Перайсьці да зьместу

Міхэіл Саакашвілі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхаіл Саакашвілі»)
Міхэіл Саакашвілі
груз. მიხეილ სააკაშვილი
Старшыня Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі
30 траўня 2015  9 лістапада 2016
Прэзыдэнт Пятро Парашэнка
Прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк
Папярэднік Ігар Паліца
Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны
13 лютага 2015  9 лістапада 2016
Прэзыдэнт Пятро Парашэнка
3-і прэзыдэнт Грузіі
20 студзеня 2008  17 лістапада 2013
Папярэднік Ніно Бурджанадзэ (в.а.)
Наступнік Георгі Маргвелашвілі
2-і прэзыдэнт Грузіі
25 студзеня 2004  25 лістапада 2007
Папярэднік Ніно Бурджанадзэ (в.а.)
Наступнік Ніно Бурджанадзэ (в.а.)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся21 сьнежня 1967 (58 гадоў)
Тбілісі, Грузінская ССР
ПартыяАдзіны Нацыянальны Рух
Адукацыяюрыст
Сужэнец Сандра Рулафс
Маці Гіўлі Аласанія[d]
Узнагароды
Подпіс
Сайт saakashvilimikheil.com

Міхэі́л Нікалазавіч Саакашві́лі (па-грузінску: მიხეილ სააკაშვილი, па-ўкраінску: Міхеіл Саакашвілі; нар. 21 сьнежня 1967, Тбілісі, цяпер Грузія) — грузінскі й украінскі палітычны і дзяржаўны дзяяч.

Прэзыдэнт Грузіі з 25 студзеня 2004 году да 2007 і з 2008 да 2013 году, старшыня партыі Адзіны нацыянальны рух, адзін зь лідэраў рэвалюцыі ружаў, у выніку якой быў адхілены ад улады Эдуард Шэварнадзэ. Старшыня Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі з 30 траўня 2015 году і дарадца Прэзыдэнта Ўкраіны з 13 лютага 2015 году[1], старшыня Дарадчай міжнароднай рады рэформаў Украіны з 13 траўня 2015 году[2].

У 1984 годзе скончыў з залатым мэдалём сярэднюю школу № 51 г Тбілісі. У 1992 годзе з адменнасьцю скончыў факультэт міжнароднага права інстытуту міжнародных адносін Кіеўскага ўнівэрсітэту. Як стыпэндыят кангрэса ЗША, быў накіраваны на навучаньне ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт (Нью-Ёрк), дзе ў 1994 годзе атрымаў ступень магістра права. У 1995 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю ва Ўнівэрсытэце імя Джорджа Вашынгтона (Вашынгтон). Вучыўся ў Страсбурскім інстытуце правоў чалавека, а таксама ў Акадэміі эўрапейскага права ва Флярэнцыі і ў Гааскай акадэміі міжнароднага права. Працаваў у Нарвэскім інстытуце правоў чалавека ў Осьлё, у нью-ёрскай юрыдычнай фірме Patterson, Belknap, Webb & Tyler, якая займалася прававым забесьпячэньнем нафтагазавых праектаў у СНД.

У 1995 годзе вярнуўся ў Грузію па запрашэньні свайго сябра Зураба Жванія. Быў абраны дэпутатам парлямэнта ад яго партыі «Саюз грамадзянаў Грузіі», якая падтрымлівала ў той час прэзыдэнта Эдуарда Шэварнадзэ. У 1996 годзе заняў пост старшыні парлямэнцкага камітэту па канстытуцыйных і юрыдычных пытаньнях. У жніўні 1998 году ўзначаліў парлямэнцкую фракцыю «Саюзу грамадзянаў Грузіі». Са студзеня 2000 году — прадстаўнік Грузіі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ). У кастрычніку 2000 году быў прызначаны міністрам юстыцыі Грузіі. У верасьні 2001 году падаў у адстаўку, абвінаваціўшы Эдуарда Шэварнадзэ й чальцоў яго ўраду ў карупцыі, пасьля чаго стварыў апазыцыйную палітычную арганізацыю «Нацыянальны рух», колькасьць якой пасьля вырасла да 20 тыс. З 2002 году — старшыня заканадаўчага сходу Тбілісі.

23 лістапада 2003 году ў выніку акцыяў пратэсту, арганізаваных партыяй «Нацыянальны рух» Міхэіла Саакашвілі сумесна з Зурабам Жванія і сьпікерам парлямэнта Ніно Бурджанадзэ, Эдуард Шэварнадзэ быў змушаны сысьці ў адстаўку. На выбарах прэзыдэнта Грузіі 4 студзеня 2004 году за Міхэіла Саакашвілі прагаласавалі 96,27% выбарнікаў. 25 лістапада 2007 сышоў у адстаўку ў сувязі з пачаткам кампаніі па падрыхтоўцы да датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных пад ціскам апазыцыі. 5 студзеня 2008 году на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах набраў 53,33% галасоў, асноўны супраціўнік Саакашвілі Леван Гачэчыладзэ атрымаў 25,69% галасоў, трэцяе месца заняў Бадры Патаркацышвілі з вынікам 7,1%.

У лістападзе 2013 году зьехаў з Грузіі. 28 ліпеня 2014 году Галоўная пракуратура Грузіі выклікала Саакашвілі на допыт наконт разгону мітынгу 7 лістапада 2007 году, разгорму тэлекампаніі «Імеды» і завалоданьня маёмасьцю Бадры Патаркацышвілі. Расьсьледаваньне вялі паводле 333-га артыкула Крымінальнага кодэксу Грузіі «Перавышэньне службовых паўнамоцтваў з прыніжэньнем асабістай годнасьці пацярпелага», што прадгледжвала да 8 гадоў зьняволеньня[3].

З 29 траўня 2015 году мае ўкраінскае грамадзянства[4]. 30 траўня таоа ж году стаў старшынём адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі[5].

Міхэіл Саакашвілі жанаты з Сандрай Рулафс, выхоўвае двох сыноў — Эдуарда й Нікалаза.

У кастрычніку 2021 году Саакашвілі быў арыштаваны пасьля незаконнага вяртаньня ў Грузыю з эміграцыі з 2013 году. Гэты жэст ён патлумачыў гатоўнасьцю змагацца разам са сваімі суайчыньнікамі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]