, якія самі ж і падкінулі[8]. Дзякуючы звароту духоўных уладаў да міністра ўнутраных справаў затрыманага вызвалілі, але пасьля гэтага асоба Папялушкі стала аб’ектам нападаў прапагандыстаў і дзяржаўных журналістаў. Яго яшчэ шмат разоў выклікалі на допыты і 12 ліпеня 1984 року прад’явілі абвінавачваньне, аднак працэс спынены пасьля амністыі 21 ліпеня.
12 верасьня таго ж року публікацыяй у савецкай газэце «Известия» пачалася новая сэрыя нападаў на ксяндза Папялушку. Камітэт па справах рэлігій запатрабаваў ад касьцёлу «перастаць заплюшчваць вочы на выступы асобных сьвятароў», а на адрас Папялушкі пайшлі ананімныя лісты з пагрозамі. 13 кастрычніка аўтамабіль ксяндза закідалі каменьнямі пад Гданьскам, аднак кіроўца здолеў зьехаць, нягледзячы на разьбітае шкло. 16 кастрычніка прымас Юзэф Глемп прапанаваў Папялушку зьехаць у Рым ад далейшых пагрозаў, аднак той адмовіўся.
Забойства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 кастрычніка 1984 року Ежы Папялушка прыбыў у парафію сьвятых Польскіх братоў-мучанікаў у Быдгашчы, а на адваротным шляху каля вёскі Гурск пад Торуньню іх з кіроўцам выцягнулі з аўтамабілю пераапранутыя ў форму грамадзянскай міліцыі супрацоўнікі сакрэтнай службы МУС. Кіроўца, Вальдэмар Храстоўскі, здолеў уцячы, а зьбітага ксяндза ў багажніку службісцкай машыны адвезьлі да берагу Віслы ва Ўлацлаўку і скінулі ў ваду. Ягонае зьвязанае цела з прывязаным мехам камянёў знайшлі 30 кастрычніка. Пры ўскрыцьці выявілі сьляды катаваньняў.
Дагэтуль невядома, хто прыняў рашэньне пра забойства. Вядомыя толькі імёны трох забойцаў — супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў[9].
Пахаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пахаваньне Ежы Папялушкі ў Варшаве 3 лістапада 1984 року сабрала вялікі натоўп і ператварылася ў вялікую маніфэстацыю. Удзел у пахаваньні ўзялі, між іншых, Лех Валэнса, Яцэк Курань, Адам Міхнік, Анджэй Шчапкоўскі. Пахаваны пры касьцёле сьв. Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібож. Надмагільле ў форме крыжу асьвячонае 29 чэрвеня 1986 року.
Судовы працэс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Судовы працэс над забойцамі адбываўся з 27 сьнежня 1984 року да 7 лютага 1985 року ў Ваяводзкім судзе Торуні. У выкраданьні, катаваньнях і забойстве абвінавацілі трох афіцэраў Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы: капітана Гжэгажа Пятроўскага, паручнікаў Лешка Пэнкалю і Вальдэмара Хмялеўскага; а іхняга кіраўніка, палкоўніка Адама Пятрушку — у кіраваньні злачынствам. Суд асудзіў Пятроўскага і Пятрушку на 25 гадоў пазбаўленьня волі, Пэнкалю — на 15, Хмялеўскага — на 14 гадоў.
У 1986 року пасьля ўмяшальніцтва Чэслава Кішчака[10] тэрміны былі зьменшаныя: для Адама Пятрушкі з 25 на 15 гадоў, для Лешка Пэнкалі з 15 да 10, для Хмялеўскага з 14 да 8. У студзені 1987 адбылася чарговая амністыя — тэрмін Пятрушкі зьменшаны да 10 гадоў (выйшаў на волю ў 1995), Пэнкалі — да 6 гадоў, Хмялеўскага — да 4 гадоў і 6 месяцаў, Пятроўскаму — да 15 гадоў (выйшаў на волю ў 2001).
Аднак на працэсе ня былі высьветленыя ўсе акалічнасьці і арганізатары злачынства.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]11 лістапада 1990 року пасьмяротна ўзнагароджаны Кавалерскім крыжам Ордэна адраджэньня Польшчы[11]. 13 кастрычніка 2009 году быў пасьмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Белага Арла[12].
