Перайсьці да зьместу

Камсамол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Камуністычны саюз моладзі»)
Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі
Всесоюзный ленинский коммунистический союз молодёжи
(ВЛКСМ)
Дата ўтварэньня 29 кастрычніка 1918 (106 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 28 верасьня 1991 (33 гады таму)
Тып Моладзевая арганізацыя
Штаб-кватэра Масква
Месцазнаходжаньне вул. Марасейка, д. 3/13
Першы сакратар
ЦК РКСМ
Яфім Цэтлін (першы)
Першы сакратар
ЦК УЛКСМ
Уладзімер Зюкін (апошні)
Матчына кампанія Камуністычная партыя Савецкага Саюзу
Зьвязаныя кампаніі Усесаюзная піянэрская арганізацыя імя У. І. Леніна

Усесаю́зны ле́нінскі камуністы́чны саю́з мо́ладзі (УЛКСМ; па-расейску: Аўдыё Всесоюзный ленинский коммунистический союз молодёжи (ВЛКСМ) ), скарочана камсамо́л (рас. комсомол), — моладзевая арганізацыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, створаная 29 кастрычніка 1918 року. З распадам СССР камсамол самараспусьціўся. Зь цягам часу на поставецкай прасторы паўсталі лічаныя арганізацыі, якія лічаць сябе правапераемніцамі камсамолу.

Чальцы прэзыдыюму I Усерасейскага зьезду саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі (29 кастрычніка — 4 лістапада 1918).

Лютаўская рэвалюцыя 1917 року спрыяла павелічэньню грамадзка-палітычнай актыўнасьці моладзі. Пачалі зьяўляцца моладзевыя арганізацыі працоўных «Праца і сьвятло» ды іншыя, сябры якіх арыентаваліся на сацыялістычныя партыі. У 1917 року ў Петраградзе арганізацыйна аформіўся арыентаваны на бальшавікоў Сацыялістычны саюз працоўнай моладзі (ССПМ). 29 кастрычніка — 4 лістапада 1918 року адбыўся I Усерасейскі зьезд саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі, на якім было абвешчанае стварэньне Расейскага камуністычнага саюзу моладзі (РКСМ). Датай заснаваньня лічыцца 29 кастрычніка 1918.

Першыя камсамольскія значыкі выдаваліся ня ўсім, паколькі наклады былі маленькімі, і хутчэй былі ўзнагародай для найлепшых камсамольцаў. Адзін зь першых падобных значыкаў уяўляў зь сябе сьцяжок з зоркаю і чатырма літарамі «Р. К. С. М.» У кастрычніку 1922 року на V зьезьдзе быў зацьверджаны адзіны выгляд значыку: на сьцяжку ў цэнтры зоркі літары «КИМ» (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі). Надпіс «ВЛКСМ» зьявіўся на значыках толькі ў 1947 року, а канчатковы выгляд з профілем Леніна значыкі ВЛКСМ атрымалі толькі ў 1956 року.

У 1924 року арганізацыі прысвоенае імя У. І. Леніна — Расейскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ). У сакавіку 1926 року ў сувязі з утварэньнем у 1922 СССР РЛКСМ быў перайменаваны ва Ўсесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі.

Неўзабаве камсамол застаўся адзінай у РСФСР, а пазьней і ў СССР палітычнай моладзевай арганізацыяй. Празь ейную структуру зьдзяйсьнялася ідэалягічнае выхаваньне моладзі, рэалізоўвалі палітычныя й сацыяльныя праекты. Пад кіраўніцтвам камсамолу ў 1922 року была створаная дзіцячая палітычная арганізацыя: Усерасейская, пасьля Ўсесаюзная піянэрская арганізацыя імя Леніна.

У часе масавых рэпрэсіяў 1937—1939 рокаў былі арыштаваныя і растраляныя шматлікія заснавальнікі і кіраўнікі РКСМ/УЛКСМ: Оскар Рыўкін, Л. Шацкін, Яфім Цэйтлін, Аляксандар Косараў ды інш. Генэральны сакратар ЦК УЛКСМ Аляксандар Мільчакоў (1928—1929) правёў 16 гадоў у лягерох.

