Тадж Магал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Тадж Магал.

Тадж Мага́л (на гіндзі ताज महल) — маўзалей-мячэт, разьмешчаны ў Агры, Індыя, на беразе ракі Ямуна. Архітэктарам, верагодна, зьяўляецца Ўстад-Іса. Пабудаваны на загад імпэратара Вялікіх Маголаў Шаг-Джагана ў памяць аб жонцы Мумтаз-Магал, памерлай пры родах. Пазьней тут быў пахаваны і сам Шаг-Джаган.

Усярэдзіне маўзалею разьмешчаныя дзьве магільні — шага і ягонай жонкі. На самай справе, месца іхнага пахаваньня знаходзіцца тамака ж, дзе і магільні, але пад зямлёй. Пабудаваны быў да 1630—1652 гадоў. Тадж Магал уяўляе сабой пяцікупальны будынак вышынёй 74 м на плятформе, з 4 мінарэтамі па кутах (яны зьлёгку нахіленыя ў бок ад магільнага склепа для таго, каб у выпадку разбурэньня не пашкодзіць яго), да якога прымыкае сад з фантанамі і басэйнам. Сьцены выкладзеныя з паліраванага напаўпразрыстага мармуру з інкрустацыяй з самацьветаў. Былі выкарыстаныя біруза, агат, малахіт, сэрдалік ды іншыя. Мармур мае такую асаблівасьць, што пры яркім дзённым сьвятле ён выглядае белым, на сьвітанку ён выглядае ружовым, а ў месяцовую ноч серабрыстым.

На будаўніцтва комплексу было запрошана больш за 20 тысячаў майстроў з ўсіх куткоў імпэрыі, а таксама майстры Сярэдняй Азіі, Пэрсіі і Блізкага Ўсходу. На другім беразе ракі павінен быў разьмяшчацца будынак-блізьнюк з чорнага мармуру, але ён ня быў пабудаваны. Злучаць гэтыя два будынка павінен быў мост з шэрага мармуру.

Маўзалей мае шматлікія сымбалі, схаваныя ў ягонай архітэктуры і плянаваньні. Гэтак, напрыклад, на браме, празь якую заходзяць наведнікі Тадж Магала ў паркавы комплекс, навакольны маўзалей, высечаная вынятка з карану, зьвернутая да праведнікаў, якая сканчаецца словамі «увайдзі ў мой рай». Зь левага боку ад магільнага склепа знаходзіцца мячэт з чырвонага пяшчаніка. Справа — дакладная копія мячэту. Увесь комплекс мае восевую сымэтрыю. Магільны склеп мае цэнтральную сымэтрыю адносна магільні Мумтаз-Магал. Адзіным парушэньнем гэтай сымэтрыі зьяўляецца магільня Шаг-Джагана, якую тамака збудавалі пасьля ягонай сьмерці.

Тадж Магал быў прызнаны аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў 1983 годзе як жамчужына мусульманскага мастацтва ў Індыі і адзін з шэдэўраў сусьветнай спадчыны. Многія лічаць яго найлепшым узорам архітэктуры Маголаў і сымбалем багатай гісторыі Індыі. Помнік архітэктуры прыцягвае 7—8 мільёнаў наведвальнікаў штогод.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]