Перайсьці да зьместу

Сабор Сьвятой Тройцы (Хоцімск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
храм
Сабор Сьвятой Тройцы
2014 год
2014 год
Краіна Беларусь
Горад Хоцімск
Адрас вул. Кірава, д. 24[1]
Каардынаты 53°24′35″ пн. ш. 32°34′58″ у. д. / 53.40972° пн. ш. 32.58278° у. д. / 53.40972; 32.58278Каардынаты: 53°24′35″ пн. ш. 32°34′58″ у. д. / 53.40972° пн. ш. 32.58278° у. д. / 53.40972; 32.58278
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Магілёўская[2] 
Тып будынка сабор
Архітэктурны стыль шатровы
Аўтар праекту Уладзіслаў Сямёнавіч Міляноўскі[d]
Заснавальнік прыход Сьвятой Тройцы
Дата заснаваньня Травень 1873
Будаваньне 18611873 гады
Асноўныя даты:
1938закрыцьцё
1992вяртаньне прыходу
2004адліцьцё звону
Будынкі:
Прыбудоўкі 2: Казанскай іконы Багародзіцы, Мікалая Цудатворцы
Апошні плябан Кірыл (Бадзіч)[3]
Статус гісторыка-культурная каштоўнасьць
Стан дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Сабор Сьвятой Тройцы на мапе Беларусі
Сабор Сьвятой Тройцы
Сабор Сьвятой Тройцы
Сабор Сьвятой Тройцы
Сабор Сьвятой Тройцы на Вікісховішчы

Сабо́р Сьвято́й Тро́йцыхрысьціянскі храм аднайменнага праваслаўнага прыходу, адчынены ў траўні 1873 году ў Хоцімску (цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь).

Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычным Рынку. У ХХ стагодзьдзі прызнаны помнікам гісторыі 2-й паловы XIX ст. і ўлучаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Ёсьць творам архітэктуры эклектыкі часоў Расейскай імпэрыі (мураўёўкі).

Выгляд у 1892 годзе

11 чэрвеня 1861 году ў Хоцімску (Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня) заклалі сабор. У траўні 1873 году на Пяцідзясятніцу магілёўскі архіяпіскап Яўсевій асьвяціў яго ў гонар Сьвятой Тройцы, а яго прыбудовы ў гонар Казанскай іконы Багародзіцы і Мікалая Цудатворцы. У 1938 годзе савецкія ўлады зачынілі сабор, спалілі іконы ў двары райвыканкаму і разбурылі званіцу. Будынак прыстасоўвалі пад банк, школу мэханізаваньня, збожжасховішча і Дом культуры Хоцімскага раёну[4].

У 1941 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў саборы. У 1943 годзе яго пераўтварылі ў бастыён, але набажэнствы працягнулі ў драўлянай капліцы на могілках. Пасьля Нямецка-савецкай вайны будынак пераўтварылі ў збожжасховішча. У 1954 годзе яго аддалі пад Дом культуры Хоцімскага раёну (Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР). У 1990 годзе архімандрыт Кірыл (Бадзіч) сабраў звыш 8750 подпісаў прыхаджанаў за вяртаньне сабору[5]. У 1992 годзе сабор вярнулі прыходу. Прыхаджане пабудавалі 2 званіцы і аднавілі вежы купалоў. У 2004 годзе для сабору ў Хоцімску адлілі звон вагой 1280 кг[4]. У 2011 годзе пры саборы заснавалі штогадовы нацыянальны фэстываль званарства «Хоцімскія перазвоны»[6]. На 2013 год пры саборы працавала школа і духоўная гімназія на 170 дзяцей[5].

Прыклад эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі. Мае сярэдзінную крыжовую кампазыцыю. Да кубападобнага сярэдзіннага абсягу далучаныя аднолькавыя абсягі бакавых прыбудоваў і прытвору, паўкруглая апсыда з бакавымі рызьніцамі. Крылы сабору накрытыя пакатымі 2-схільнымі дахамі. Цыбулепадобныя купалы на шатрах 8-гранных барабанаў завяршаюць куты і 4-схільны дах асноўнага абсягу, шацёр званіцы. Атынкаваныя фасады аперазаныя прафіляваным карнізам, крапаваныя аркатурнымі фрызамі, надваконнымі броўкамі і арачнымі нішамі. Малітоўная заля падзяляецца на 3 нэфы 4-ма магутнымі пілёнамі, на якія празь ветразевыя скляпеньні абапіраецца 8-гранны сьветлавы барабан з купалам. Нэфы, прыбудовы і рызьніцы перакрытыя крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеньнямі, апсыда — конхай. Перад саборам месьціцца 3-арачная брама[7].

  1. ^ Кантакты (рас.) // Сабор Сьвятой Троіцы ў Хоцімску, 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2020 г.
  2. ^ Клімавіцкае дабрачыньне (рас.) // Магілёўская япархія, 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2020 г.
  3. ^ Духавенства (рас.) // Сабор Сьвятой Троіцы ў Хоцімску, 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2020 г.
  4. ^ а б Гісторыя (рас.) // Сабор Сьвятой Тройцы ў Хоцімску, 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2020 г.
  5. ^ а б Нэлі Зігуля. У госьці — да бацюшкі // Зьвязда : газэта. — 16 лістапада 2013. — № 216 (27581). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Фэстываль званарства (рас.) // Сабор Сьвятой Тройцы ў Хоцімску, 2020 г. Праверана 16 сакавіка 2020 г.
  7. ^ Анатоль Кулагін. Сьвята-Траецкі сабор (Хоцімскі раён) // Праваслаўныя храмы Беларусі / рэд. Генадзь Пашкоў, Людміла Календа. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2007. — 653 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-11-0389-4
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  513Г000538