Перайсьці да зьместу

Тадж Магал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тадж Махал»)
Тадж Магал
ताज महल*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Краіна Індыя
Тып культурны
Крытэры i
Спасылка 252
Рэгіён** Азія і ціхаакіянскае ўзьбярэжжа
Каардынаты 27°10′30″ пн. ш. 78°2′31″ у. д. / 27.175° пн. ш. 78.04194° у. д. / 27.175; 78.04194
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1983  (7-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Тадж Мага́л (на гіндзі ताज महल) — маўзалей-мячэт, разьмешчаны ў Агры, Індыя, на беразе ракі Ямуна. Архітэктарам, верагодна, зьяўляецца Ўстад-Іса. Пабудаваны на загад імпэратара Вялікіх Маголаў Шаг-Джагана ў памяць аб жонцы Мумтаз-Магал, памерлай пры родах. Пазьней тут быў пахаваны і сам Шаг-Джаган.

Усярэдзіне маўзалею разьмешчаныя дзьве магільні — шага і ягонай жонкі. На самай справе, месца іхнага пахаваньня знаходзіцца тамака ж, дзе і магільні, але пад зямлёй. Пабудаваны быў да 1630—1652 гадоў. Тадж Магал уяўляе сабой пяцікупальны будынак вышынёй 74 м на плятформе, з 4 мінарэтамі па кутах (яны зьлёгку нахіленыя ў бок ад магільнага склепа для таго, каб у выпадку разбурэньня не пашкодзіць яго), да якога прымыкае сад з фантанамі і басэйнам. Сьцены выкладзеныя з паліраванага напаўпразрыстага мармуру з інкрустацыяй з самацьветаў. Былі выкарыстаныя біруза, агат, маляхіт, крывавец ды іншыя. Мармур мае такую асаблівасьць, што пры яркім дзённым сьвятле ён выглядае белым, на сьвітанку ён выглядае ружовым, а ў месяцовую ноч серабрыстым.

На будаўніцтва комплексу было запрошана больш за 20 тысячаў майстроў з ўсіх куткоў імпэрыі, а таксама майстры Сярэдняй Азіі, Пэрсіі і Блізкага Ўсходу. На другім беразе ракі павінен быў разьмяшчацца будынак-блізьнюк з чорнага мармуру, але ён ня быў пабудаваны. Злучаць гэтыя два будынка павінен быў мост з шэрага мармуру.

Маўзалей мае шматлікія сымбалі, схаваныя ў ягонай архітэктуры і плянаваньні. Гэтак, напрыклад, на браме, празь якую заходзяць наведнікі Тадж Магала ў паркавы комплекс, навакольны маўзалей, высечаная вынятка з карану, зьвернутая да праведнікаў, якая сканчаецца словамі «увайдзі ў мой рай». Зь левага боку ад магільнага склепа знаходзіцца мячэт з чырвонага пяшчаніка. Справа — дакладная копія мячэту. Увесь комплекс мае восевую сымэтрыю. Магільны склеп мае цэнтральную сымэтрыю адносна магільні Мумтаз-Магал. Адзіным парушэньнем гэтай сымэтрыі зьяўляецца магільня Шаг-Джагана, якую тамака збудавалі пасьля ягонай сьмерці.

Тадж Магал быў прызнаны аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 1983 годзе як жамчужына мусульманскага мастацтва ў Індыі і адзін з шэдэўраў сусьветнай спадчыны. Многія лічаць яго найлепшым узорам архітэктуры Маголаў і сымбалем багатай гісторыі Індыі. Помнік архітэктуры прыцягвае 7—8 мільёнаў наведвальнікаў штогод.

Тадж Магал спалучае ў сябе як традыцыі індаісламскай архітэктуры і ранейшай архітэктуры Вялікіх Маголаў, гэтак і пашырае гэтыя традыцыі. Беспасярэдняе натхненьне да будаўніцтва комплексу зьявілася дзякуючы такім выбітным збудаваньням, як то магільня Тымура Гур-эмір[1], якая месьціцца ў Самаркандзе, магільня Гумаюна, якая натхніла на стварэньне саду і скарыстаньне архітэктурнага пляну ў стылі гашт-бэгешт, а таксама магільны комплекс Ітымад-Уд-Даўла, які часам называюць «Маленькі Тадж», ды дэлійскі мячэт Джама-Масджыд. У той час як ранейшыя будынкі Вялікіх Маголаў былі пераважна пабудаваныя з чырвонага пяшчаніку, Шаг-Джаган загадаў скарыстаць белы мармур з інкрустацыяй напаўкаштоўных камянёў. Будынкі пад ягоным патранатам дасягнулі новага ўзроўню вытанчанасьці[2].

Фасад магільні.

Магільня займае цэнтральнае месца ўва усім комплексе Тадж Магал. Гэтае вялікае збудаваньне зь белага мармуру месьціцца на квадратным пастамэнце і складаецца з сымэтрычнага будынку з айванам (дзьвярным праёмам у форме аркі), увянчаны вялікім купалам і фіялам. Як і большасьць магільняў Вялікіх Маголаў, галоўныя элемэнты грунтуюцца на здабытках індаісламскай архітэктуры[3].

Галоўны мармуровы купал і крыху меншыя купалы і дэкаратыўнія сьпічакі, якія ўзвышаюцца з бакоў сьценаў.

Галоўная канструкцыя ўвасябляе ў сябе вялікі шматкамерны куб з скошанымі кутамі, што ўтварае няроўную васьмігранную структуру. У кожным з бокаў айвану прарублены вялізны піштак або скляпеністая арка зь дзьвюма арачнымі бальконамі на ніжнім і верхнім узроўнях падобнай формы, скіраванымі ў розныя бакі. Такая канфігурацыя з складзеных адзін да аднаго піштакоў улучна з скошанымі кутамі робіць дызайн цалкам сымэтрычным з усіх бакоў маўзалею. Магільню з розных бакоў атачаюць чатыры мінарэты, па адным у кожным куце пастамэнту, зьвернутага да скошаных кутоў. У маўзалеі месьцяцца ілжывыя саркафагі Мумтаз-Магал і Шаг-Джагана. Сапраўдныя ж магілы былі закладзеныя там жа, але крыху ніжэй[4].

Найбольш захапляльнай асаблівасьцю будовы ёсьць мармуровы купал, які ўзвышаецца над магільняй. Купал мае вышыню амаль 35 мэтраў, што блізка да даўжыні падмурка, а стаіць ён на цыліндрычнай канструкцыі, якая нагадвае «бубен». Вышыня гэтай канструкцыі сягае 7 мэтраў. Паводле сваёй формы купал адносіцца да тыпу купалу-цыбуліны[5]. Верхавіна упрыгожаная фігурай лотасу, які таксама мусіць акцэнтаваць увагу на вышыню збудаваньня. Купал зьлёгку асымэтрычны[6]. З чатырох кутоў купалу месьцяцца чатыры меншыя купальныя чатры, якія паўтараюць цыбулепадобную форму галоўнага купала. Яны ўсталяваныя на калёны, што дае магчымасьць сонечнаму сьвятлу пранікаць унутар будынку. Высокія дэкаратыўныя сьпічакі (гульдасты) усталяваныя з краёў сьценаў збудаваньня, што візуальна падкрэсьлівае вышыню купала. Матывы лотасу паўтараюцца як на чатрах, гэтак і на гульдастах. Але толькі купал і чатры увянчаныя пазалочаным аканечнікам, у якім зьмешаныя традыцыйныя пэрсыдзкія і індустанскія дэкаратыўныя элемэнты[7][8]. Галоўны аканечнік сьпярша быў зроблены з золату, але ў пачатку XIX стагодзьдзя ён быў заменены копіяй з пазалочанай бронзы. Фіял увянчаны месяцам, тыповым ісламскім сымбалем, чые рогі накіраваныя ў неба[9].

Аканечнік зь месяцам. Купал на верхавіне ўпрыгожаны выявай лотасу.

Мінарэты, кожны зь якіх больш за 40 мэтраў вышынёю, дэманструюць прыхільнасьць праектоўніка да сымэтрыі. Яны былі задуманы як дзейныя мінарэты, то бок традыцыйны элемэнт мячэтаў, адкуль муэдыны заклікаюць ісламскіх вернікаў да малітвы. Кожны мінарэт фактычна падзелены на тры роўныя часткі двума бальконамі, якія абкручваюць вежу. На вяршыні вежы месьціцца трэці балькон, увянчаны чатрамі, які падобны на тыя чатры, што ўсталяваныя на магільне. Усе чатры маюць аднолькавыя дэкаратыўныя элемэнты ў выглядзе лотасу, а на верхавіне ўсталяваны пазалочаны аканечнік. Мінарэты былі пабудаваныя крыху па-за межамі агульнага п’едысталу будынку, каб у выпадку абвалу, што было тыповай зьявай для шматлікіх высокіх пабудоваў таго часу, можна было ўнікнуць пашкоджаньняў маўзалею[10].

