Перайсьці да зьместу

Дэлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэлі
гіндз. दिल्ली
Дэлі
Дата заснаваньня: 500 да н. э.
Краіна: Індыя
Мэр: Shelly Oberoi[d]
Плошча: 1484 км²
Вышыня: 221 м н. у. м.
Насельніцтва (2001)
колькасьць: 13 782 976 чал.
шчыльнасьць: 9287,72 чал./км²
Часавы пас: UTC+5:30
Тэлефонны код: +91 11
Паштовы індэкс: 110 xxx
Нумарны знак: DL-xx
Геаграфічныя каардынаты: 28°42′0″ пн. ш. 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д. / 28.7; 77.2Каардынаты: 28°42′0″ пн. ш. 77°12′0″ у. д. / 28.7° пн. ш. 77.2° у. д. / 28.7; 77.2
Дэлі на мапе Індыі
Дэлі
Дэлі
Дэлі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://delhigovt.nic.in/

Дэ́лі (гіндзі: दिल्ली; пэнджабі: ਦਿੱਲੀ, па-ангельску: Delhi) — другі паводле велічыні (пасьля Мумбаі) мэгаполіс Індыі[1], які мае статут саюзнай тэрыторыі (Нацыянальная сталічная акруга Дэлі). Разьмешчаны на поўначы Індыі на беразе ракі Джамна. Дэлі — адзін з самых эканамічна разьвітых гарадоў Індыі з самым высокім узроўнем спажываньня. Колькасьць аўтамабіляў у Дэлі складае каля 7,35 млн (2012)[2]. У Дэлі — найлепшы транспарт і інфраструктура. Па гэтай прычыне ў Дэлі і прадмесьцях Наіда і Гургаон у апошнія гады сталі актыўна разьвівацца міжнародныя карпарацыі, камэрцыйныя і гандлёвыя цэнтры, аўтамабільная прамысловасьць, СМІ, вытворчасьць тавараў народнага спажываньня.

Дэлі стаў таксама горадам навукі, і займае вядучае месца ня толькі ў вобласьці інфармацыйных тэхналёгіяў, тэлекамунікацыяў, але і ў прыродазнаўстве і прыкладных навуках. 30% кампаніяў Індыі, засяроджанных у сфэры інфармацыйных тэхналягіяў, месьцяцца ў Дэлі (тут горад саступае толькі Бангалору, у якім засяроджана 35% IT-адмыслоўцаў). Дэлі ёсьць шматнацыянальны горад, у якім перамешаныя розныя культуры. Розныя народы Індыі выконваюць розныя ролі ў эканоміцы горада.

Дэлі ляжыць на заходнім беразе ракі Джамны (або сьвятой Ямуны, вядомай з часу «Магабгараты»), правам прытоку Ганга. Міжрэчча гэтых рэк — Доаб, урадлівая абжытая раўніна, — старажытная жытніца Гіндустану. З поўдня да горада падыходзяць астанцы старажытнай горнай грады Аравалі, накрытыя магутнай тоўшчай рачных наносаў. Гэтыя груды ажыўляюць манатоннасьць навакольных раўнінаў (сярэдняя вышыня Дэлі — 293 м над узроўнем мора). Выключна выгаднае геаграфічнае становішча на гандлёвых шляхах, што пралягаюць з Аўганістану, Ірану і Сярэдняй Азіі на ўсход да раўнінаў Ганга і на поўдзень у паўвостраўную Індыю, стымулявала эканамічны рост гораду. А знаходжаньне на сутыку розных цывілізацыйных зонаў — індуісцкай і ісламскай — зрабіла яго канглямэратам культурных традыцыяў і шматлікіх народаў, якія насяляюць індыйскі субкантынэнт.

Труна Хумаюна, пабудаваная ў 1560 годзе
Чырвоны форт

Першыя чалавечыя паселішчы, верагодна, прысутнічалі вакол Дэлі ў 2 тысячагодзьдзі да н. э. й да таго[3], але сьляды бесперапыннага пражываньня датуюцца па крайняй меры з VI стагодзьдзя да нашай эры[4]. Горад лічыцца месцам Індапрастгі, легендарнай сталіцы пандаваў, якія згадваюцца ў індыйскім эпічным творы Магабгарата[5]. Пасяленьне ўзбуйнела з часоў імпэрыі Маурыяў каля 300 году да н. э. Астанкі сямі буйных гарадоў былі адкрыты ў Дэлі. Ананг Пал з томарскай дынастыі заснаваў горад Лал Кот у 736 годзе да н. э. Чаўган заваяваў Лал Кот у 1180 годзе й пераназваў яго ў Кіла Пай Пітора. Кароль Прытвірай Чаўган пацярпеў паразу ў 1192 годзе ад захопніка Мугамада Горы[5].

У 1206 годзе Кутб-уд-дын Аябак, першы кіраўнік з рабскай дынастыі стварыў Дэлійскі султанат. Кутб-уд-дын пачаў будаўніцтва Кутуб Мінара й Кувата-аль-Іслам, гэта самыя раньнія захаваныя мячэты ў Індыі[6]. Пасьля падзеньня рабскай дынастыі наступнымі кіраўнікамі горада былі цюрскія й аўганскія дынастыі, як то дынастыя Хільджы, дынастыя Тугглак, дынастыя Саід, а таксама дынастыя Лодгі, якая панавала ў пэрыяд позьняга сярэднявечча, і пабудавала некалькі фартоў і паселішчаў, якія зараз уваходзяць у сем гарадоў Дэлі[7].

У 1398 годзе Тымур Ленк уварваўся ў Індыю на падставе таго, што мусульманскія султаны Дэлі былі занадта мяккімі ў адносінах да сваіх падданых індусаў. Тымур увайшоў у Дэлі й горад быў разрабаваны, разбураны й пакінуты ў руінах[8]. Разам з Дэлі, Тымур зьнішчыў 100 тысячы палонных[9]. Дэлі быў буйным цэнтрам суфізма ў пэрыяд існаваньня султанату[10]. У 1526 годзе Бабур Загірудын перамог апошняга султана Лодгі ў першай бітве пры Паніпаты й заснаваў імпэрыю Вялікіх Маголаў, якая кіравала ў Дэлі, Агры й Лагоры.

Імпэрыя Вялікіх Маголаў кантралявала Дэлі на працягу больш чым трох стагодзьдзяў, з шаснаццацігадовым перапынкам падчас кіраваньня Шэр Шага Суры з 1540 да 1556 году[11]. У 1553—1556 гадах індуісцкі цар Гему Вікрамадытыя ўзышоў на трон Дэлі, перамогшы сілы імператара Акбара ў Агры й Дэлі. Тым ня менш, Маголы аднавілі сваю ўладу пасьля таго, як войскі Акбара перамаглі Гему падчас другой бітвы пры Паніпаты[12][13][14]. Шаг Джаган пабудаваў сёмы горад Дэлі, які носіць ягонае імя й больш вядомы як «Стары горад» ці «Стары Дэлі». Стары горад быў сталіцай імпэрыі Маголаў з 1638 году. Пасьля 1680 году ўплыў Імпэрыі Вялікіх Маголаў хутка зьнізіўся ў той час, калі індуісцкія маратгі занялі бачнае становішча[15].

Саслабленая Імпэрыя Вялікіх Маголаў атрымала паразу ў Карнальскай бітве, пасьля чаго сілы Надыр-шага ўварваліся й разрабавалі Дэлі, выносячы шмат скарбаў, у тым ліку Паўліны трон[16]. Дамова, якая была падпісана ў 1752 годзе зрабіла маратгаў абаронцамі трона Вялікіх Маголаў ў Дэлі[17]. У 1761 годзе пасьля таго, маратгі трывалі паразу ў трэцяй бітве пры Паніпаты, у Дэлі ўварваўся Ахмэд Шаг Абдалі. У 1803 годзе сілы брытанскай Ост-Індзкай кампаніі перамаглі маратгаў недалёка ад Дэлі й скончылася час панаваньня Вялікіх Маголаў над горадам[18].

Пасьля індыйскага паўстаньня 1857 году Дэлі патрапіў пад прамое кіраваньне брытанскай кароны й быў уключаны ў рэгіён правінцыі Пэнджаб. У 1911 годзе сталіца Брытанскай Індыі была перанесена з Калькуты ў Дэлі, пасьля чаго група брытанскіх архітэктараў на чале з Эдўінам Лачэнзам распрацавалі новы палітычны й адміністрацыйны раён, вядомы як Нью-Дэлі, дзеля зьмяшчэньня ў ім урадавых будынкаў. Нью-Дэлі, таксама вядомы як Дэлі Лачэнз, быў афіцыйна абвешчаны сталіцай Індыйскага Зьвяза пасьля набыцьця краінай незалежнасьці 15 жніўня 1947 году.

У час падзелу Індыі тысячы індусаў і сыкхаў зьбеглі з Заходняга Пэнджабу й Сындзі ў Дэлі, у той час як многія мусульманскія жыхары горада мігравалі ў Пакістан. Пачынаючы з 31 кастрычніка 1984 году каля трох тысяч сыкхаў былі забітыя на працягу чатырохдзённых антысыкхскіх беспарадкаў пасьля таго, як тагачасны прэм’ер-міністар краіны Індыра Гандзі была забіта сваім сыкхскім ахоўнікам. Міграцыя ў Дэлі з астатняй часткі Індыі працягваецца, што спрыяе росту насельніцтва горада, бо нараджальнасьць у горадзе ідзе на спад[19].

У 2009 годзе мэрам Дэлі абраны Канвар Саін[20].

Рака Ямуна

Нацыянальная сталічная тэрыторыя Дэлі распаўсюджана на плошчу 1484 км², зь якіх 783 км² тэрыторыі месьцяцца ў сельскай мясцовасьці й 700 км² тэрыторыі знаходзяцца ў самім горадзе. Дэлі мае максымальную даўжыню 51,9 км і максымальную шырыню ў 48,48 км. Кіруюць горадам тры мясцовыя органы: Муніцыпальная карпарацыя Дэлі, плошча дзейнасьці якой складае 1397,3 км², Нью-Дэлійскі гарадзкі камітэт, плошча — 42,7 км² і Дэлійскі гапрадзкі савет, плошча — 43 км²[21].

Большасьць тэрыторыі Дэлі, у тым ліку Нью-Дэлі, разьмешчана на заходнім беразе ракі Ямуны, якая адлучае галоўны горад ад прыгарадаў ува ўсходняй частцы, нягледзячы натое, што ёсьць добрыя транспартныя сувязі паміж абодвума бакамі, як то аўтамабільныя й чыгуначныя масты, а таксама Дэлійскі мэтрапалітэн.

Дэлі быў адным зь дзесяці найбольш забруджаных гарадоў сьвету ў 1990-х гадох, чые транспартныя сродкі выраблялі 70% выкідаў забруджвальных рэчываў[22]. У 1996 годзе Вярхоўны суд Індыі распачаў судовую справу ў сувязі зь іскам Цэнтра навукі й навакольнага асяродзьдзя краіны й прыняў рашэньне пра пераход дэлійскіх аўтобусаў і таксі з выкарыстаньня этыляванага бэнзіну на сьціснуты прыродны газ у 1998 годзе.

У Дэлі назіраецца атыповая вэрсія вільготнага субтрапічнага клімату. Лета доўгае й вельмі гарачае, з пачатку красавіка да сярэдзіны кастрычніка, з сэзонамі мусонаў. У пачатку сакавіка назіраецца разварот у напрамку ветру, з паўночна-заходняга кірунку на паўднёва-захадні. Яны прыносяць з сабой гарачыя хвалі з Раджастана, несучы разам з тым пясок. З красавіка па ліпень назіраецца сьпякота[23]. Мусон прыходзіць у канцы чэрвеня, прыносячы некаторую перадышку ад сьпякоты, але й павялічваючы вільготнасьць у той жа час. Мяккая зіма пачынаецца ў канцы лістапада й ейны пік прыходзіцца на студзень, калі назіраюцца густыя туманы[24].

Гадавы дыяпазон тэмпэратураў складае ад —2,2 °C[25] да 52,3 °C[26]. Гадавая сярэдняя тэмпэратура складае 25 °C. Сярэднемесячныя тэмпэратуры вагаюцца ад 13 °C да 32 °C[27]. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае каля 790 мм, большасьць зь якіх назіраецца падчас сэзону мусонаў у ліпені й жніўні. Сярэдняя дата зьяўленьня мусонных вятроў у Дэлі 29 чэрвеня[28].

 Кліматычныя зьвесткі для Дэлі 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C 21,0 23,5 29,2 36,0 39,2 38,8 34,7 33,6 34,2 33,0 28,3 22,9 31,2
Сярэдняя t, °C 14,3 16,8 22,3 28,8 32,5 33,4 30,8 30,0 29,5 26,3 20,8 15,7 25,1
Сярэдні мінімум t, °C 7,6 10,1 15,3 21,6 25,9 27,8 26,8 26,3 24,7 19,6 13,2 8,5 19,0
Норма ападкаў, мм 19 20 15 21 25 70 237 235 113 17 9 9 790
Крыніца: Ганконская абсэрваторыя
Горад-спадарожнік Гургаон, які месьціць бізнэсовы раён

Паводле ацэнак, чысты дзяржаўны СУП 130 мільярдаў даляраў ЗША (2022-23)[29]. Дэлі зьяўляецца самым буйным гандлёвым цэнтрам ў паўночнай Індыі[30]. У 2007 годзе гарадзкі даход на душу насельніцтва склаў 1 488 даляраў ЗША ў актуальных цэнах, гэты паказчык зьяўляецца трэцім па велічыні ў Індыі пасьля Чандыгарга й Гоа па стане на 2006—2007 гады[31].

На троесны сэктар прыходзіцца 84,6% ад валавага СУП гораду, у той час калі на другасны й першасны сэктары праыпадае 13,5% і 1,8% адпаведна (2020/2021)[32]. Доля працаздольнага насельніцтва ў горадзе складае 32,82%, што зьяўляецца ростам на 52,52% у пэрыяд паміж 1991 і 2001 гадамі[33]. Узровень беспрацоўя ў Дэлі зьнізіўся з 12,57% у 1999—2000 гадох да 4,63% у 2003 годзе[33]. У сьнежні 2004 году 636 тысячаў чалавек былі зарэгістраваныя з рознай праграмай занятасьці[33].

У 2001 годзе агульная колькасьць працаўнікоў ува ўсіх дзяржаўных і квазі-дзяржаўных установах склала 620 тысячы чалавек. Для параўнаньня ў прыватных установах занята 219 тысячы чалавек[33]. Асноўныя галіны сфэры паслугаў ўключаюць інфармацыйныя тэхналёгіі, тэлекамунікацыі, гатэльны бізнэс, банкаўская справа, СМІ й турызм[34]. Дзякуючы буйному спажывецкаму рынку ў спалучэньні з даступнасьцю кваліфікаванай працоўнай сілы, горад прыцягвае значныя замежныя інвэстыцыі. У 2001 годзе ў сэктары апрацоўчай прамысловасьці было занята 1440 тысячы чалавек, а лік прамысловых прадпрыемстваў складаў 129 тысячы[35]. Будаўніцтва, энэргетыка, тэлекамунікацыі, ахова здароўя й камунальныя паслугі, а таксама рынак нерухомасьці сталіся неад’емнай часткай эканомікі Дэлі.