У 1941 року налічвалася больш за 10 млн камсамольцаў. Каля 1 млн зь іх сталі «варашылаўскімі стралкамі»(ru), тры з паловай тысячы сталі Героямі Савецкага Саюзу, тры з паловай мільёны былі ўзнагароджаныя ордэнамі і мэдалямі.

Урачыстая маніфэстацыя на Чырвонай плошчы ў Маскве, прысьвечаная 50-роччу УЛКСМ.

З пачаткам перабудовы ў камсамольскім руху зьявіліся дэідэалягізаваныя і камэрцыйныя плыні. У 1989 року пра сваю самастойнасьць абвясьцілі Камуністычныя саюзы моладзі Летувы і Эстоніі. 27—28 верасьня 1991 адбыўся XXII Надзвычайны зьезд УЛКСМ, на якім адбыўся роспуск арганізацыі[1]. 29 дэлегатаў не ўхвалілі рашэньне пра самароспуск і пакінулі зьезд. Асобныя сябры УЛКСМ, нязгодныя з рашэньнем зьезду (сярод іх і беларус Сяргей Вазьняк), стварылі аргкамітэт па адраджэньні УЛКСМ. У 1993 року іхнімі намаганьнямі ў Расеі быў створаны Расейскі камуністычны саюз моладзі.

Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ) быў заснаваны 24 верасьня 1920 року[2].

Найвышэйшы кіроўны орган — зьезд дэлегатаў. Паміж зьездамі кіраваньне зьдзяйсьняў цэнтральны камітэт (ЦК), абраны зьездам; паміж паседжаньнямі цэнтральнага камітэту — бюро цэнтральнага камітэту, абранае ЦК. Найвышэйшая кіроўная пасада — першы сакратар цэнтральнага камітэту, выканаўчы орган — сакратарыят ЦК.

Пасьля распаду СССР і самароспуску УЛКСМ адбыўся XXX Зьезд ЛКСМБ (сьнежань 1991), дзе было прынятае рашэньне пра пераўтварэньне ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ). На XXXVII зьезьдзе ў 1995 року ён быў перайменаваны ў Беларускі саюз моладзі, а ў 2002 року аб’яднаны зь Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (заснаваным у 1997) у адзіную арганізацыю, якая атрымала назву Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[3]. БРСМ падтрымліваецца дзяржавай.

У іншых дзяржавах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Казахстане[4], Малдове[5], Расеі[6], Украіне[7] камсамольскія арганізацыі існуюць як моладзевыя арганізацыі камуністычных партыяў. У балтыйскіх дзяржавах камсамольскія арганізацыі забароненыя нароўні з камуністычнымі.

У іншых дзяржавах:

  1. ^ Российский — Российский Ленинский — Всесоюзный Ленинский коммунистический Союз молодёжи (рас.) Справочник по истории Коммунистической партии и Советского Союза 1898—1991 Праверана 16 лістапада 2018 г.
  2. ^ Жданко, Валянцін (25 кастрычніка 2018) Юбілей якога камсамолу сьвяткуюць у Беларусі. Радыё «Свабода»Праверана 16 лістапада 2018 г.
  3. ^ Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі Інфаграфіка. БелТА (29 кастрычніка 2018). Праверана 16 лістапада 2018 г.
  4. ^ Қазақстан коммунистік жастар одағы (рас.). Камуністычны саюз моладзі Казахстану. Праверана 16 лістапада 2018 г.
  5. ^ Коммунистический союз молодежи Молдовы (рас.). Камуністычны саюз моладзі Малдовы. Праверана 16 лістапада 2018 г.
  6. ^ Российский Коммунистический Союз Молодежи (рас.). Расейскі камуністычны саюз моладзі. Праверана 16 лістапада 2018 г.
  7. ^ Комсомол Украины (ЛКСМУ) (рас.). Ленінська Комуністична Спілка Молоді Україні. Праверана 16 лістапада 2018 г.