Перайсьці да зьместу

Якаў Трашчанок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Якаў Трашчанок
Дата нараджэньня 15 лістапада 1931(1931-11-15)
Месца нараджэньня Менск
Дата сьмерці 14 жніўня 2011(2011-08-14) (79 гадоў)
Месца сьмерці Магілёў
Месца вучобы Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут
Занятак пэдагог, гісторык
Навуковая сфэра гісторыя Беларусі
Месца працы Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова
Вучні Аляксандар Лукашэнка
Узнагароды
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)

Якаў Іванавіч Трашчанок (Трашчонак, 15 лістапада 1931, Менск — 14 жніўня 2011[1], Магілёў) — пэдагог і гісторык[2], дацэнт (1996). Вучань Лаўрэнція Абэцэдарскага[3], настаўнік Аляксандра Лукашэнкі.

Зь сям’і вайкоўца. У час нямецка-савецкай вайны быў ва эвакуацыі ў Саратаўскай вобласьці Расеі. У 1947 годзе, па заканчэньні сямігодкі, паступіў у Растоўскую падрыхтоўчую артылерыйскую вучэльню, адкуль у 1949 годзе яго накіравалі ў Калінінградзкую гвардзейскую артылерыйскую вучэльню. Скончыўшы яе, праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах ва Ўзброеных сілах СССР, у тым ліку за мяжой. У 1956 годзе звольніўся з арміі.

У 1963 годзе скончыў гістарычна-геаграфічны факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1967—1995 гадох працаваў у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце ім. А. Куляшова, дзе выкладаў гісторыю ў А. Лукашэнкі[4]. Рукапіс кандыдацкай дысэртацыі (1971) на тэму «Документальные материалы ЦГАОР БССР как источник по истории рабочего класса Белоруссии в период первой пятилетки (1928—1932)» захоўваецца ў НББ, а аўтарэфэрат — у чытальнай залі бібліятэкі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Аднак дысэртацыі не абараніў[2].

З 1967 году выкладаў на катэдры гісторыі СССР Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова, дацэнт катэдры расейскай і савецкай гісторыі (1995—2004), потым на пасадзе старэйшага навуковага супрацоўніка навукова-дасьледчага сэктару ўнівэрсытэту.

Выкладаў гісторыю ў Аляксандра Лукашэнкі[5]. Па ўсталяваньні рэжыму Лукашэнкі заклікаў былога вучня паводле прыкладу Сталіна ўзяць пад свой кантроль выданьне падручнікаў з гісторыі, што той зрабіў у 2002 годзе. Па гэтым атрымаў ад Лукашэкні заказ напісаць падручнік: «Напиши учебник в таком стиле, как ты у нас преподавал историю»[3]. Увайшоў у склад дзяржаўнай камісіі з падрыхтоўкі падручнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сфэры. У 2004 годзе атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Пашаны.

Стаяў на скрайніх пазыцыях заходнерусізму і праваслаўнага фанатызму[6]. Не прымаў беларусаў як самастойны народ і разглядаў Беларусь як частку Расеі. Аднак у адрозьненьне ад ідэоляга «заходнерусізму» Міхаіла Каяловіча не прызнаваў гістарычнай адметнасьці беларусаў[7]. Імкнуўся сьцьвердзіць велізарную праваслаўную імпэрыю, праваслаўную дзяржаву з панаваньнем Расеі[6].

З 2002 году на заданьне Лукашэнкі распрацоўваў новую канцэпцыю выкладаньня гісторыі ў беларускіх навучальных установах, якая неўзабаве атрымала ўхваленьне рэжыму і пачала рэалізоўвацца праз навучальныя праграмы і дапаможнікі. Аўтараў папярэдняй называў «нацыянал-радыкаламі», або «нацыяналістамі». Цьвердзіў, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая ніякім чынам ня могуць зьвязвацца з нацыянальнай беларускай гісторыяй, таму што «гэта дзяржавы каталіцкія», і яны «праводзілі дыскрымінацыйную палітыку ў дачыненьні да беларусаў». Шляхта паводле Трашчанка таксама ня мае ніякага дачыненьня да нацыянальнай гісторыі Беларусі, таму што яна «здрадзіла праваслаўю», а хто не здрадзіў праваслаўю, мусіў быў «ісьці на Ўсход да гаспадара маскоўскага прасіць паратунку». Зьмешваючы ўсё такім чынам, аўтар канцэпцыі заклікае ўвесьці праваслаўе (Расейская праваслаўная царква) як факультатыў у школах. Скрайне нэгатыўна ацэньваў усякія народныя паўстаньні, інтэрпрэтаваў іх яшчэ горш, чым было ў савецкія часы.

Лічыў, што гістарычная адукацыя ў Беларусі мусіць будавацца на трох курсах: першы курс — нацыянальная гісторыя, другі — рэгіянальная, трэці — усеагульная. Але парадокс у тым, што галоўнай зьяўляецца менавіта рэгіянальная гісторыя, а нацыянальная — гэта кароценькі курс гісторыі беларускіх праваслаўных земляў. Рэгіянальная — гэта гісторыя, як пісаў Трашчанок, «восточных славян, России и СССР» — ільвіная доля ўсёй нагрузкі на вучняў. Усеагульная — сьціслая гісторыя Захаду. Гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай мусіць вывучацца, паводле Трашчанка, у курсе ўсеагульнай гісторыі — ня проста адмежавана ад Беларусі, але як чужая. Такую схему плянаваў прыкласці як для школьнай адукацыі, гэтак і для вышэйшай.

На думку Трашчанка, пры выкладаньні гісторыі мусіла дамінаваць расейская мова, пры гэтым ён лічыў, што найлепшым варыянтам, увогуле, быў пераход на карыстаньне расейскімі падручнікамі[8]. Беларускай мовай не валодаў[9].

Прапагандысцкая творчасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісаў выняткова на расейскай мове. Аўтар унівэрсытэцкага навучальнага дапаможніка «История Беларуси. В 2-х частях», які выйшаў пад грыфам «Дапушчана Міністэрствам адукацыі» і пачаў узмоцнена насаджацца ўва ўсе зьвёны гістарычнай адукацыі[10]. У ім Трашчанок даў прынцыпова іншую ацэнку вузлавых пытаньняў гісторыі Беларусі, чым у выдадзеных у першай палове 1990-х гадоў у 2 частках «Нарысах гісторыі Беларусі», падрыхтаваных групай гісторыкаў пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Касьцюка. Гісторыю старажытнай Беларусі выклаў з пазыцыяў «усходнеэўрапейскай праваслаўнай цывілізацыі», падкрэсьліваючы асаблівы характар гістарычных повязяў Беларусі з Расеяй.

У 2008 годзе пад рэдактурай Трашчанка выйшаў новы абавязковы падручнік з гісторыі Беларусі для 10-й клясы сярэдняй школы, які зьмяшчае адмысловы параграф «Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага»[9]. У гэтым параграфе сьцьвярджаецца, што паводле этнічнай самаідэнтыфікацыі Кастусь Каліноўскі «быў, безумоўна, палякам».

  • Философия образования и проблема человека: Учеб. пособие / М. И. Вишневский, В. А. Костенич, Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 1997. — 68 с.
  • Трещенок, Я. И. Введение в методологию исторического познания / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 1999. — 34 с.
  • Трещенок, Я. И. История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 1 : Досоветский период / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2004. — 294 с.
  • Трещенок, Я. И. О сущностных характеристиках советского общества / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2003. — 17 с.
  • История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 2. / Я. И. Трещенок [и др.]; под ред. Я. И. Трещенка. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2005. — 310 с.
  • Трещенок, Я. И. Государственная идеология и национальная идея Республики Беларусь / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2006. — 134 с.
  • Хрестоматия по истории Беларуси : В 2 ч. Ч. 1. С древнейших времен до 1917 г. / сост.: Я. И. Трещенок [и др.]; под науч. ред. К. М. Бондаренко. — Минск : Издательский центр БГУ, 2008. — 623 с.
  • История Беларуси с древнейших времён до октября 1917 года : учебное пособие для 10-го класса общеобразовательных школ с русским языком обучения / В. В. Волженков, Я. И. Трещенок, А. А. Воробьев. — Минск : Адукацыя і выхаванне, 2008. — 255 с.
  • История Беларуси (октябрь 1917 — начало XXI в.) : учебное пособие для 11-го класса общеобразовательных учреждений с русским языком обучения / Я. И. Трещенок, А. А. Воробьев, М. Н. Железняк; под редакцией Я. И. Трещенка. — Минск : Народная асвета, 2009. — 181 с.

Трашчанка зьвінавачваюць у нячыстасьці мэтадаў дзеля ачарненьня апанэнтаў. У прыватнасьці, у 1965 годзе ён даслаў у газэту «Советская Белоруссия» палітычны данос на беларускага літаратара Міколу Прашковіча, у якім падтасаваў факты і прыпісаў М. Прашковічу тое, што той насамрэч не сьцьвярджаў[7].

Беларускія гісторыкі паказваюць на тое, што ў падручніках Трашчанка зьмяшчаецца цэлы шэраг фальсыфікацыяў і падтасовак[11]. Апроч таго, у іх выказваюцца адкрытыя абразы ў бок апанэнтаў і, увогуле, прысутнічае распальваньне міжнацыянальнай варожасьці[7].

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук паказвае на тое, што пiсаць звычайную навуковую рэцэнзiю на падручнiкi Трашчанка проста немагчыма[11], а ягоныя канцэпцыі антынавуковыя[6]. Гісторык Генадзь Сагановіч характарызуе падручнікі Трашчанка як цынічную насьмешку зь беларускай гістарычнай навукі[7].

  1. ^ Памёр ідэолаг лукашэнкаўскай гісторыі Беларусі — магілёўскі выкладчык Якаў Трашчанок. Наша Ніва (14 жніўня 2011). Праверана 27 жніўня 2011 г.
  2. ^ а б В центре внимания: Яков Трещенок // «Первый национальный канал», 14.08.2011.
  3. ^ а б Саганович, Г. Советизация, западнорусизм, что дальше? // Деды: дайджест публикаций о белорусской истории. Выпуск 8. — Минск, 2011. С. 112.
  4. ^ Студзінская І. (1 верасьня 2009) Лукашэнкіяна ў падручніках. Радыё СвабодаПраверана 15 жніўня 2011 г.
  5. ^ Студзінская І. Лукашэнкіяна ў падручніках, Радыё Свабода, 1 верасьня 2009 г.
  6. ^ а б в Алесь Смалянчук: Не думаю, што імя Якава Трашчанка захаваецца надоўга. Эўрапейскае радыё для Беларусі (1 верасьня 2009). Праверана 27 жніўня 2011 г.</ref
  7. ^ а б в г Цынічная насьмешка з гісторыі. Наша Ніва (2003-28). Праверана 15 жніўня 2011 г.
  8. ^ Канцэпцыя а ля Мураўёў // Новы Час. № 2(7), 30.01—12.02.2003 г.
  9. ^ а б Жыцьцё і сьмерць мітаў: Кастусь Каліноўскі, Радыё Свабода, 30 ліпеня 2009 г.
  10. ^ Алесь Краўцэвіч: «Каб не Вялікае Княства Літоўскае, не было б і прэзыдэнта Лукашэнкі», Радыё Свабода, 7 сьнежня 2005 г.
  11. ^ а б Смалянчук А. Ад Абэцадарскага да Трашчанка або эвалюцыя беларускай «дырэктыўнай гiстарыяграфii» (История Беларуси. В 2-х частях. Ч. 2. Под ред. Я. И. Трещенка. Могилев: МГУ, 2005. — 310 с.) [1](недаступная спасылка) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. 3. — Минск: «Мемориал», 2007. С. 351-361.