Вонкавае аздабленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавае аздабленьне Тадж Магалу лічыцца адным з найлепшых прыкладаў элемэнтаў архітэктуры Вялікіх Маголаў. Элемэнты дэкору ствараліся шляхам нанясеньня фарбы, ляпніны, інкрустацыі каменямі або разьбы. У адпаведнасьці з ісламскай забаронай на выкарыстаньне антрапаморфных формаў, дэкаратыўныя элемэнты выяўляюцца ў каліграфіі, абстрактных формах або спалучаюць расьлінныя матывы. На ўсім комплексе разьмешчаныя ўрыўкі з Карану, якія ўлучаныя ў некаторыя дэкаратыўныя элемэнты.

Дэталёвыя кветкавыя матывы на сьцяне маўзалею.
Каліграфічныя надпісы на магільне.

Каліграфія на Вялікай браме абвяшчае: «О душа, ты супакоілася. Вярніся да Госпада ў міры зь Ім, і Ён у міры з табой»[11]. Гэты каліграфічны надпіс быў створаны ў 1609 годзе каліграфам на імя Абдул Гак. Шаг-Джаган прысвоіў яму тытул Аманат-Хан ва ўзнагароду за ягоную «асьляпляльную віртуознасьць»[12]. Побач з радкамі з Карану на апірышчы нутранага купалу месьціцца надпіс: «Напісана нікчэмнай істотай Аманатам Ханам Шыразі»[13]. Большая частка каліграфічных падпісаў вырабленая пісьмом сулюс, выкананым зь яшмы або чорнага мармуру[12], інкруставанага ў белыя мармуровыя панэлі. Верхнія панэлі распісаныя крыху больш буйным шрыфтам, каб паменшыць эфэкт перакосу пры поглядзе зьнізу. Каліграфія, знойдзеная на мармуровых кенатафах у грабніцы, асабліва дэталёвая і далікатная.

Абстрактныя формы выкарыстоўваюцца паўсюдна, асабліва на пастамэнце, мінарэтах, браме, мячэце, джавабе і, у меншай ступені, на паверхні магілаў. Купалы і скляпеньні будынкаў зь пяшчаніку аздобленыя розным жывапісам масвэркам, што ў выніку стварае складаныя геамэтрычныя формы. Уточкі ў выглядзе елачкі вызначаюць прастору паміж многімі прылеглымі элемэнтамі. У будынках зь пяшчаніку выкарыстоўваюцца белыя ўточкі, а ў будынку зь белага мармуру ўсталяваныя цёмныя або чорныя ўточкі. Абліцаваныя рошчынам вучасткі мармуровых будынкаў былі афарбаваныя ў кантрасны колер, што стварае складаныя геамэтрычныя узоры. На падлогах і сьцежках выкарыстоўваюцца кантрасныя пліткі або забрукаваныя блёкі[14].

На ніжніх сьценах магільні разьмешчаныя белыя мармуровыя лямбры з рэалістычнымі барэльефнымі выявамі кветак і вінаграднай лазы. Мармур быў адпаліраваны, каб падкрэсьліць вытанчаныя дэталі разьбы. Рамы лямбры і скляпеньне арак ўпрыгожаныя флярэнтыйскай мазаікай зь вельмі стылізаванымі, амаль геамэтрычнымі вінаграднымі лозамі, кветкамі і садавінамі. Інкрустацыйныя камяні зробленыя з жоўтага мармуру, яшмы і нэфрыту, якія таксама адпаліравалі і ўсталявалі ўпоравень да паверхні муроў[12].

Нутранае аздабленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выява кветак на мармуры.
Нарэзны росьпіс столі ў мазаўлею.

Нутранае аздабленьне пакояў Тадж Магалу выходзіць далёка за межы традыцыйных дэкаратыўных элемэнтаў. У будынку месьціцца ляпідарыюм з каштоўных і напаўкаштоўных камянёў[15]. Маўзалей знутры ўяўляе сабой васьмікутнік, у якіх з кожнай грані месьцяцца ўваходы, але выкарыстоўваюцца толькі дзьверы, якая выходзіць да саду на поўдзень. Нутраныя сьцены маюць вышынёю каля 25 мэтраў. Зьверху на іх усталяваны «фальшывы» нутраны купал, упрыгожаны ўзорамі з сонечнымі матывамі. Восем арак піштакоў вызначаюць прастору на ніжнім ўзроўні, і, як і ў выпадку з вонкавым аздабленьнем, кожны ніжні піштак увянчаны другім піштакам прыкладна пасярэдзіне сьцяны[16]. Чатыры цэнтральныя верхнія аркі ўтвараюць бальконы або аглядныя зоны. Вядомыя як джалі, то бок экран з мудрагелістым узорам выразаным з мармуру. У дадатак да сьвятла з бальконных экранаў, сьвятло пранікае ўнутр будынку праз праёмы ў даху, закрытыя чатрамі па кутах. Васьмікутныя мармуровыя джалі, якія аблямоўваюць кенатафы, зробленыя з васьмі мармуровых панэляў. Паверхні дэлікатна інкруставаныя напаўкаштоўнымі камянямі, якія нагадваюць вінаградныя лозы, садавіны і кветкі. Кожная сьцяна будынку ўпрыгожаная барэльефамі флярэнтыйскай мазаікі, складанай ляпідарнай інкрустацыяй і вытанчанымі каліграфічнымі надпісамі, якія адлюстроўваюць, у невялікіх дэталях, элемэнты аздабленьня зь іншых збудаваньняў комплексу[17].

Дэталі джалі.

Мусульманская традыцыя забараняе стараннае ўпрыгожваньне магілаў. Такім чынам, целы Мумтаз і Шаг-Джагана былі пакладзеныя ў адносна просты склеп пад будынкам, тварамі павернутымі ў бок Мэкі. Кенатаф Мумтаз месьціцца дакладна ў цэнтры маўзалею на прамавугольным мармуровым падмурку памерам 1,5 на 2,5 мэтраў. Сам падмурак і труна багата ўпрыгожаныя каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі. Каліграфічныя надпісы на труне ідэнтыфікуюць і ўсхваляюць Мумтаз. На вечку труны маецца ўзьнятая прамавугольная посьцілка, прызначаная для пісьма. Кенатаф Шаг-Джагана месьціцца побач з кенатафам Мумтазы з заходняга боку і ёсьць адзіным бачным асымэтрычным элемэнтам ва ўсім комплексе. Ягоны кенатаф большы, чым у жонкі, але мае тыя ж элемэнты што і жончын кенатаф. Вялікая труна стаіць на больш высокім падмуры, ладна ўпрыгожанай ляпідарнымі надпісамі і каліграфіяй. На вечку труны ўсталяваная традыцыйная скульптура скрыначкі для пісьмовых прыладаў[16].

Скрынка для пісьмовых прыладаў і таблічка да пісьма традыцыйна ўпрыгожваюць труны мужчынаў і жанчынаў. На баках Мумтазынай труны напісаныя дзевяноста дзевяць імёнаў Бога. Іншыя надпісы ўнутры крыпты ўключаюць: «О высакародны», «о цудоўны», «о велічны», «о непаўторны», «о вечны», «о слаўны» і гэтак далей. На труне Шаг-Джагана маецца каліграфічны надпіс, які абвяшчае, што «Ён падарожнічаў з гэтага сьвету ў банкетную залю Вечнасьці ў ноч на дваццаць шостае чысло месяцу Раджаб у 1076 годзе Гіджры»[18].

Сьцежачкі паабапал люстранога басэйну з выдарысамі саду і грабніцы.

Комплекс разьмешчаны вакол вялікага 300-мэтровага квадратнага магольскага саду. Сьцежачкі ў садзе месьцяцца такім чынам, што дзеляць кожную з чатырох чвэрцяў саду на 16 заглыбленых партэраў альбо кветнікаў. Паміж магільняй і брамай ў цэнтрыльнай частцы саду раскінуты мармуровы басэйн з сьвятлоадбівальным дном, у якім адлюстроўваецца маўзалей. Узвышаны мармуровы басэйн мае назву аль-Гаўд аль-Каўтар, што адсылае да Каўсару, абяцаным Мухамадам[19].

Паўднёва-ўсходні выгляд на Тадж Магал.

У садзе разьбітыя алеі з дрэвамі[20] і фантанамі. Сад чарбаг быў натхнёны пэрсыдзкімі садамі, якія ўпершыню зьявіліся ў Індыі дзякуючы першаму імпэратару Вялікіх Маголаў Бабуру. Гэты сад сымбалізуе чатыры цякучыя рэкі да раю і мае сымбалізаваць сабой райскі сад. У містычных ісламскіх тэкстах пэрыяду Вялікіх Маголаў рай апісваецца як ідэальны сад багацьця з чатырма рэкамі, якія выцякаюць з цэнтральнай крыніцы або гары, падзяляючы сад на поўнач, захад, поўдзень і ўсход.

