Паційскі порт
Каардынаты: 42°9′12″ пн. ш. 41°39′37″ у. д. / 42.15333° пн. ш. 41.66028° у. д.
«Карпарацыя Паційскага марскога порта» | |
груз. „კორპორაცია ფოთის საზღვაო ნავსადგური“ | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Уздымаем сусьветны гандаль |
Заснаваная | 1858 |
Краіна | Грузія |
Разьмяшчэньне | край Самэгрэла-Зэма Сванэці |
Адрас | Поці, вул. Д. Агмашэнэбелі, д. 38[1] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | арэнда дока, пагрузка партовымі кранамі, фарбаваньне караблёў і ўльтрагукавое дасьледаваньне грузу |
Матчына кампанія | «Тэрміналы АПМ» (Нідэрлянды) |
Паці́йскі порт — найбольшы марскі порт Грузіі, заснаваны ў 1858 годзе.
На 2022 год апрацоўваў вадкія і сухія грузы, прымаў пасажырскія паромы. У 2021 годзе на порт прыпала 80 % кантэйнэрных перавозак Грузіі. Служыў брамай гандлю з Эўропай як для Грузіі, гэтак і для суседніх Азэрбайджану і Армэніі. Таксама яго апасродкавана выкарыстоўвалі для гандлю краіны Сярэдняй Азіі. Порт належаў нідэрляндзкаму прадпрыемству «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера» (Гаага) зь 2011 году. Ключавымі паслугамі былі: складзкое напаўненьне і выманьне самаходаў з кантэйнэраў з узважваньнем; арэнда дока і пагрузка партовымі кранамі, пескаструмянёвая апрацоўка і фарбаваньне корпусу, ланцуга і якара карабля, а таксама ўльтрагукавое дасьледаваньне грузу; пагрузка кантэйнэраў і самаходаў, перавалачных і небясьпечных грузаў. У порце працавалі 9 суднаходных лініяў[2]. Дзейнічала 15 прычалаў пры агульнай даўжыні набярэжнай 2900 мэтраў, звыш 20 набярэжных кранаў і 17 км чыгункі, якая злучалася праз чыгуначную сетку Грузіі з усімі гарадамі краіны. Наўпроставыя паромы хадзілі ў чарнаморскія парты Баўгарыі, Расеі і Ўкраіны[3]. Плошча порта складала 49 га.
Тэрміналы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год Паційскі порт меў 7 апэратараў тэрміналаў:
- ТАА «Пэйс Грузіі» (Тбілісі);
- ТАА «Трансфорд» (Тбілісі), якое напалову належала ААТ «Пэйс Грузіі», працавала на 4-х прычалах № 3, 4, 6 і 15, а таксама зь 2013 году валодала «Паційскім суднабудаўнічым заводам»;
- ТАА «ЮЦГ Транс», якое належала Давыду Якабашвілі);
- ТАА «Суднаходнае агенцтва Пэйс», якое належала ТАА «Пэйс Грузіі»;
- ТАА «Энэргія затокі» (Ірляндыя)[4];
- ТАА «Б і П», якое на 80 % належала «Трансфорду» і ажыцьцяўляла пагрузку сухіх і сыпкіх грузаў на прычалах № 8, 9 і 10;
- ТАА «Мэталэкс», якое на 52 % належала «Трансфорду» і ажыцьцяўляла пагрузку сыпкіх грузаў на прычале № 5[5].
Паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год Паційскі порт аказваў 3 віды паслугаў:
- кантэйнэрныя — па фітасанітранай і вэтэрынарнай праверцы падчас перагрузкі, перавозцы праз «Грузінскую чыгунку» і ўзважваньні грузаў[6];
- марскія — па буксіроўцы зьвязаным прадпрыемствам «Сьвіцэр» (Данія) буксірамі з азімутным кармавым прывадам, абслугоўваньні баржай, пагрузцы кантэйнэраў і колавых самаходаў, перавалачных і сыпкіх грузаў з выкарыстаньнем парома і чыгункі[7];
- складзкога захоўваньня — па бартавой ачыстцы і складзкой пагрузцы ў цяжкавікі, захоўваньні, ачыстцы і начыненьні кантэйнэраў на пляцоўцы тэрмінала[8].
Суднаходныя лініі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2022 год у Паційскім порце працавалі прадстаўніцтвы 9 суднаходных лініяў з:
- 3-х краінаў Азіі — «Басфорскае суднаходнае агенцтва» (Стамбул, Турэччына), «Марское камбінаванае суднаходзтва» (Хайфа, Ізраіль) і «Кітайская кампанія акіянічнага суднаходзтва» (Шанхай, Кітай);
- 6 краінаў Эўропы — «Вільгельмсэн» (Лысакер, Нарвэгія), «Маерск» (Капэнгаген, Данія), «Марская фрахтавая кампанія» (Парыж, Францыя), «Міжнароднае суднаходнае агенцтва Эканому» (Калітэя, Грэцыя) і «Міжземнаморская суднаходная кампанія» (Жэнэва, Швайцарыя)[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1828 годзе ў месьце Поці (Імэрэцінская вобласьць) пачалі будоўлю порта пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі. У 1858 годзе Поці абвясьцілі партовым местам. У 1863 годзе пачалі ўзводзіць насыпы і прычалы. У 1899 годзе местаначальнік Ніка Нікаладзэ склаў плян пашырэньня Паційскага порта за кошта места. 7 траўня 1905 году Паційскі порт пасьля разбудовы перадалі мескай грамадзкай управе. У 1920-я гады за часамі ўтварэньня Грузінскай ССР порт перадалі Грузінскаму марскому параходзтву. На прычалах усталявалі партовыя краны. Да порта падвялі 40 км чыгункі ад станцыі Цхакая на лініі Растоў-на-Доне—Самтрэдыя. Праз Паційскі порт пераважна правозілі манганавую руду, баксыты і вугаль, мэтал і абсталяваньне. У красавіку 1941 году ў порце разьмясьцілі Паційскую вайскова-марскую базу. У 1976 годзе яе замяніла 184-я брыгада Чарнаморскага флёту, якая знаходзілася ў Поці да 1992 году. У 2007 годзе прапускная здольнасьць порта склала 7,7 млн тонаў, істотная частка якой прыпадала на перавалку 185 тыс. 20-футавых кантэйнэраў. У красавіку 2008 году Ўправа ўкладаньняў Рас-эль-Хаймы з усходу Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў набыла 51 % паёў порта паводле канцэсіі на 49 гадоў. У 2009 годзе Ўправа ўкладаньняў Рас-эль-Хаймы набыла астатнія 49 % паёў. У красавіку 2011 году нідэрляндзкае прадпрыемства «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера» (Гаага) набыло 80 % паёў у порце, у які ўклала 85 млн даляраў на разбудову чыгункі і пабудову новай мытні[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сувязныя зьвесткі (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера» (Нідэрлянды), 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ а б Наш порт Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ а б Суднаходныя лініі і кантакты тэрміналаў у Поці (анг.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ Холдынг (анг.) // ТАА «Пэйс Грузіі», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ Абслугоўваньне кантэйнэраў у Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ Марскія паслугі ў Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- ^ Склад і захоўваньне грузаў у Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера», 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Адсочваньне кантэйнэраў у Поці (груз.) // ТАА «Тэрміналы Арнольда Пэтэра Мёлера» (Нідэрлянды), 2022 г. Праверана 5 красавіка 2022 г.
- Расклад суднаў у Поці (груз.)
- Расцэнкі ў Поці (анг.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |