Перайсьці да зьместу

Юры Гаўрын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Гаўрын
Імя пры нараджэньні Гаўрын, Юры Васільевіч
Дата нараджэньня 17 студзеня 1943 (81 год)
Месца нараджэньня Зіядзін, Самаркандзкі вілаят, Узбэкістан
Дата сьмерці 12 жніўня 2016
Месца сьмерці Белы Бераг, Бакштаўскі сельсавет Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласьці
Адукацыя Беларускі дзяржаўны тэтральна-мастацкі інстытут (1972)
Месца вучобы
Занятак маляр
Месца працы
Плынь рэалізм[d] і сюррэалізм
Узнагароды Мэдаль «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюзу мастакоў;

Юры Гаўрын (нар. 17 студзеня 1943, чыгуначная станцыя Зіядзін, Самаркандзкі вілаят, Узбэкістан — 12 жніўня 2016, вёска Белы Бераг, Бакштаўскі сельсавет Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласьці — беларускі мастак, працаваў у жанры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва й станковага жывапісу.

Юры Гаўрын з дачкой Ладай Стэфанавіч на вэрнісажы ў Менску ў Палацы мастацтваў 18 чэрвеня 2014

Нарадзіўся 17 студзеня 1943 году. Месцам рэгістрацыі нараджэньня зьяўляецца станцыя Зіядзін Самаркандзкага вілаяту. Бацька памёр у 1945 годзе. Калі Юрасю споўнілася пяць гадоў, разам са сваёй маці Фёклай Фёдараўнай у пяцігадовым узросьце маленькі Юрась апынуўся ў Дуброўне. Тут жылі сваякі па матчынай лініі. З таго часу сваёй радзімай Юры Васільевіч пры жыцьці лічыў Дуброўну. Менавіта тут прайшло яго нялёгкае дзяцінства, тут праляцелі школьныя гады, тут ён рабіў першыя крокі на шляху да прафэсіі. У 1960 годзе скончыў сярэднюю школу № 2 ў Дуброўне. Ужо ў школьныя гады ў Юрыя зьявілася цікавасьць да выяўленчага мастацтва, ён любіў маляваць, афармляў стэнды, захапляўся фатаграфіяй. Сваім першым настаўнікам Юры лічыў Дзьмітрыя Ігнатавіча Палітава, які ў той час займаўся вырабам нагляднай агітацыі ў Дуброўне. Адразу пасьля школы юнак пачаў працаваць у Доме піянэраў і ўпарта рыхтаваўся да паступленьня ў Менскае мастацкае вучылішча[1].

Неўзабаве ён становіцца студэнтам факультэта «Малюнак і жывапіс» й пасьля заканчэньня ў 1966 годзе вучылішча вырашае паступаць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, на адзьдзяленьне манумэнтальнага жывапісу, вучыўся ў Леаніда Шчамялёва й Гаўрылы Вашчанкі. Пакуль вучыўся, працаваў паралельна настаўнікам маляваньня ў школе, дзіцячай газэце «Зорька».

У 1972 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1978 г. — чалец Саюза мастакоў Беларусі. Юры Гаўрын працаваў у Рэспубліканскім манумэнтальным мастацкім савеце й узначальваў яго[2].


Неаднаразова выбіраўся членам Рады Беларускага саюза мастакоў. Быў дацэнтам катэдры дызайну Інстытута сучасных ведаў з 2011 году. Выкладаў акадэмічны малюнак і акадэмічны жывапіс. Ён жадаў, каб студэнты зразумелі, як працаваць па прынцыпах старой мастацкай школы й што акадэмічныя веды нават у сучасных умовах патрэбныя для дасягненьня прафэсіяналізму[3].

