Строммашына
Каардынаты: 53°54′58″ пн. ш. 30°20′49″ у. д. / 53.91611° пн. ш. 30.34694° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 27 верасьня 1913 (111 гадоў таму)[1] |
Заснавальнікі | М. і А. Мазья |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Магілёў, вул. Першамайская, д. 77 |
Ключавыя фігуры | Зьміцер Барэйка, Зьміцер Буцанец |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | вежавы кран, шахтавы адвалаўтваральнік, прэсы і станкі, прывады насосаў, цюбінг |
Абарачэньне | ▼62,161 млрд рублёў[2] (2015 г.; $3,824 млн)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲-84,127 млрд руб. (2015 г.; $-5,175 млн) |
Чысты прыбытак | ▲-84,127 млрд руб. (2015 г.; $-5,175 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1249 (2016 Г.) |
Матчына кампанія | Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь |
Магілёўскі завод «Строммашына» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1913 году ў Магілёве ў якасьці прыватнай медналіцейна-мэханічнай майстэрні братоў Мазья.
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына» вырабляла:
- аўтаматы-ўкладнікі пазагрэбневых плітаў ПГП24.13 грузападымальнасьцю да 850 кг;
- вежавыя краны КБМ-401П з вылетам стралы да 40 мэтраў (вышыня ўздыму да 74 м, грузападымальнасьць — 10 тонаў);
- цюбінгі чыгуннай апрацоўкі для шахты і мэтро дыямэтрам ад 5,5 да 9,5 мэтру;
- горна-шахтавыя крочыльныя адвалаўтваральнікі ОШ 1200/110 (прадукцыйнасьць 1200 тонаў/гадзіна) і ОШ 1600-110/150 (1600 тонаў/гадзіна) даўжынёй 150 мэтраў;
- прывады штангавых глыбінных насосаў ПШГНТ8-3-5500 (6 пампаваньняў балянсіраў за хвіліну), ПШГНТ10 і ПШГНТ12 (да 8,5 пампаваньняў балянсіраў за хвіліну) для здабычы нафты і вады з глыбінных скважынаў;
- выбрацыйныя прэсы М32-002 для вырабу ходнікавай пліткі (40 м²/гадзіна).
- лініі вытворчасьці напружаных жалезабэтоных шпалаў магутнасьцю 250 000 шпалаў за год;
- абсталяваньне для вытворчасьці — 4-мэтровых асбэстацэмэнтных трубаў СМА 256 з праходам на 10 і 15 см (94 за гадзіна), стружкава-цэмэнтных плітаў (12 000 за год) і хвалістага шыфэра СМА 170 (478 лістоў шырынёй 225 см за гадзіну);
- лініі вытворчасьці вогнетрывалай цэглы паўсухім (прэс СМ 1085В магутнасьцю 10 млн цаглінаў за год) і плястычным спосабам, керамічнай цэглы на аснове прэса СМК-435 (6000 цаглінаў/гадзіна; $217 тыс.)[4];
- заточныя (ЭТШ-1), сьвідравальныя (2М112) і такарныя (ТВ-7) станкі;
- замкі і зашчапкі, чыгунныя пліты і духоўкі, сьлясарны і садова-агародны інвэнтар.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына» мела звыш 500 адзінак вытворчага абсталяваньня і ўлучала 8 вытворчасьцяў:
- мэталаапрацоўка — фрэзэраваньне (дэталі памерам да 6×2×1,5 мэтру і вагой да 50 тонаў), тачэньне (дыямэтар ад 5 да 1600 мм і дыямэтар да 8 мэтраў), сьвірдаваньне, зубаапрацоўка, струганьне (дэталі памерам да 6,3×2×1,8 мэтру і вагой да 2,5 тоны) і шліфаваньне (станкі ZSTZ10 для модуля ад 2 да 250 мм і дыямэтра ад 8 да 125 см з дакладнасьцю да 7 мм) — 1) валаў дыямэтрам да 1 мэтру і даўжынёй да 8 мэтраў, 2) корпуса з габарытамі да 250×400×400 см і вагой да 40 тонаў, 3) зубчатых колаў модуля ад 2 да 20 і дыямэтрам да 2 мэтраў, 4) лініі вышынёй да 6 мэтраў, шырынёй да 12 мэтраў і даўжынёй да 70 мэтраў;
