Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Wikipedia»)
Вікіпэдыя
Шматмоўны партал з буйнейшымі галінамі.
Здымак экрана шматмоўнага парталу
Слоган Вольная энцыкляпэдыя
Тып Інтэрнэт-энцыкляпэдыя
Даступныя мовы 293 (2020 год)[1]
Уладальнік Фундацыя «Вікімэдыя»
Аўтар Джымі Ўэйлз і Лары Сэнгер
Пачатак працы 15 студзеня 2001 (23 гады таму)
Камэрцыйны? не
Рэгістрацыя ёсьць, неабавязкова
Прыбытак няма
Актуальны стан дзейны
Рэйтынг Alexa 13 (2020 год)
Мова праграмаваньня PHP
Ліцэнзія 🅭🅯🄎 4.0[d]
wikipedia.org

Вікіпэ́дыя (анг. Wikipedia; ад гав. вікі — хуткі + грэц. παιδεία — вывучэньне) — шматмоўная агульнадаступная свабодна распаўсюджваная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, распачатая Джымі Ўэйлзам і Лары Сэнгерам у студзені 2001 году.

Ствараецца супольнай працай добраахвотных аўтараў. Каардынуецца амэрыканскай некамэрцыйнай Фундацыяй «Вікімэдыя», якая знаходзіцца ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія) і мае 37 рэгіянальных прадстаўніцтваў. Зьяўляецца найбуйнейшым і самым папулярным даведнікам у інтэрнэце, які вельмі хутка разьвіваецца. На травень 2018 году разьдзелы Вікіпэдыі існавалі на 301 мове, а таксама на 493 мовах у інкубатары. Яна зьмяшчала больш за 40 мільёнаў артыкулаў. Інтэрнэт-сайт Вікіпэдыі зьяўляўся пятым паводле наведвальнасьці сайтам у сьвеце.

Вікіпэдыя прываблівае мноства наведнікаў, якія прачытваюць больш за 47 млн артыкулаў на 298 мовах сьвету. Самы аб’ёмны з моўных разьдзелаў Вікіпэдыі, ангельскамоўны, утрымлівае больш за 5 540 000 артыкулаў (на студзень 2018 году). Артыкулы ў Вікіпэдыі пішуцца добраахвотнікамі грамады з усяго сьвету, і амаль усе гэтыя артыкулы могуць быць выпраўлены ці дапоўнены любым чалавекам праз інтэрнэт. 12 жніўня 2004 году Ўладзімер Каткоўскі заснаваў Беларускую Вікіпэдыю.

Аўтарскае права на матэрыялы Вікіпэдыі рэгулюецца ліцэнзіяй GNU FDL і адпавядае GPL-ліцэнзіі, якая выкарыстоўваецца для свабоднага праграмнага забесьпячэньня. Ліцэнзія дазваляе свабодна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак забараняе заяўляць свае правы на створаную грамадзкасьцю інфармацыю пасьля ўнясеньня якіх-небудзь зьменаў і дапаўненьняў. Пры гэтым стваральнікі Вікіпэдыі настойліва заклікаюць не разьмяшчаць у ёй матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, бяз згоды праваўладальнікаў.

Праект зьяўляецца некамэрцыйным і разьвіваецца на сродкі спонсараў, якія ў асноўным зьяўляюцца простымі ўдзельнікамі Вікіпэдыі.

Вікіпэдыя пачалася як праект падобны да Нупэдыі, бясплатнай ангельскамоўнай онлайн-энцыкляпэдыі, артыкулы ў якой пісалі адмыслоўцы, а затым артыкулы праходзілі складаны працэс фармальнай праверкі. Нупэдыя была заснавана 9 сакавіка 2000 году, і была ўласнасьцю Bomis Inc, кампаніі, якая валодала таксама аднайменным вэб-парталам. Галоўнымі фігурамі гэтага праекту былі Джымі Ўэйлз, галоўны выканаўчы дырэктар Bomis, і Лары Сэнгер, галоўны рэдактар ​​Нупэдыі, а пазьней Вікіпэдыі. Нупэдыя спачатку друкавалася пад уласнай ліцэнзіяй адкрытага кантэнту, а затым перайшла на GNU Free Documentation License перад стварэньнем Вікіпэдыі паводле патрабаваньня Рычарда Столмэна.

12 жніўня 2004 году Ўладзімер Каткоўскі заснаваў Беларускую Вікіпэдыю. У сьнежні 2013 году ў заяве ЮНЭСКА з нагоды ўзнагароджаньня Джымі Ўэйлза, заснавальніка Вікіпэдыі, Вікіпэдыя атрымала Залаты мэдаль.

На люты 2015 году Вікіпэдыя налічвала звыш 35 млн артыкулаў на 277 мовах[2]. На ліпень 2015 году Вікіпэдыя ўваходзіла ў 5-ку найбольш папулярных вэб-бачынаў у сьвеце і стваралася на 285 мовах[3].

Суполка ўдзельнікаў і мадэль рэдагаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнай асаблівасьцю Вікіпэдыі зьяўляецца тое, што ствараць і рэдагаваць артыкулы ў яе можа любы карыстальнік Інтэрнэту. Усе зьмены імгненна становяцца даступнымі для прагляду ўсім наведвальнікам сайту.

Кампэтэнтнасьць і перадузятасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыка Вікіпэдыі апэлюе да сыстэматычнай перадузятасьці і няўзгодненасьці праекту, да яго палітыкі, якая ўхваляе дасягненьне кампрамісу паміж удзельнікамі ў працэсе рэдагаваньня артыкулаў. Як вынік, сучасныя папулярныя тэмы з адносна нізкай агульначалавечай каштоўнасьцю аказваюцца больш поўна і цікава асьвечанымі, чым, напрыклад, гістарычныя асобы, чый глябальны ўнёсак і ўплыў зьяўляецца больш значным. Таксама падвяргаюцца сумневу дакладнасьць і кампэтэнтнасьць энцыкляпэдыі. Крытыкуецца і безабароннасьць супраць вандалізму, наяўнасьць ілжывай і неправеранай інфармацыі.

Статус Вікіпэдыі як крыніцы інфармацыі доўгі час ставіўся пад сумнеў. Энцыкляпэдыю хвалілі за тое, што яна бескаштоўна распаўсюджвалася, рэдагавалася і таму што яна вельмі шырокая; але яе крытыкавалі за несыстэматычнасьць, перавагу згоды над мандатам і за відавочную недастатковасьць адказнасьці і аўтарытэтнасьці ў параўнаньні з традыцыйнымі энцыкляпэдыямі. Артыкулы Вікіпэдыі цытуюцца ў СМІ і ў акадэмічным асяродзьдзі.

  1. ^ Сьпіс Вікіпэдыяў // Мэта-Вікі, 19 кастрычніка 2020 г.
  2. ^ Надзея Нікалаева. «Вікіпэдыя»: давярай, але правярай // Зьвязда : газэта. — 3 лютага 2015. — № 20 (27878). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Надзея Нікалаева. «Вікіпэдыя» — толькі трамплін // Газэта «Зьвязда», 23 ліпеня 2015 г. Праверана 23 кастрычніка 2022 г.