Перайсьці да зьместу

Мікалай Селяшчук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Селяшчук
Дата нараджэньня 4 жніўня 1947(1947-08-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 25 верасьня 1996(1996-09-25) (49 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці утапленьне[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, экслібрысіст, графік
Навуковая сфэра графіка[d][1], малярства[1] і Эксьлібрыс[1]
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь

Мікала́й Міха́йлавіч Селяшчу́к (4 жніўня 1947, Велікарыта, Маларыцкі раён Берасьцейскай вобласьці — 25 верасьня 1996, Італія) — беларускі мастак. Вядомы працамі ў графіцы, станковым жывапісе, жывапісе і эксьлібрысе.

Міколай Селяшчук нарадзіўся ў сям’і рабочых. У 10-гадовым узросьце ў 1957 годзе разам з бацькамі пераехаў у вёску Пугачова, якая сёньня ў межах Берасьця. У Берасьці вучыўся ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам Пятра Данэліі. Скончыў сярэднюю школу № 4 г. Берасьця. Год працаваў у Берасьцейскім гарнізонным Доме афіцэраў на пасадзе мастака-рэкляміста.

У 1965 годзе паступіў у Менскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава на аддзяленьне жывапісу. У 1968 годзе пайшоў служыць у войска. Пасьля службы ў Савецкай арміі заканчваць вучэльню ня стаў і адразу пасьля дэмабілізацыі ў 1970 годзе паступіў на катэдру графікі ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе ў той час выкладалі Пётар Любамудраў, Васіль Пятровіч Шаранговіч. На працягу шасьці гадоў навучаньня быў старастам групы. На трэцім і чацьвёртым курсах быў ленінскім стыпэндыятам. У 1976 годзе скончыў вучобу на выдатна па спэцыяльнасьці мастак-графік.

Сябра Беларускага саюзу мастакоў (з 1977). Стаў стыпэндыятам Саюзу мастакоў СССР.

Мастак заўжды зь вялікім гонарам і задавальненьнем падкрэсьліваў свае вельмі цёплыя і шчырыя адносіны да беларускай спадчыны, надаючы ёй сучаснае мэтафарычнае, сымбалічнае прачытаньне. Ягоныя работы прымушалі беларускае грамадзтва ня толькі захапляцца, але і задумвацца над сэнсам сучаснага жыцьця ў пераломныя 1980-я і 1990-я гады.

Міколу Селяшчука называюць адным са знакавых беларускіх мастакоў другой паловы XX ст. Ён стаў нефармальным лідэрам новага пакаленьня, прызнаным аднадумцамі і калегамі па мастакоўскім цэху. Сёньня гэтае пакаленьне фарміруе палітру беларускай культуры. У першай палове 1990-х асабліва актыўна прадаваўся, гастраляваў з выставамі па Беларусі і за мяжой. Быў тварам новай — эўрапейскай — мастацкай Беларусі. Быў нацыянальным брэндам. Творы мастака экспанаваліся ў Беларусі, Расеі, Летуве, Эстоніі, Азэрбайджане, Вугоршчыне, Польшчы, Баўгарыі, Чэхіі, Славаччыне, Італіі, Канадзе, ЗША, Грэцыі, Гішпаніі, Інданэзіі, Бэльгіі, Францыі, Шры-Ланцы, Японіі, Фінляндыі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Партугаліі.

Трагічна загінуў у Італіі падчас турыстычнай вандроўкі зь сябрамі-мастакамі падчас купаньня ў Тырэнскім моры. Пахаваны ў Берасьці, на Камяніца-Жыравецкіх могілках.

Пры жыцьці Мікола Селяшчук ня ўбачыў сваёй першай пэрсанальнай выставы ў Нацыянальным мастацкім музэі. Першая яго пэрсанальная выстава «Дарога дадому» адбылася ў Нацыянальным мастацкім музэі ўжо пасьля яго сьмерці і была прысьвечаная 60-годзьдзю з дня нараджэньня Міколы Селяшчука. У экспазыцыі былі прадстаўленыя больш за шэсьцьдзясят яго твораў — графічныя лісты, эксьлібрысы, жывапісныя палотны.