- цэх мэталаканструкцыяў у складзе 4-х участкаў (нарыхтоўчы, зборачна-зварачны, газарэзальны і кавальскі) дазваляў перапрацоўваць да 20 000 тонаў мэталапракату за год і вырабляць зварныя мэталаканструкцыі і корпусы да 30 тонаў з габарытамі да 4×3×1 мэтар;
- чыгуналіцейны цэх магутнасьцю 10 000 тонаў за год з чыгуна СЧ20-30 і ўчастак каляровага ліцьця пад ціскам на 250 тонаў за год;
- лінія гальванічнага пакрыцьця для электрахімічнага нанясеньня цынкавага пакрыцьця магутнасьцю 89 000 м² за год — участак храмаваньня мае ванны памерам 6×1×1 мэтар і 3,5×1,5×1 мэтар для дэталяў даўжынёй да 5,2 мэтру, лінія цынкаваньня ў барабане з габарытамі 120×80×100 см для дэталяў даўжынёй да 1 мэтру і ўчастак хімічнага аксыдаваньня з габарытамі 70×70×80 см для дэталяў памерам да 1 мэтру;
- інструмэнтальны цэх для вырабу прэсформаў, штампаў, рэжучых і вымяральных прыладаў;
- а) зварка — ручная дугавая, мэханізаваная ў вуглякіслым газе (дротам Сьв-08Г2С) і асяродзьдзі М21 (80% аргона і 20% вуглякіслага газу), аргонна-дугавая, паўаўтаматычная пад флюсам, кантактная кропкавая і шоўная, паў- і аўтаматычная наплаўка паверхні парашковым дротам і стужкай — аўстрыйскімі зварачнымі паўаўтаматамі Trans Steel 5000/3500 і беларускімі ВА-500/600 зварных канструкцыяў з габарытамі да 30×4×3,5 мэтру і вагой да 50 тонаў, б) падзяляльная тэрмічная рэзка — ручная газавая і плязьменная, аўтаматычная паветрана-плязьменная, тленавай дзідай, аўтаматычная плязьменная (таўшчыня мэтала да 25 мм) і газавая (таўшчыня да 30 см) на ўстаноўках EAGLE-2500 і КПР-1 (габарыты лістоў да 2×12 мэтраў);
- цэх тавараў народнага спажываньня магутнасьцю да 700 000 замкоў і зашчапак за год;
- лінія палімерных парашковых пакрыцьцяў магутнасьцю 100 000 м² за год[5].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1913 г. браты М. і А. Мазья адчынілі ў Магілёве (Расейская імпэрыя) медналіцейна-мэханічную майстэрню па Дняпроўскім праспэкце (цяпер Першамайская вуліца). У майстэрні выраблялі млыны, маслабойні і вінакурні, артэзіянскія калодзежы, плугі, косы і сякеры. У 1914 годзе ў майстэрні працавала 15 работнікаў. У 1917 г. прадпрыемства стала чыгуналіцейна-кацельным заводам братоў Мазья і Аранзон. Завод меў уласную краму і быў абанэнтам тэлефоннай сеткі Магілёва. У лістападзе 1918 г. бальшавікі нацыяналізавалі завод, які стаў вырабляць павозкі і рамантаваць аўтамабілі і паходныя кухні для Чырвонай арміі. У 1919 г. завод налічваў 27 супрацоўнікаў. У 1920 г. лік супрацоўнікаў вырас да 118 работнікаў і 17 службоўцаў. У 2-й палове 1921 г. прадпрыемства атрымала назву «7-ы чыгуналіцейны завод», які стаў вырабляць сельскагаспадарчыя машыны і прылады (конны прывад, веялка, малацілка, плуг, Барана і кацёл), абсталяваньне для млыноў, вінакурняў і лесапілак. У 1-й палове 1923 г. арцель работнікаў аднавіла завод пасьля прастою пад назвай «Адраджэньне»[6].
У 1926 г. завод «Чырвоны адраджэнец» меў 67 работнікаў (Беларуская ССР). У 1935 г. завод атрымаў імя Дзімітрава, увайшоў у склад Народнага камісарыяту цяжкай прамысловасьці СССР і налічваў 184 супрацоўнікі. У 1937 г. лік супрацоўнікаў вырас да 236. У ліпені 1941 г. завод вывезьлі ў Куйбышаў (Расейская СФСР), дзе сталі выпускаць авіярухавікі. Тым часам нямецкія акупанты стварылі на плошчах завода канцлягер. У 1946 г. завод аднавілі ў Магілёве пад назвай «Строммашына» (ад «будаўнічыя матэрыялы і машыны» па-рас.). Частку вырабаў паставілі ў 4 краіны Азіі (Інданэзія, Індыя, Іран і Турэччына) і 5 краінаў Эўропы (Баўгарыя, Вугоршына, Італія, Польшча і Францыя). У 1962 г. «Строммашыне» перадалі цэхі завода «Электрарухавік». У 1965 г. пачалі выраб грузавых і пасажырскіх ліфтаў. У 1973 г. вырабілі звыш 3400 ліфтоў. У 1987 г. «Строммашына» стала выпускаць абсталяваньне «СМК 350» для заводаў керамічнай цэглы (магутнасьць 75 млн цаглінаў за год). У выніку ў Расейскай СФСР пабудавалі заводы ў пасёлку Круглае (Чалябінская вобласьць), Варатынску (Калуская вобласьць) і Новакубанцы (Краснадарскі край). У 1995 г. прадпрыемства стала вырабляць вытворчыя лініі для выпуску жалезабэтонных, напружаных шпалаў і брусы стрэлачных пераводаў. У 1996 г. першую лінію паставілі на Ашгабадзкі завод жалезабэтонных шпалаў (Туркмэністан), магутнасьць якога склала 500 000 шпалаў. У 1998 г. пусьцілі лінію палімерных парашковых пакрыцьцяў магутнасьцю 100 000 м² за год. У 1999 гадзе завод «Строммашына» асвоіў рамонт збожжаўборачных камбайнаў «Дон-1500». У 2003 г. вырабілі першы прывад штангавай глыбіннай пампы ПШГНТ для сьвідравіны № 91 Залатавухінскага радовішча кіраўніцтва «Рэчыцанафта» УП «Беларуснафта»[6].
У 2009 г. пусьцілі лінію гальванічнага пакрыцьця. У студзені 2016 г. эканамічны суд Магілёўскай вобласьці прызнаў ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына» неплатаздольным і вылучыў 2,5 гады на яго фінансавае аздараўленьне[7].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- М. Мазья (1913 — лістапад 1917)
- Файбышэвіч (1 ліпеня 1920 — 1920-я)
- Уладзімер Саханько (1990-я — 2011)
- Генадзь Ануфрыенка (15 чэрвеня 2012[8] — 2015)
- Зьміцер Барэйка (з 2016-га)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 100-гадовы юбілей адзначае магілёўскі завод «Строммашына» // Агенцтва «Магілёўскія ведамасьці», 22 ліпеня 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Выраблянае абсталяваньне (рас.) // ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына», 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Тэхналягічныя магчымасьці (рас.) // ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына», 16 жніўня 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ а б «Строммашына» (Эканоміка Магілёўшчыны) // Магілёўская абласная бібліятэка, 2006 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Аляксей Арэшка. Сытуацыя на прадпрыемствах «Строммашына» і «Магілёўтрансмаш» разгледжаная на пасяджэньні прэзыдыюма Саўміна // БелаПАН, 8 лістапада 2016 г. Праверана 16 студзеня 2018 г.
- ^ Аляксандар Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытаньні // Зьвязда : газэта. — 16 чэрвеня 2012. — № 115 (27230). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |