Перайсьці да зьместу

Адзіная эканамічная прастора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адзіная эканамічная прастора
Абрэвіятура АЭП
Папярэднік Мытны зьвяз Беларусі, Казахстана і Расеі
Наступнік Эўразійскі эканамічны зьвяз
Дата ўтварэньня 1 студзеня 2012 (12 гадоў таму)
Юрыдычны статус агульны рынак
Мэта павышэньне ўзроўня жыцьця насельніцтва[1]
Штаб-кватэра Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Замаскварэчча, вул. Летнікоўская, д. 2
Месцазнаходжаньне Расея
Каардынаты Каардынаты: 55°43′41″ пн. ш. 37°38′40″ у. д. / 55.72806° пн. ш. 37.64444° у. д. / 55.72806; 37.64444
Сяброўства Армэнія
Беларусь
Казахстан
Кыргыстан
Расея
Афіцыйныя мовы расейская[2][3]
Старшыня Камісіі Віктар Хрысьценка
Кіроўны орган Эўразійская эканамічная камісія
Матчына кампанія Эўразійскі эканамічны зьвяз
Сайт eurasiancommission.org

Адзіная эканамічная прастора — агульны рынак Эўразійскага эканамічнага зьвязу, створаны 1 студзеня 2012 року.

Задачамі аб’яднаньня ёсьць лібэралізацыя ўнутрыэканамічных стасункаў і зьдзяйсьненьне зьнешняга калектыўнага пратэкцыянізму. Дзяржавамі-ўдзельніцамі зьяўляюцца:

19 сьнежня 2011 году ў Маскве (Расея) Вышэйшы эўразійскі эканамічны савет на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў зацьвердзіў Рашэньне № 9 «Аб уступленьні ў сілу міжнародных дамоваў, якія ўтвараюць Адзіную эканамічную прастору Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расейскай Фэдэрацыі»[4]. Паводле Рашэньня, прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзьмітры Мядзьведзеў вырашылі: «Увесьці ў дзеяньне з 2012 году ... з улікам выкананьня Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан і Расейскай Фэдэрацыяй належных унутрыдзяржаўных працэдураў наступныя міжнародныя дамовы»:

  • «Пагадненьне аб адзіных прынцыпах і правілах тэхнічнага рэгуляваньня ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан і Расейскай Фэдэрацыі ад 18 лістапада 2010 году»;
  • «Пагадненьне аб супрацы па супрацьдзеяньні нелегальнай працоўнай міграцыі з трэціх дзяржаваў ад 19 лістапада 2010 году;
  • Пагадненьне аб прававым статусе працоўных мігрантаў і чальцоў іх сем'яў ад 19 лістапада 2010 году»;
  • «Пагадненьне аб забесьпячэньні доступу да паслугаў натуральных манаполіяў ў сфэры электраэнергетыкі, уключна з асновамі цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі ад 19 лістапада 2010 году»;
  • «Пагадненьне аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб стварэньні ўмоваў на фінансавых рынках для забесьпячэньня вольнага руху капіталу ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб узгодненых прынцыпах валютнай палітыкі ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб адзіных прынцыпах і правілах рэгуляваньня дзейнасьці суб'ектаў натуральных манаполіяў ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб адзіных правілах даваньня прамысловых субсыдыяў ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб адзіных правілах дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб дзяржаўных закупках ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб гандлі паслугамі і інвэстыцыях у дзяржавах-удзельніцах Адзінай эканамічнай прасторы ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб адзіных прынцыпах рэгуляваньня ў сфэры аховы і абароны правоў інтэлектуальнай уласнасьці ад 9 сьнежня 2010 году»;
  • «Пагадненьне аб правілах доступу да паслугаў суб'ектаў натуральных манаполіяў у сфэры транспартаваньня газу па газатранспартных сыстэмах, уключна з асновамі цэнаўтварэньня і тарыфнай палітыкі ад 9 сьнежня 2010 году;
  • Пагадненьне аб рэгуляваньні доступу да паслугаў чыгуначнага транспарту, уключна з асновамі тарыфнай палітыкі ад 9 сьнежня 2010 году»[5].

Прымяненьне 17-га Пагадненьня «Аб парадку арганізацыі, кіраваньня, функцыянаваньня і разьвіцьця агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расейскай Фэдэрацыі» ад 9 сьнежня 2010 году пачалося з 23 траўня 2013 г., калі ўрад Казахстану ратыфікаваў казаска-расейскае Пагадненьне «Аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Рэспубліку Казахстан» ад 9 сьнежня 2010 году.

19 верасьня 2003 прэзыдэнты Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны падпісалі Пагадненьне пра намер сфармаваць Адзіную эканамічную прастору. Аднак Украіна тарпэдавала працэс, імкнучыся да атрыманьня палітычных і эканамічных перавагаў, а з прыходам да ўлады прэзыдэнта Юшчанкі Ўкраіна пачала разьвіваць ідэю Эўраатлянтычнай інтэграцыі (уваходу ў Эўразьвяз і НАТО).

18-19 лістапада 2010 году ў Санкт-Пецярбургу (Расея) старшыні ўрадаў Беларусі, Казахстану і Расеі Сяргей Сідорскі, Карым Масімаў і Ўладзімер Пуцін падпісалі па-расейску першыя 4 пагадненьні «ў мэтах ... утварэньня Адзінай эканамічнай прасторы». Падпісаньне адбылося ў рамках Міждзяржаўнага савету Эўразійскай эканамічнай супольнасьці на ўзроўні кіраўнікоў урадаў. 9 сьнежня 2010 року ў Маскве (Расея) Беларусь, Казахстан і Расея падпісалі на пасяджэньні Міждзяржсавету ЭўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў астатнія 13 пагадненьняў па стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. Зь іх 3 падпісалі прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзьмітры Мядзьведзеў: «Аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы», «Аб стварэньні ўмоваў на фінансавых рынках для забесьпячэньня вольнага руху капіталу» і «Аб узгодненых прынцыпах валютнай палітыкі». Астатнія 10 падпісалі віцэ-прэм’еры ўрадаў[6].

21 сьнежня 2010 году ўсе 17 пагадненьняў ратыфікавала Палата прадстаўнікоў Беларусі, а 22 сьнежня — Савет Рэспублікі.

18 лістапада 2011 году ў Маскве (Расея) прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі А.Лукашэнка, Н.Назарбаеў і Д.Мядзьведзеў падпісалі па-расейску Дамову «Аб Эўразійскай эканамічнай камісіі», якую стварылі «як адзіны пастаянна дзейны рэгулявальны орган Мытнага зьвязу і Адзінай эканамічнай прасторы». Паводле 3-га артыкула Дамовы, Камісія атрымлівала паўнамоцтвы ў 19 галінах, у тым ліку праз 17 пагадненьняў 2010 году, якія ўтваралі АЭП[7].

Наступствы ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увядзеньне з 2012 году мытаў Адзінай эканамічнай прасторы ў Беларусі выклікала рост сярэдняй цаны аўтамабіля на 58,2% з $7000 у 2011 годзе да $11 763. Пагатоў дзель прададзеных аўтамабіляў з Расеі на рынку Беларусі вырасла з 5% да 13%. Тым часам, расейскія аўтамабілі вырасьлі ў цане на 20% да $11 549[8].

  1. ^ Дамова аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы ад 26 лютага 1999 году // Эўразійская эканамічная камісія, 2017 г. Праверана 9 лістапада 2017 г.
  2. ^ Договор об учреждении Евразийского экономического сообщества (статья 17). Евразийская экономическая комиссия. Праверана 2012-09-03 г. Архіўная копія ад 2012-10-17 г.
  3. ^ Договор о Евразийской экономической комиссии (статья 33). Евразийская экономическая комиссия. Праверана 2012-09-03 г. Архіўная копія ад 2012-10-17 г.
  4. ^ Максім Карлюк. Інстытуцыйная структура эўразійскай інтэграцыі // Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (Вільня), 27 верасьня 2012 г. Праверана 9 лістапада 2017 г.
  5. ^ Рашэньне Вышэйшага эўразійскага эканамічнага савету ад 19 сьнежня 2011 г. № 9 «Аб уступленьні ў сілу міжнародных дамоваў, якія ўтвараюць Адзіную эканамічную прастору Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 20 сьнежня 2011 г. Праверана 9 лістапада 2017 г.
  6. ^ Адзіная эканамічная прастора: даведка (рас.) // Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», 1 студзеня 2012 г. Праверана 9 лістапада 2017 г.
  7. ^ Дамова «Аб Эўразійскай эканамічнай камісіі» (рас.) // Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 9 лістапада 2017 г.
  8. ^ Леанід Лахманенка. Аўтамабілізацыя: этап трэці // Зьвязда : газэта. — 9 чэрвеня 2012. — № 109 (27224). — С. 4. — ISSN 1990-763x.