Большасьць чарбагаўскі садоў Вялікіх Маголаў маюць прастакутную форму з магілай або павільёнам у цэнтры. Сад Тадж Магалу незвычайны тым, што галоўны элемэнт, маўзалей, месьціцца з боку ад саду. Паводле меркаваньня індыйскай археалягічнай службы, па стварэньні саду Магтаб-Баг або Месяцовага саду на другім беразе ракі, сама рака Ямуна была ўключана, такім чынам, у праект саду і мусіла была разглядацца як адна з рэк раю[21]. Падабенства ў плянаваньні і архітэктурных асаблівасьцях з садамі Шалімар сьведчыць аб тым, што абодва сады мажліва былі спраектаваныя адным і тым жа архітэктарам Алі Марданам[22]. Раньнія справаздачы аб садзе адзначаюць ягонае багацьце на расьліннасьць. Паводле сьведчаньняў у парку расьлі ружы, нарцысы і фруктовыя дрэвы[23]. Па заняпадзе імпэрыі Вялікіх Маголаў Тадж Магал і ягоныя сады таксама зьведалі час заняпаду. Да XIX стагодзьдзя Брытанская імпэрыя кантралявала больш за тры пятых часткі Індыі[24] і ўзяла на сябе кіраваньне Тадж Магалам. Яны зьмянілі ляндшафтны дызайн саду на свой густ, які больш нагадваў лёнданскі сады і паркі[25].

Прылеглыя збудаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аркі ў мячэце.

Комплекс Тадж Магал аточаны з трох бакоў зубчастымі сьценамі з чырвонага пяшчаніку, але бок, які зьвернуты да ракі, адкрыты. Па-за сьценамі месьцяцца некалькі дадатковых маўзалеяў, у тым ліку іншых жонак Шаг-Джагану, а таксама вялікая магіла улюбёнага Мумтазынага слугі. Гэтыя збудаваньні, якія былі пабудаваныя пераважна з чырвонага пяшчаніку, ёсьць тыповымі для меншых магілаў Маголаў таго часу. Нутраныя бакі сьцяны, якія выходзяць да саду, агароджаныя аркадамі з калёнамі, што ёсьць тыповым для індуісцкіх храмаў, але яны без праблемаў былі ўключаныя да магольскіх мячэтаў. Сьцяна перамяжоўваецца з купалападобнымі чатрамі і невялікімі будынкамі, якія, магчыма, былі назіральнымі або вартавымі вежамі, але цяпер тут месьціцца музэй.

Мячэт.

Галоўная брама (дарваза) ўяўляе сабой манумэнтальнае збудаваньне, узьведзенае пераважна з мармуру. Яно нагадвае архітэктуру Вялікіх Маголаў папярэдніх імпэратараў. Аркі брамы люструюць форму арак магільні, а на арках піштакаў маецца каліграфія, якая ўпрыгожвае і маўзалей. На браме зьмешчаныя барэльефы і інкруставаныя ўпрыгажэньні з флярэнтыйскай мазаікі з кветкавымі матывамі. Скляпеністыя столі і сьцены маюць складаныя геамэтрычныя канструкцыі, такія ж, як і ў іншых будынках комплексу, выкананыя зь пяшчаніку.

У кутах комплексу паабапал галоўнага будынку-маўзалею месьцяцца два грандыёзныя будынкі-блізьнюкі з чырвонага пяшчаніку. Тыльныя бакі будынкаў разьмешчаныя паралельна заходняму і ўсходняму муру комплексу. Заходні будынак, калі глядзець на яго з боку саду, ёсьць мячэтам, у той час як другі — джаваб, які, як мяркуецца, быў пабудаваны дзеля захаваньня архітэктурнага балянсу, але, магчыма, некалі выкарыстоўваўся як гасьцявы дом. Адрозьненьні паміж двума будынкамі ўключаюць брак у джавабе міграбу, то бок нішы ў сьцяне мячэту, якая зьвернутая з бок Мэкі. Таксама ў мячэце падлога выкладзеная контурамі 569 малітоўных дываноў з чорнага мармуру, чаго няма ў джавабе. Канструкцыя мячэту зробленая ў выглядзе доўгай залі, на якой стаюць тры купалы. Такое здудаваньне падобнае да іншых мячэтаў, пабудаваных Шаг-Джаганам, у прыватнасьці да мячэту Джаган-Нума або Джама Масджыд у Дэлі. Мячэты Вялікіх Маголаў таго пэрыяду падзялялі залу сьвяцілішча на тры зоны, зь якіх галоўнай ёсьць цэнтральная частка, а крыху меншыя сьвяцілішчы месьцяцца па абодва бакі. У Тадж Магале кожнае сьвяцілішча пакрытае шырокім скляпеністым купалам. У 1643 годзе былі скончаныя ўскраінныя будынкі[26].

