Перайсьці да зьместу

Стары касьцёл (Вялейка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Стары касьцёл
Стары касьцёл
Стары касьцёл
Краіна Беларусь
Места Вялейка
Канфэсія Расейская праваслаўная царква
Архітэктурны стыль клясыцызм
Дата скасаваньня 1945

Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа[1][a] — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Вялейцы. Знаходзіўся ў цэнтры места, на рагу Рынку і Асіпаўскай вуліцы. Твор архітэктуры клясыцызму.

У другой палове XIX ст. помнік пацярпеў ад маскоўскай перабудовы пад царкву Сьвятога Георгія Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Па Другой сусьветнай вайне яго зьнішчылі савецкія ўлады.

Нерэалізаваны праект, 1840 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З XVI ст. Вялейка была цэнтрам староства Ашмянскага павету. Тады ж у старосьцінскім палацы пачала дзеяць каталіцкая капліца.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аўтэнтычны выгляд, 1861 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Вялейка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, капліца працягвала дзеяць. У 1810 годзе яна згарэла. У 1840 годзе зьявіўся праект касьцёла, дазволу на будаваньне якога, аднак, расейскія ўлады ня далі з прычыны актыўнага ўдзелу жыхароў Вялейкі ў вызвольным пастаўньні (1830—1831)[2]. У 1862 годзе кс. Севярын Мікутовіч пачаў будаваць у Вялейцы першы мураваны касьцёл. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) улады Расейскай імпэрыі адабралі незавершаны будынак (будаваньне спынілася на этапе ўнутранага аздабленьня[2]) у каталікоў і перадалі яго Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1874 годзе касьцёл перабудавалі ў маскоўскім стылі і асьвяцілі як Георгіеўскую царкву. Хоць Вялейка была цэнтрам дэканату, вернікі мусілі былі доўгі час карыстацца невялікай капліцай. Толькі па маніфэсьце аб свабодзе сумленьня ў 1906 годзе пачалося будаваньне новага мураванага касьцёла[3].

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі будынак не вярнулі каталікам, у ім працягвала дзеяць царква ПАПЦ.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі помнік. Пазьней на яго месцы паставілі прыбудову да ўнівэрсальнай крамы.

Помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта была 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з 5-граннай апсыдай і бакавымі закрысьціямі. Атынкаваныя фасады падзяляліся аркавымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасьценках і кутах.

Па маскоўскай перабудове галоўны фасад набыў 3-лопасьцевы франтон, над вежамі ўзьвялі высокія шатры з купаламі-цыбулінамі, над дахам у цэнтры — магутны 8-гранны барабам таксама з высокім шатром і купалам-цыбулінай.

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Касьцёл не пасьпелі кансэкраваць, таму гэта, відаць, меркаваны тытул
  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 399.
  2. ^ а б Ганчар С. Нерэалізаваная гісторыя: праекты цэркваў і касцёлаў, якія не былі пабудаваны ў Вілейцы // Шлях Перамогі. 21 сьнежня 2018 г.
  3. ^ Каталіцкія святыні / А. Яроменка. Ч. 1. — Менск, 2003. С. 70.
  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]