  1. ^ Irfan Habib (1999). «The agrarian system of Mughal India, 1556—1707». Oxford University Press, 1999. ISBN 978-0-19-562329-1.
  2. ^ Aroosa Reshi (24 лютага 2022) Indian cities with highest number of automobiles (анг.)
  3. ^ «Delhi History». Delhi Tourism. Advent InfoSoft (P) Ltd.
  4. ^ Asher, Catherine B (2000). «Chapter 9:Delhi walled: Changing Boundaries». In James D. Tracy. City Walls. Cambridge University Press. pp. 247—281. ISBN 0-521-65221-9.
  5. ^ а б «Chapter 1: Introduction» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005—2006. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. 1-7.
  6. ^ «India: Qutb Minar and its Monuments, Delhi» (PDF). State of Conservation of the World Heritage Properties in the Asia-Pacific Region: : Summaries of Periodic Reports 2003 by property, Section II. UNESCO World Heritage Centre. pp. 71-72.
  7. ^ «Battuta’s Travels: Delhi, capital of Muslim India». Sfusd.k12.ca.us.
  8. ^ «The Islamic World to 1600: The Mongol Invasions (The Timurid Empire)». Ucalgary.ca.
  9. ^ «Genocide: a history». W. D. Rubinstein (2004). p.28. ISBN 0-582-50601-8
  10. ^ Sufis, Dargahs & Divinity in Delhi (анг.). Sarmaya (10 верасьня 2018).
  11. ^ «Sher Shah — The Lion King». India’s History : Medieval India. indhistory.com.
  12. ^ Akbar the Great, Srivastva,A.L. Vol.1 pages 24-26
  13. ^ «Himu-a forgotten Hindu Hero», Bhartiya Vidya Bhawan, p.100
  14. ^ Kar, L. Colonel H. C. «Military History of India» Calcutta 1980, p. 283
  15. ^ Thomas, Amelia. «Rajasthan, Delhi and Agra». Lonely Planet. ISBN 978-1-74104-690-8.
  16. ^ «Iran in the Age of the Raj». Avalanchepress.com.
  17. ^ Gordon, Stewart. «The Marathas 1600—1818, Volume 2». Cambridge University Press, 1993. ISBN 978-0-521-26883-7.
  18. ^ Mayaram, Shail. «Against history, against state: counterperspectives from the margins Cultures of history». Columbia University Press, 2003. ISBN 978-0-231-12731-8.
  19. ^ «Fall in Delhi birth rate fails to arrest population rise». Chennai, India: The Hindu.
  20. ^ BJP’s Kanwar Sain is new mayor (анг.). Hindustan Times (24 красавіка 2009).
  21. ^ «Introduction». The New Delhi municipal council act, 1994. New Delhi Municipal Council.
  22. ^ «Express India». Cities.expressindia.com.
  23. ^ Seasons of Delhi (анг.) Delhi Tourism Праверана 11 ліпеня 2024 г.
  24. ^ «Fog continues to disrupt flights, trains». Chennai, India: The Hindu.
  25. ^ New Delhi climate: weather by month, temperature, rain (анг.) Climates to Travel Праверана 11 ліпеня 2024 г.
  26. ^ Delhi Temperature Record-Breaking 52.3°C Heatwave: Climate Change (анг.). AQI India (30 мая 2024).
  27. ^ «Weatherbase entry for Delhi». Canty and Associates LLC.
  28. ^ Kurian, Vinson (28 June 2005). «Monsoon reaches Delhi two days ahead of schedule». The Hindu Business Line.
  29. ^ Delhi State Presentation and Economic Growth Report (анг.). India Brand Equity Foundation (студзень 2024).
  30. ^ «Know India: Delhi». India.gov.in.
  31. ^ Mohan, Vibhor. «Chandigarh’s per capita income highest in India-Chandigarh-Cities-The Times of India». Timesofindia.indiatimes.com.
  32. ^ Investing in Delhi: Region Profile - India Guide (анг.) Doing Business in India Праверана 11 ліпеня 2024 г.
  33. ^ а б в г «Chapter 5: Employment and Unemployment» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005-06. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. 59-65.
  34. ^ «Industries in Delhi». Mapsofindia.com.
  35. ^ «Chapter 9: Industrial Development» (PDF). Economic Survey of Delhi, 2005-06. Planning Department, Government of National Capital Territory of Delhi. pp. pp94-107.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]