Тадж Магал і прылеглыя будынкі. Здымак зроблены з другога берагу ракі Ямуны.
  1. ^ Chaghtai, Muhammad Abdulla (1938). «Le Tadj Mahal d’Agra (Inde), histoire et description comprenant en appendice le texte d’un ms. persan sur le Tadj provenant de la Bibliothèque nationale à Paris: thèse pour le doctorat d’Université présentée à la Faculté des lettres de l’Université de Paris, par Muhammad Abdulla Chaghtai (Thesis)». Éditions de la Connaissance. — С. 146.
  2. ^ Copplestone, Trewin (1963). «World architecture: an illustrated history from earliest times». Crescent Books. — С. 166. — ISBN 978-0-517-35148-2.
  3. ^ «Taj Mahal». Britannica.
  4. ^ «World Heritage Sites — Taj Mahal». World Heritage Sites.
  5. ^ «Onion domes, bulbous domes». Stromberg Architectural.
  6. ^ Ahuja, Dilip R.; Rajani, M.B. (2016). «On the symmetry of the central dome of the Taj Mahal». Current Science. 110 (6): 996—997. — doi:10.18520/cs/v110/i6/996-999.
  7. ^ Bloom, Jonathan M.; Blair, Sheila S. (1.01.2009). «The Grove Encyclopedia of Islamic Art and Architecture». — С. 32. — doi:10.1093/acref/9780195309911.001.0001. ISBN 978-0-19-530991-1.
  8. ^ «'The Taj!' Exteriors». U.P. Tourism.
  9. ^ Tillotson, Giles Henry Rupert (1990). «Mughal India». Chronicle Books. — ISBN 978-0-87701-686-1.
  10. ^ «Taj Mahal — A Monument of Love in India». Kristian Bertel Photography.
  11. ^ Koch 2006. С. 100.
  12. ^ а б в «The Taj mahal». Islamic Arts and Architecture Organization.
  13. ^ «…calligraphy». Treasures of the World: Taj Mahal. PBS.
  14. ^ «Finest example of Mughal architecture — Review of Taj Mahal, Agra, India». Tripadvisor.
  15. ^ Malaviya, Nalini S. (19.03.2004). «Tables with inlay work enhance appeal of your interiors». The Economic Times.
  16. ^ а б Khatri, Vikas (2012). «Greatest Wonders of the World». V&S Publishers. — С. 128. — ISBN 978-93-81588-30-7.
  17. ^ Alī Jāvīd, Tabassum Javeed (2008). «World Heritage Monuments and Related Edifices in India, Volume 1». Algora Publishing. — С. 309. — ISBN 978-0-87586-483-9.
  18. ^ «The Rauza (Tombs) in the Mausoleum». Taj-Mahal.net.
  19. ^ Begley, Wayne E. (03.1979). «The Myth of the Taj Mahal and a New Theory of Its Symbolic Meaning». The Art Bulletin. 61 (1): 7—37. — doi:10.2307/3049862.
  20. ^ «The plants growing throughout the Taj Mahal complex». India Tourism.
  21. ^ Wright, Karen (1.07.2000). «Works in Progress». Discover. Waukesha, Wisconsin: Kalmbach Publishing.
  22. ^ Allan, John (1958). «The Cambridge Shorter History of India» (First ed.). Cambridge: S. Chand. — С. 318.
  23. ^ Dunn, Jerry Camarillo Jr. (2007). «The Taj Mahal». HowStuffWorks.
  24. ^ Royals, Sue (1996). «Our Global Village — India». India: Lorenz Educational Press. — С. 7. — ISBN 978-1-4291-1107-2.
  25. ^ Koch 2006. С. 139.
  26. ^ «Creation History of Taj Mahal». Department of Tourism, Government of Uttar Pradesh, India.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]