Перайсьці да зьместу

Сьліжыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьліжыкі
Іншыя назвыкуцейкі, сьлідзікі[1]
Тыппечыва
Нацыянальная стравабеларуская, летувіская
ПаходжаньнеБеларусь, Летува
РэгіёнУсходняя Эўропа
Дата зьяўленьняXIV стагодзьдзе
Час прыгатаваньня3 гадзіны
Асноўны складнікмука
Распаўсюджаныя складнікімалако, мак, цукар, дрожджы
Падобныя стравыаблата, аплатка, галушкі, лазанкі, ламанцы, просьвіра

Сьліжыкі — салодкае печыва з рошчыннага цеста і даданьнем маку.

Cлужаць адной з 12 страваў на Посную Куцьцю ў навячэр'е Раства Хрыстовага. Абазначаюць хрысьціянскае прычасьце, як куцьця і царкоўная просьвіра. Часам называюцца віленскімі сьліжыкамі праз вынаходніцтва ў Вільні за часамі Вялікага Княства Літоўскага. Маюць пашырэньне ў Беларусі і Летуве[2].

Для прыгатаваньня сьліжыкаў бяруць: шклянку мукі, 3 сталовыя лыжкі малака, сталовую лыжку цукру, 15 грамаў дрожджаў, 2 гарбатныя лыжкі маку і 3 пальцы солі. Для макавага малака, якім паліваюць сьліжыкі, выкарыстоўваюць: 400 грамаў маку і паўшклянкі мёду[2].

Для прыгатаваньня сьліжыкаў спачатку расьціраюць дрожджы з гарбатнай лыжкай цукру і заліваюць малаком. Затым пасыпаюць 3-ма сталовымі лыжкамі мукі і пакідаюць у цёплым месцы на 15 хвілінаў да ўздыму рошчыны. Рэшту мукі прасейваюць і зьмешваюць з рэштай цукру і макам. У гэтую сумесь дадаюць рошчыну, соль і крышку цёплай вады. Затым замешваюць цеста з даліваньнем вады, каб тое не прыставала да рук. Атрыманае цеста закрываюць ільняным ручніком або сурвэткай на 30 хвілінаў. Пасьля зь цеста скачваюць «каўбаску» прамерам 1,5 см, якую наразаюць на «гузікі» таўшчынёй 1 см. Іх выкладваюць на бляху, пасыпаную мукой або змазаную алеем. Запякаюць сьліжыкі ў духоўцы пры +160 °C цягам 10 хвілінаў або адварваюць 5 хвілінаў у падсоленай вадзе[2].

Для прыгатаваньня макавага малака спачатку насыпаюць мак у міску і заліваюць кіпнем на 15 хвілінаў. Пасьля зьліцьця вады мак зноў заліваюць кіпнем на 30 хвілінаў, які паўторна зьліваюць. Затым мак двойчы перамолваюць у кухенным камбайне да набыцьця белаватага адценьня ад соку. Пасьля кіпяцяць 1,5 літры вады, якімі заліваюць мак. Урэшце дадаюць мёд і пакідаюць у халодным месцы. Часам макавае малако дадаткова зьмешваюць з молатымі мігдаламі і разынкамі. Сьліжыкі паліваюць макавым малаком і ядуць з гарбатай і кавай[2].

  1. ^ Яўгенія Рамановіч. Сьліжыкі // Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча ў 5 тамах / рэд. Юзэфа Мацкевіч, маст. В.В. Сіманенка. — Менск: Навука і тэхніка, 1984. — Т. 4. П—С. — С. 483. — 616 с. — 1100 ас.
  2. ^ а б в г Кухістар Верашчака. Ламанцы і сьліжыкі // Ігуменскі тракт. — 30 сьнежня 2014. — № 42 (101).