Жывапіс і графіка Мікалая Селешчука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюзу мастакоў, Дзяржаўнай Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве, Галерэі Хагельстам у Хэльсынкі (Фінляндыя), Салёне Сьціва Каплянскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінэапалісу (ЗША), у Музэі сучаснага расейскага мастацтва ў Нью-Джэрзі (ЗША), у Музэі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінэі, у Галерэі Кастакі ў Атэнах (Грэцыя), у музэі Мальбарку (Польшча) і музэі Шлёсбургу (Нямеччына), у Бібліятэцы Кірылы і Мятода (Баўгарыя), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канады, ЗША, Ізраілю, Летувы, Чэхіі, Славаччыны, Расеі, Нямеччыны[2].

У 2007 г. Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі меў толькі 12 жывапісных твораў Міколы Селяшчука. Значная колькасьць твораў гэтага мастака знаходзіцца ў іншых музэях і прыватных калекцыях, у тым ліку замежных[3].

Працаваў ў станковай і кніжнай графіцы, станковым жывапісе, жывапісе і эксьлібрысе.

Першыя гады творчасьці прысьвечаныя графіцы: Мікола Селяшчук стварыў вялікую колькасьць станковых работ і кніжных ілюстрацыяў. У 1980-я гады выйшлі аформленыя ім дзіцячыя кнігі: зборнік беларускіх народных казак «Бацькаў дар», асобнае выданьне казкі «Прагны багацей», кніга вершаў Рыгора Барадуліна «Індыкала-Кудыкала». Значнай працай Селяшчука гэтага кірунку стала афармленьне паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» (1990). Мікалай Селяшчук таксама аздобіў кнігі паэзіі «Слухаю сэрца», «Такое кароткае лета» Раісы Баравіковай, «Пара любові і жалю» Яўгеніі Янішчыц, «Усьміхніся мне» Янкі Сіпакова, «Скарб» Зьмітрака Бядулі, раман-эсэ «Як агонь, як вада» Алега Лойкі і іншыя.

Адметнымі рысамі стылістыкі жывапісных кампазыцый аўтара зьяўляюцца разгорнутая апавядальная алегорыя, ёмістая мэтафара, сымболіка. Мастак выкарыстоўваў элемэнты сюррэалізму, фантасмагорыю і гратэск. Кніжная графіка мастака насычаная дэкаратыўнымі дэталямі, фантастычнымі выявамі, прадметамі побыту і адзеньня.

Адзнакі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастак узнагароджаны 18-цю дыплёмамі ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў кніжнай графікі.

У 1989 годзе Мікола Селяшчук на біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе атрымаў залаты мэдаль і дыплём.

У 1992 годзе стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за сэрыю графічных аркушаў «Сьвяты» («Каляды», «Гуканьне вясны», «Вербніца»), за цыкл карцін «Мая Беларусь», за ілюстрацыі да кніг «Сымон-музыка» Якуба Коласа і «Сказки белорусских писателей». Узнагароджаны дыплёмам мэрыі Атэнаў (Грэцыя). Таксама ў 1992 годзе біяграфічным цэнтрам Кэмбрыдзкага ўнівэрсытэту быў прызнаны чалавекам году ў галіне культуры.

Атрымаў дыплёмы «За выдатныя дасягненьні ў ХХ стагодзьдзі» (1991—1993).

У 1995 годзе атрымаў прэмію году «Сустрэчы на Раство». Абраны акадэмікам жывапісу грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва», віцэ-прэзыдэнтам БелАВМ.

  • Селяшчук Мікалай Міхайлавіч // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. — С. 316.
  • Селяшчук Мікалай Міхайлавіч // Беларускі саюз мастакоў: энцыкл. даведн. Мінск, 1998. С. 492.
  • Мікола Селяшчук [Выяўленчы матэрыял] : альбом — каталог твораў мемарыяльнай выстаўкі «Вяртанне дадому» / аўт. тэксту і ўклад. Наталля Шаранговіч; пер. на англ. мову Н. Петрашкевіч; фота: Я. Коктыша [і інш.]. — Мінск : Культура і мастацтва, 2008. — XX, [107] с. : іл., партр. — У надзаг.: Нац. маст. музей Рэсп. Беларусь, Грамад. аб’яд-не «Беларус. саюз мастакоў». — Тэкст беларус., англ. — ISBN 978-985-90022-5-0
  • Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў : успаміны, эсэ, дзеннікі / уклад. Наталля Шаранговіч. — Мінск : Маст. літ., 2007. — 335 с : партр., іл. — (МБ : мастакі Беларусі). — Тэкст беларус., рус. — ISBN 978-985-02-0941-2