Перайсьці да зьместу

Натуральная воспа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Чорная воспа»)
Дзяўчына з Банглядэш, хворая на натуральную воспу (1973 год). Пра поўнае зьнішчэньне воспы ў Банглядэш было абвешчана ў сьнежні 1977 году, калі Сусьветная арганізацыя аховы здароўя афіцыйна пацьвердзіла гэты факт.

Натуральная воспа (па-лацінску: variola, variola vera) — высокакантагіёзная (заразная) вірусная інфэкцыя, ад якой пакутуюць толькі людзі. Яе выклікаюць два віда вірусаў: Variola major (сьмяротнасьць 20—40 %, паводле некаторых дадзеных — да 90 %) і Variola minor (сьмяротнасьць 1—3 %). Людзі, якія выжываюць пасьля воспы, могуць часткова ці цалкам губляць зрок, і практычна заўжды на скуры застаюцца шматлікія рубцы ў месцах колішніх верадаў. Вірус перадаецца праз кашаль і размнажаецца на скуры і сьлізьневых абалонках[1].

У 1979 годзе Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла аб ліквідацыі воспы чалавека з дапамогай вакцынацыі[2]. Такім чынам натуральная воспа стала першай інфэкцыяй, якую ўдалося выкараніць у прыродным асяродзьдзі. У 18 стагодзьдзі, да вынаходзтва прышчэпкі ангельскім лекарам Эдуардам Джэнэрам (1749—1823) у 1796 годзе, ад хваробы штогод гінулі 5 млн чалавек[3]. Дагэтуль існуе магчымасьць унутрылябараторнага заражэньня пры правядзеньні навуковых дасьледаваньняў з наступным распаўсюджваньнем хваробы.

Пытаньне з часам зьяўленьня віруса натуральнай воспы канчаткова не ўрэгулявана. Хутчэй за ўсё, вірус воспы эвалюцыянаваў паміж 68—16 тысячаў гадоў таму[4][5]. Шырокі дыяпазон датаў зьвязаны з розным адлікам, які выкарыстоўваўся для каліброўкі малекулярнага гадзіньніка. Адна клада штамаў належыць Variola major (віруса, які выклікае клінічна больш цяжкую форму захворваньня), якая перайшла на чалавека й распаўсюджвалася з Азіі, паміж V і XVI стагодзьдзямі. Другая клада ўключае дзьве разнавіднасьці Variola Alastrim minor (фэнатыпічная мяккая форма воспы), апісаная ў Амэрыцы й ізаляваная ў Заходняй Афрыцы, якая аддзялілася ад агульнага продка віруса натуральнай воспы паміж XV стагодзьдзем да н. э. і VII стагодзьдзем н. э. У далейшым гэтая клада разышлася на дзьве субклады каля XIII стагодзьдзя.

Воспа ў старажытнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Суправаджальныя малюнкі да тэксту з Флярэнтыйскага кодэкса (1540—1585 гады), дзе індзеец пакутуе ад воспы

Раней лічылася, што натуральная воспа вядомая чалавецтву з найстаражытных часоў. Розныя крыніцы адносілі ейнае першае зьяўленьне альбо да Афрыцы, то бок Старажытнага Эгіпту, альбо да Азіі, то бок да часоў Старажытнага Кітаю. Аднак, згодна з генэтычнымі дасьледаваньням, вірус натуральнай воспы чалавека блізкі вірусу вярблюдавай воспы, з-за чаго ў цяперашні час мяркуецца, што да чалавека ён перайшоў ад вярблюдаў у блізкаўсходнім рэгіёне ў пачатку нашай эры[6].

Эпідэмія чорнае воспы ўпершыню пракацілася па Кітаю ў IV стагодзьдзі, а ў сярэдзіне VI стагодзьдзя эпідэія дасягнула Карэю. У 737 годзе ад воспы памерлі больш за 30% насельніцтва Японіі, а ўзровень сьмяротнасьці ў густанаселеных раёнах даходзіў да 70%[6]. У Індыі існавала адмысловая багіня воспы — Марыятале; ейныя выявы былі выраблены ў выглядзе маладой жанчыны ў чырвонай вопратцы, якая валодае вельмі раздражняльным характарам, то бок паводле паданьню, аднойчы яна за нешта раззлавалася на свайго бацьку й у гневе кінула яму ў твар залатыя каралі, і там, дзе пацеры закранулі скуру, зьявіліся пустулы. Памятаючы пра гэта, вернікі імкнуліся ўлагодзіць і ўмілашчыць Марыятале, прыносілі ёй ахвяры. У Карэі эпідэміі воспы тлумачылі наведваньнем духу, якога звалі «паважаны госьць воспа». Яму ставілі алтар, куды прыносілі лепшую ежу й віна[7].

Некаторыя дасьледчыкі лічылі, што воспа згадваецца ў Бібліі, дзе ў апісаньні дзесяці пакараньняў эгіпецкіх, сказана, што на людзях і на быдле будуць запаленьні з нарывамі[8], хоць пад «нарывамі» магла разумецца любая скурная хвароба. З Індыі воспа магла быць распаўсюджаная ў іншыя рэгіёны войскамі Аляксандра Македонскага. Меркавалася, што ва II стагодзьдзі гэтая хвароба пад назвай «чума Антоніюса» хапіла рымскія легіёны Марка Аўрэліюса, а ў 60 годзе да н. э. зьявілася ў Старажытным Рыме[8], але апісаньне «чумы Антоніюса» Галенам не адпавядае характару плыні захворваньня пры заражэньні натуральнай воспай[6]. У арабаў, паводле сьведчаньні арабскага лекара Арона, які жыў у VII стагодзьдзі, воспа была вядомая са старажытных часоў.