Працэс бэатыфікацыі ксяндза Папялушкі афіцыйна пачаўся 8 лютага 1997 году ў касьцёле сьв. Станіслава Косткі, а дыяцэзіяльны этап працэсу скончыўся дакладна чатыры гады пазьней. Затым з 3 траўня 2001 году пачалася праца Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якая ў 2002 годзе выдала пастанову пра сапраўднасьць працэсу. 19 сьнежня 2009 году быў аб’яўлены дэкрэт Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI пра яго мучаніцтва[13]. Бэатыфікацыя адбылася 6 чэрвеня 2010 году на пляцы маршалка Пілсудзкага ў Варшаве. 20 верасьня 2014 року пачаўся працэс кананізацыі.
Фільмы пра Папялушку зьнялі: у 1988 годзе Агнешка Голянд — «Забіць сьвятара» («To Kill a Priest») і ў 2009 годзе Рафал Вячынскі — «Popiełuszko. Wolność jest w nas» («Папялушка. Свабода ўнутры нас»).
У 2009 годзе, на 25-ую гадавіну сьмерці сьвятара, Польская пошта выпусьціла марку 1,55 злотага з яго выявай[14].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Jerzy Popiełuszko // GCatholic.org — 1997.
- ^ а б Schäfer J. Jerzy Popieluszko // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
- ^ Jerzy Aleksander Popiełuszko // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ https://biogramy.ipn.gov.pl/bio/wszystkie-biogramy/ksiadz-jerzy-popieluszk/zyciorys/108695,19471965.html
- ^ Jerzy Popiełuszko // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Чакур, Ганна (31 кастрычніка 2013) Ежы Папялушка — і наш, беларускі заступнік Астравецкая праўда. Наша Ніва. Праверана 5 чэрвеня 2023 г.
- ^ Базыль Белаказовіч Шлях па прамой часу: да гісторыі беларускай літаратуры Польшчы 1958—2008 гг. / Я. Чыквін. — Беласток: Прымат, 2007. — С. 102. — 322 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
- ^ Onet.pl, Piotr Litka (2009-10-22) Prowokacja na Chłodnej onet.pl Праверана 2009-10-25 г.
- ^ Milena Kindziuk. Ksiądz Jerzy Popiełuszko. — Warszawa: Ringier Axel Springer Polska Sp. z o.o., 2017. — С. 80. — ISBN 978-83-8091-450-6
- ^ Kiszczak zabiegał o zmniejszenie kary dla zabójców ks. Popiełuszki tvp.info Праверана 2014-12-30 г.
- ^ Komunikat o nadaniu Orderu Odrodzenia Polski z dnia 11 listopada 1990 roku // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. — nr 4 z 20 grudnia 1990. — С. 60.
- ^ Postanowienie Prezydenta Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 13 października 2009 r. o nadaniu orderu, M.P. Nr 28, poz. 314 // (пол.)
- ^ Czaczkowska, Ewa K. (21 сьнежня 2009) Jan Paweł II i ks. Jerzy na ołtarze w 2010 r. (пол.) rp.pl. Rzeczpospolita. Праверана 6 чэрвеня 2023 г.
- ^ Znaczki wprowadzone do obiegu w okresie: 30.09 — 31.12 2009r.: // poczta-polska.pl (пол.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Milena Kindziuk, Ksiądz Jerzy Popiełuszko. Axel Springer, ISBN 978-83-7558-255-0.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выпускнікі Вышэйшай мэтрапаліцкай духоўнай сэмінарыі ў Варшаве
- Нарадзіліся 14 верасьня
- Нарадзіліся ў 1947 годзе
- Нарадзіліся ў Сакольскім павеце
- Памерлі 19 кастрычніка
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ва Ўлацлаўку
- Пахаваныя ў Варшаве
- Узнагароджаныя крыжам кавалерскім ордэна Адраджэньня Польшчы
- Польскія каталіцкія сьвятары
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Народнай Рэспубліцы
- Забітыя сьвятары
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Асобы на марках
- Каталіцкія блаславёныя
- Ежы Папялушка