Перайсьці да зьместу

Арнольд Сьмеяновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арнольд Сьмеяновіч
Дата нараджэньня 11 жніўня 1938(1938-08-11)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2 студзеня 2021(2021-01-02) (82 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Менскі мэдычны інстытут (1960)
Занятак навуковец, лекар
Навуковая сфэра нэўрахірургія
Месца працы
Вядомы як распрацоўнік поўнага мікрахірургічнага выдаленьня нэўрыномаў пераддзьвернасмоўжыкавай нэрвы
Сябра ў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Навуковая ступень доктар мэдычных навук[d]
Навуковы кіраўнік Яфрэм Ісакавіч Злотнік[d]
Вучні Юрый Георгіевіч Шанько[d]
Узнагароды

Арнольд Фёдаравіч Сьмеяновіч (11 жніўня 1938, Бранск, цяпер Расея — 2 студзеня 2021) — беларускі нэўрахірург. Доктар мэдычных навук (1982), прафэсар (1993), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), заслужаны дзяяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998)[1] і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009).

Нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага[2]. У 1960 годзе скончыў Лячэбны факультэт Менскага мэдычнага інстытуту. Разьмеркаваўся на 3 гады ў Дрыбінскую лякарню. У 1963—1975 гадах працаваў нэўрахірургам у Менскай абласной клінічнай лякарні. У 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю, прысьвечаную сучасным праблемам нэўрахірургіі. У 1975 годзе прыйшоў працаваць старэйшым навуковым супрацоўнікам у Беларускі навукова-дасьледчы інстытут (НДІ) нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыялёгіі. У 1996 годзе абраны акадэмікам Беларускай мэдычнай акадэміі[2]. Узначальваў НДІ нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыялёгіі ў 1998—2005 гадах. Напісаў навуковыя працы пра пухліны галаўнога мозгу (нэўрыному слыхавой нэрвы), анэўрызмы сасудаў галаўнога мозгу, астэахандроз хрыбетніка і траўмы пэрыфэрычных нэрваў[1]. У 2000 годзе дамогся, каб у Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі пачалі чытаць курс нэўрахірургіі для хірургаў і траўматолягаў, што дазволіла апошнім выконваць ў раённых лякарнях апэрацыі, зьвязаныя з траўмамі галавы і хрыбетніка[3].

6 лютага 2014 году быў узнагароджаны ордэнам Айчыны 3-й ступені. На той час працаваў загаднікам нэўрахірургічнага аддзелу РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі[4]. Мянчук году, Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёну (2011)[2].

Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 25 вынаходніцтваў і патэнтаў[2].

Памёр ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 2 студзеня 2021 году[5].

  1. ^ а б Сьмеяновіч // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 54
  2. ^ а б в г Смеянович Арнольд Фёдорович (рас.). Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа НАН Беларуси. Праверана 21 жніўня 2024 г.
  3. ^ Сьвятлана Барысенка. «Сучасная беларуская нэўрахірургія адпавядае эўрапейскім стандартам» // Краіна здароўя. — 10 жніўня 2013. — № 7 (308). — С. 5.
  4. ^ Заслужаным людзям — заслужаныя ўзнагароды // Зьвязда : газэта. — 7 лютага 2014. — № 23 (27633). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Ад каранавірусу памёр вядомы беларускі нэўрахірург Арнольд Сьмеяновіч. Радыё Свабода (2 студзеня 2021). Архіўная копія