Згодна з досыць пэўнымі навуковымі зьвесткамі, першым апісаньнем эпідэміі воспы ў заходняй частцы Старога Сьвету зьяўляецца кароткае згадваньне ў Каране, то бок у 569—570 гадох войска этыёпаў, якія аблажылі Мэку, было пабіта невядомай ім хваробай. У VI стагодзьдзі воспа ўжо гаспадарыла ў Бізантыі, занесенай туды з Афрыкі пры Юстыніяне I[8]. Арабы-мусульмане, прыступіўшы да заваёвы, у VII—VIII стагодзьдзях разьнесьлі воспу ад Гішпаніі да Індыі[6]. Гісторыя засьведчыла зьяўленьне воспы ў Сырыі, Палестыне й Пэрсіі ў VII стагодзьдзі, у Сыцыліі, Італіі, Гішпаніі й Францыі ў наступным, VIII стагодзьдзі[8].

Восьпеныя скарыначкі на руках у хворага

Пры тыповай плыні воспы інкубацыйны пэрыяд доўжыцца 8—12 дзён. Пачатковы пэрыяд характарызуецца дрыжыкамі, падвышэньнем тэмпэратуры цела, моцным ірваным болем у паясьніцы й канцавінах, моцнай смагай, галавакружэньнем, галаўным болем, ванітамі. Часьцяком пачатак хваробы бывае даволі мяккім.

На 2—4 дзень раза зь ліхаманкай зьяўляецца ініцыяльны высып на скуры або ў выглядзе вучасткаў гіпэрэміі, альбо гемарагічны высып па абодвум бакам грудной клеткі ў вобласьці грудных цягліцаў да падпахавых западзінаў, а таксама ніжэй пупка ў галіне пахвінных зморшчынаў і ўнутраных паверхняў сьцёгнаў, то бок «трохкутніку Сымона», кровазьліцьцё выглядае як пурпура й нават як экхімоза. Плямісты высып трымаецца некалькі гадзінаў, гемарагічны — больш працяглы час.

На 4 дзень назіраецца зьніжэньне тэмпэратуры цела, саслабляюцца клінічныя сымптомы пачатковага пэрыяду, але зьяўляюцца тыповыя восьпіны на скуры галавы, твару, тулава й канцавінаў, якія праходзяць стадыі плямы, папулы, бурбалкі, пустулы, стварэньня скарыначак, адрыньваньня апошніх і стварэньня вераду. Адначасова зьяўляюцца восьпіны на сьлізьніцы носу, гартані, трахеі, бронхах, прамой кішцы, мачавыпускальнага каналу. Яны неўзабаве ператвараюцца ў эрозіі. У жанчынаў назіраецца стварэньне восьпінаў на плоцевых органах.

На 8—9 дні хваробы ў стадыі нагнаеньня бурбалак зноўку пагаршаецца самаадчуваньне хворых, узьнікаюць прыкметы таксічнай энцэфаляпатыі (парушэньне сьвядомасьці, трызьненьне, узбуджэньне, у дзяцей — курчы). Пэрыяд подсыханьня й адпадзеньня скарынак займае каля 1—2 тыдняў. На твары й валасяной часткі галавы ўтвараюцца шматлікія верады.

Зьмена крыві характарызуецца леўкацытозам, пры цяжкіх формах маецца рэзкі зрух налева з выхадам у кроў міелацытаў.

  1. ^ Аляксей Красільнікаў. Воспа натуральная // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 276. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  2. ^ Натуральная воспа. Сусьветная арганізацыя здароўя
  3. ^ Сьвятлана Барысенка. Прышчэпка ад гепатыту В — небясьпечная? // Зьвязда : газэта. — 24 студзеня 2012. — № 14 (27129). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Esposito JJ, Sammons SA, Frace AM, Osborne JD, Olsen-Rasmussen M, Zhang M, Govil D, Damon IK, Kline R, Laker M, Li Y, Smith GL, Meyer H, Leduc JW, Wohlhueter RM (2006) «Genome sequence diversity and clues to the evolution of variola (smallpox) virus». Science. 2006 Aug 11; 313(5788):807–812
  5. ^ Li Y, Carroll DS, Gardner SN, Walsh MC, Vitalis EA, Damon IK (2007) «On the origin of smallpox: correlating variola phylogenics with historical smallpox records». Proc Natl Acad Sci USA 104(40):15787-15792
  6. ^ а б в г Д. П. Кларк «Микробы, гены и цивилизация», — М.: Эксмо, 2011, С. 31, 98, 196. ISBN 978-5-699-46634-4
  7. ^ «Энциклопедия для детей» Аванта+. Биология. Серия: Энциклопедия для детей. М. 1996. ISBN 5-94623-126-X
  8. ^ а б в г В. В. Святловский. «Эдуард Дженнер. Его жизнь и научная деятельность», СПб., тип. Ю. Н. Эрлих, 1891

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Натуральная воспасховішча мультымэдыйных матэрыялаў