Працаваў у галіне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва й станковага жывапісу. Аўтар мноства вітражоў у грамадзка знакавых, важных будынках Беларусі: у тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску (1988 г.), у кінатэатры «Цэнтральны» у Менску (1990 г.), у будынку Прамбудбанку й Нацбанку ў Гомлі (1989 г.), у Міністэрстве абароны ў Расеі, у Маскве (1993 г.), размалёўку з рэльефам «Мэдыцына» у Менскім мэдыцынскім унівэрсытэце (1966 г.) Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасьцю сюжэтаў, кампазыцыйнай завершанасьцю, лірычнасьцю. Карціны «Аўтапартрэт» (1976), «Дыялёг» (1989), сэрыя карцін «Белы бераг» (1995—1996) і інш.

З 1965 г. прымае ўдзел у мастацкіх выставах. Пэрсанальныя выставы ён праводзіў у 1991 і 2003 гадах у Палацы мастацтваў у Менску, у 2001 годзе — у галерэі «Ла-Сандр Арт», у 2008 годзе — у Музэі сучаснага мастацтва. Працы Гаўрына выстаўляліся ў краінах Эўропы — у 2003 годзе экспазыцыі Аўстрыйскай галерэі, у 2004 годзе — у мастацкіх выставах Аўкцыённага дома «Крысьціс» (па-ангельску: Christie’s) , у выставе беларускіх мастакоў у Італіі. Творы Юрыя Гаўрына знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, літаратурнага музэя Максіма Багдановіча, Нацыянальнай бібліятэкі, галерэях, іншых музэях нашай краіны і за мяжой і прыватных калекцыях[1].

У 2013 годзе, у год свайго юбілею й 620-годдзя Дуброўны, пэрсанальная выстава з сымбалічнай назвай «І краю ў сьвеце няма даражэй» адкрыта была ў Дуброўне, дзе было прадстаўлена 25 прац. У цэнтры экспазыцыі была карціна «Мая школа», дзе намаляваны замак бернардынцаў. Пасьля завяршэньня работы выставы яна была падорана роднаму гораду[1].

Мэмарыяльная выстава адбылася ў лістападзе 2017 году ў Менскім Палацы мастацтваў[4][5].

  • Жонка Яніна Іванаўна Гаўрына — мастак інтэр'ера.
  • Дачка Лада Стэфановіч — мастачка.
  • Сын Павал Гаўрын працуе хірургам.
  • Юрый Гаўрын. Каталог твораў / Аўтар артыкула і складаньне Л. Салодкіна. — Менск: Камбітат манумэнтальна-дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва, 1992. — С. —. — 8 с.
  • Выстаўка твораў мастакоў Ю. Гаўрына, В. Барабанцава, Ю. Багушэвіча, Ул. Ткачова / аўтар артыкулаў і складальнік Л. Салодкіна. — 4 асобныя брашуры ў вокладцы. — Менск: 1992.
  1. ^ а б в Леанід Дудараў. (1 лютага 2023) Дуброўна — гэта мая прыстань. Навіны. Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт..
  2. ^ Беларускі саюз мастакоў: Энцыклапедычны даведнік / аўтар-складальнік Б. А. Крэпак і інш.. — Менск: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 121. — 664 с. — 3000 ас. — ISBN 985-6427-09-6
  3. ^ Гаврин Ю. В. Мягкие материалы в рисовании фигуры человека: методические рекомендации по дисциплине "Академический рисунок" для студентов специальности 1-19 01 01 «Дизайн». — Менск: «Современные знания», 2010. — С. 121. — 31 с. — ISBN 978-985-6974-14-7
  4. ^ Вікторыя Аскерка. Па месяцовай дарожцы, альбо «Такога Гаўрына мы не ведалі». // Літаратура і мастацтва : газэта. — 24 лістапада 2017. — № 47 (4950). — С. 12.
  5. ^ Ирина Завадская. Мемориальная выставка Юрия Гаврина потрясла даже тех, кто по-дружески навещал его в мастерской // СБ. Беларусь сегодня : газэта. — 25.11.2017.
  6. ^ Юрый Васільевіч Гаўрын — мастак, член Саюза мастакоў Беларусі Ганаровыя грамадзяне Дубровенскага раёна. Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт. (1 лютага 2023).